Вы тут

Сасна — скарбонка вітамінаў зімой


Некаторыя навукоўцы сцвярджаюць, што многія вітаміны з гародніны і садавіны знікаюць ужо праз тры месяцы пасля таго, як іх пазбавілі мацярынскага падсілкоўвання (г.зн. сарвалі з дрэва або выкапалі з зямлі). А што ж узімку?


Прырода ўсё прадугледзела і не пакінула нас у бядзе. У паўночных краях растуць вечназялёныя дрэвы і хмызнякі. Гэта — хвоі, елкі, ядловец. Іх іголкі (перайначанае лісце) зімой утрымліваюць у сабе вітаміну С нават больш, чым улетку. Утрымліваюць усе віды хваёвых дрэў і вітаміны групы В (В1, В2), К, Р, правітамін А (карацін), шматлікія мікраэлементы і іншыя карысныя для чалавека рэчывы (эфірны алей, смалу, таніды).

У цяжкія дні блакады Ленінграда была арганізавана масавая вытворчасць хвойнага напою, які выратаваў жыццё многім людзям. Бо ўстаноўлена, што ў шклянцы хвойнага напою столькі ж вітаміну С, колькі ў шклянцы лімоннага і таматнага соку.

Падчас вайны хвойны напой ужывалі і салдаты, якія трапілі ў акружэнне, і параненыя ў шпіталях, і партызаны, і выхаванцы дзіцячых дамоў.

Каб прыгатаваць гэты напой, бяруць шклянку здробненай ігліцы, расціраюць яе ў ступцы, заліваюць 0,5 л халоднай гатаванай вады, настойваюць 1—2 сутак, працэджваюць і выпіваюць увесь атрыманы аб'ём вадкасці малымі порцыямі за двое сутак. Добра дадаваць у гэты напой трошкі журавінавага або яблычнага соку (чайную лыжку ў шклянку настою) ці ўжываць упрыкуску з 1 чайнай лыжкай мёду. Толькі варта мець на ўвазе, што галінкі са свежай ігліцай, якія ляжаць у снезе, захоўваюць вітамін С на працягу трох месяцаў, а тыя, што знаходзяцца ў пакоі, пачынаюць губляць вітаміны ўжо на трэція суткі.

Усім вядома, што хвоя, елка, ядловец ачышчаюць паветра ад шкодных газаў, пылу, небяспечных мікраарганізмаў і насычаюць яго карыснымі фітанцыдамі, духмянымі эфірамі. Не дзіва, што менавіта ў хваёвых барах будуюць санаторыі для хворых на сухоты.

Фармацэўтычная прамысловасць вырабляе з хвоі шэраг прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні многіх захворванняў. А я прапаную шаноўным чытачам рэцэпт сасновага мёду: 1 кг пупышак, абавязкова сабраных у красавіку, заліць 3 л кіпеню, варыць на малым агні паўгадзіны. Дадаць 3 кг цукру, яшчэ варыць 3—5 хвілін і ў цёплым выглядзе разліць у чыстыя сухія слоікі. Прымаць па 1 чайнай лыжцы з гарбатай на працягу аднаго тыдня пры прастудных захворваннях.

Жадаю ўсім добрага здароўя!

Лідзія НАВІЧЫХІНА, трававед

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.