Стала добрай традыцыяй прыходзіць з дабрачыннымі акцыямі ў дзіцячыя дамы. Але мала хто задумваецца аб тым, што сіротам патрэбна дапамога і тады, калі яны пакідаюць сцены ўстановы. Ім рана даводзіцца сталець. Не так проста даецца пераход з-пад апекі дзяржавы да самастойнага жыцця. Калі няма падтрымкі бацькоў, многія ледзь зводзяць канцы з канцамі. У той час як іх равеснікі яшчэ могуць працягваць вучыцца і вяртацца пасля заняткаў на матуліны бліны, бязбацькавічам даводзіцца самім сябе забяспечваць. Але ці можна разлічваць на высокія заробкі, калі табе ўсяго 18?
Няроўныя шанцы
Уласна, шлях у дарослае жыццё ў выпускнікоў дзіцячых дамоў пачынаецца ўжо ў 15—17 гадоў — большасць сірот паступаюць у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Праўда, і тут яны яшчэ застаюцца пад наглядам. Ім выдзяляюцца інтэрнаты, сацыяльна-псіхалагічныя службы курыруюць падлеткаў. І для многіх сірот гэта магчымасць затрымацца ў знаёмым асяроддзі — калі знаходзішся на поўным дзяржзабеспячэнні, не трэба на сябе ўзвальваць адразу процьму праблем: бытавых, эканамічных, сацыяльных...
Некаторым сіротам даводзіцца сутыкацца з непрыманнем грамадства. Часта знаходзяцца ахвочыя папракнуць «дармавой» кватэрай. Маўляў, чаго даваць яе людзям са складаным мінулым і няпэўнай будучыняй, яе трэба заслугоўваць.
Але мала хто задумваецца, што для адзінокіх маладых людзей такі падарунак дзяржавы, як жыллё — усяго толькі спроба хоць крыху ўраўняць шанцы ў барацьбе за месца пад сонцам. Усё ж сваё самастойнае жыццё ім даводзіцца пачынаць з нуля. Прычым вучыцца не толькі весці ўласную гаспадарку і зарабляць грошы, але і наладжваць кантакты. Бо адна справа, калі ты знаходзішся ва ўстанове з усталяваным рэжымам і правіламі, і зусім іншая, калі выходзіш у вялікі свет.
Ці многія дамашнія хлопчыкі і дзяўчынкі ў такім узросце гатовы да самастойнага жыцця? Але ў іх недахоп ведаў і ўменняў кампенсуецца бацькоўскай падтрымкай. Куды складаней выжываць, калі ў цябе нікога няма і, па сутнасці, ты нікому не патрэбны. Акрамя таго, часта бязбацькавічы могуць прайграваць на рынку працы. Не таму, што ў іх меншы патэнцыял, проста стартавыя ўмовы ў сірот іншыя. Рэдка выпускнікі дзіцячых дамоў атрымліваюць вышэйшую адукацыю.
Гены?
На жаль, нярэдка сацыяльныя сіроты капіруюць жыццё сваіх бацькоў. Алкаголь, наркотыкі, дрэнныя кампаніі, крымінал. Некаторыя выпускнікі дзіцячых дамоў проста не разумеюць, што рабіць з нарэшце атрыманай свабодай. Хтосьці пачынае «фестываліць», каб не думаць пра дарослыя праблемы, што раптам зваліліся на галаву. А вярнуцца ў «цвярозае» жыццё зусім не проста.
Часам сіроты самі становяцца няўдалымі бацькамі...
Чаму адбываецца такі паўтор лёсаў і як вырвацца з няўдалага жыццёвага кола, спрабую высветліць у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання Ленінскага раёна горада Мінска.
— Як ні дзіўна, ніхто з дзяцей пра сваіх бацькоў, пазбаўленых правоў, не гаворыць дрэнна. Нават калі яны памятаюць, што дома былі п'янкі, скандалы, даводзілася сядзець галоднымі, прапускаць школу. На мой погляд, нейкая ломка адбываецца ў асяроддзі, пазбаўленым сям'і. Трэба шукаць новую форму ўладкавання дзіцячых устаноў, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі маглі б пераймаць такія мадэлі паводзін, якія спатрэбяцца для самастойнага жыцця, — разважае загадчык аддзялення суправаджальнага пражывання Юлія Кошкіна. — Многія маладыя людзі слаба ўяўляюць, што рабіць з атрыманым жыллём. Яны не ведаюць, як прадукты з'яўляюцца на стале, гатуюцца. Яны хочуць мець многа грошай, але не разумеюць, што для гэтага трэба прыкладаць пэўныя намаганні. Парушаны прычынна-выніковыя сувязі. Іншыя мараць адразу пра вялікія заробкі, не жадаюць ісці на работу за 300 рублёў, і даводзіцца тлумачыць, што трэба хоць бы з нечага пачынаць. У такім узросце няма да канца і разумення адказнасці, прычым не толькі за сябе. Дзяўчаты рана становяцца мамамі. У працэнтах васьмідзесяці яны не замужам і выхоўваюць дзетак адны.
Дзве дзяўчыны з ліку былых выхаванак сіроцкіх устаноў у раёне ўжо самі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Але разам з тым тут ёсць маладыя мамы, якія, нягледзячы на нявопытнасць, памылкі, складанасці, спрабуюць змагацца за сваю маленькую сям'ю. Сацыяльныя работнікі курыруюць дзяўчынку, якая нядаўна нарадзіла хлопчыка.
— Калі яна была цяжарнай, мы бачылі, наколькі для яе гэта чаканае дзіця, — расказвае Юлія. — Часта выхаванцы дзіцячых дамоў падтрымліваюць сувязь са сваімі бацькамі. Тут маці схіляла дачку зрабіць аборт. Але атрымала адказ: «Я не буду такой, як ты, нараджу дзіця і выхаваю!» І мы спадзяёмся, што ў дзяўчыны ўсё атрымаецца.
З новымі абавязкамі ўдаецца спраўляцца дзевятнаццацігадовай Дашы, у якой хоць шлюб і не зарэгістраваны, тата дапамагае расціць малога. Акрамя таго, дзяўчыну фінансава падтрымліваюць «італьянскія бацькі», да якіх яна ездзіла, калі яшчэ жыла ў інтэрнаце. Усё ладзіцца ў 22-гадовай Наташы: яна змагла знайсці і працу, і мужа, разам з якім гадуе дзіця. У Марыі — наогул ужо трое чароўных дзетак і, нягледзячы на тое, што так складана падымаць пагодкаў, цудоўныя ўзаемаадносіны з мужам. Дзяўчаты сталі клапатлівымі, пяшчотнымі, любячымі мамамі.
Калі былыя выхаванцы інтэрнатаў дзеляцца марамі, аказваецца, што нават хлопчыкі хочуць сваю сям'ю. Прычым у планах з дзеткамі «пазначаюць»: «Зараз яшчэ рана, але праз годзік можна».
У голых сценах
Цэнтр тэрытарыяльнага абслугоўвання суправаджае сірот ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў. Інфармацыю пра сваіх падапечных сацыяльныя работнікі атрымліваюць яшчэ да таго, як хлопцы і дзяўчаты пакінуць дзіцячыя дамы ці інтэрнаты пры навучальных установах. Як правіла, з моманту набыцця сіроцкага статусу за дзецьмі замацоўваецца жыллё. Але бываюць і такія выпадкі, калі ім фактычна няма куды вяртацца. Напрыклад, калі бацькі, пазбаўленыя правоў, жылі ў інтэрнатах ці ў службовых кватэрах, месца за сіротамі не замацоўваецца. «Мы загадзя ўключаемся і спрабуем вырашаць падобныя пытанні. Што датычыцца атрымання сацыяльнага жылля — гэта справа, якая хутка не вырашаецца, тут патрэбны год і болей, — расказвае Юлія Кошкіна. — Часта сіроты вяртаюцца ў кватэры да сваіх пазбаўленых правоў бацькоў, з якіх нямногія за гэты час змяняюцца да лепшага. Так, адной з выхаванак інтэрната давялося сяліцца ў двухпакаёвую кватэру, дзе пражывала 9 чалавек, прычым тулілася дзяўчына ў адным пакоі з бабуляй і бацькам, які не перастаў піць. У пошуку выйсця сацработнікі нават дамовіліся з адзінокай бабуляй, якую абслугоўвае цэнтр, на тое, каб дзяўчынка часова пажыла ў яе. Але праблема вырашылася сама сабой — тату на год забралі ў ЛПП».
Калі раней сацыяльныя кватэры сіротам давалі ў новабудоўлях, то ў мінулым годзе гэта было другаснае жыллё. Часта ім даставаліся кватэры, папярэдніх жыльцоў з якіх выселілі за няўплату. Як правіла, жылплошча патрабавала сур'ёзнага рамонту, траплялася нават без сантэхнікі. І каб не падтрымка добрых людзей, многім сіротам давялося б пачынаць сваё жыццё ў голых сценах.
Раз у квартал сацыяльныя работнікі абвяшчаюць акцыі, у межах якіх адзінокай моладзі можна перадаць рэчы: спачатку патрэбна ўсё — ад відэльцаў і пасцельнай бялізны да мэблі. Званкоў паступае многа: людзі прапануюць разнастайную тэхніку, у тым ліку і буйную (халадзільнікі і пральныя машыны), шторы і карнізы, сталы і крэслы, шафы і паліцы. Сёння маецца патрэба ў дзіцячых рэчах, дзяўчатам, якія ў адзіночку спраўляюцца з немаўлятамі, неабходны каляскі, адзенне, дзіцячае харчаванне, падгузкі (перадаваць дапамогу можна на Дзянісаўскую, 4, звязвацца па нумары 380-07-58).
Усё атрымаецца!
Трэба сказаць, што некаторыя выпускнікі дзіцячых інтэрнатаў да падобнай дапамогі ставяцца вельмі насцярожана. Рэдкія індывідуумы спекулююць на сваім статусе і носяцца з пасведчаннямі, каб выбіць для сябе нейкія даброты. У большасці маладыя людзі нават у размовах імкнуцца пазбягаць свайго сіроцкага мінулага, быццам саромеюцца яго.
Дваццацігадовы Віктар дзякуючы акцыі паспеў абставіць сваю кватэру і дапамагчы абяздоленай жанчыне. Пры абследаванні тых, хто адзінока пражывае, сацыяльныя работнікі заўважылі, што кабета знаходзілася ў зусім пустой кватэры, спала на падлозе. Віктар завёз ёй ложак.
Мікалаю 21 — ён паступова абжываецца ў сацыяльнай кватэры. Хлопец адмовіўся ад дапамогі тэхнікай і мэбляй, якія былі ва ўжыванні, пастаянна адкладае грошы на новыя рэчы — то крэсла купіць, то на халадзільнік назбірае.
Пакрысе абстаўляе кватэру і 19-гадовая Каця. Дзяўчынкай яе забралі з сям'і ў сувязі з хваробай маці. Сёння Кацярына падтрымлівае адносіны з мамай, апякае яе.
Марыя ў свае 23 паспела папрацаваць і аператарам таксі, і вадзіцелем. Вельмі ўважлівая, дзяўчына знайшла неадпаведнасць у камунальных плацяжах, і нават змагла вярнуць пераплату.
Але некаторым былым выхаванцам не так проста разабрацца з бытам. Ёсць і такія, каго даводзіцца ледзь не за ручку вадзіць і паказваць, якія дакументы неабходны для вырашэння жыллёвых пытанняў.
— На мой погляд, лепш, каб выдзяленне сацыяльнага жылля адбывалася крыху пазней. Часам сутыкаешся з поўным неразуменнем тых, хто атрымаў яго ў раннім узросце. Не ўсе гатовыя аплачваць камунальныя паслугі, прычым рабіць гэта рэгулярна, каб не было запазычанасці, — заўважае Юлія Кошкіна.
Закрытае жыццё ў інтэрнаце сказваецца тым, што былым выхаванцам часам не хапае сяброў. І добра, калі ў некаторых з іх ёсць бабулі, дзядзькі, старэйшыя браты ці сёстры, якія ўжо змаглі прабіцца ў нармальнае жыццё і стварылі ўласныя сем'і. Часта са сваімі асабістымі праблемамі хлопцы і дзяўчаты ідуць да сацыяльных работнікаў. Гэта толькі здаецца, што паўналетніх позна чамусьці вучыць. І ў такім узросце неабходныя падтрымка і добрае слова. Дабрачынныя ж акцыі дапамагаюць вярнуць веру ў людзей. Калі адчуваеш, што свет вакол не халодны і варожы, а дружалюбны, куды прасцей паверыць, што ў тваім жыцці ўсё будзе добра.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Пра тое, чым вызначаецца якасць праекта на тэлебачанні, ці магчыма пераняць сакрэт чужога поспеху і як не выгарэць у няспынным руху.
З павагай ставіцца да пакупнікоў.
Наперад да актыўнага даўгалецця.