Вы тут

Як устанавіць бацькоўства?


З аднаго з раёнаў (па этычных меркаваннях не называем нават яго, не кажучы ўжо пра іншыя падрабязнасці справы) з не зусім звычайным пытаннем у рэдакцыю звярнулася пажылая заяўніца. Папрасіла падказаць, дзе можна зрабіць тэст на ДНК. Зноў жа не ўдаючыся ў канкрэтыку (ды і сувязь, калі шчыра, была не вельмі добрай), сутнасць праблемы ў наступным: у сына жыхаркі адной з вёсак раёна ёсць жанчына (калі мы правільна здагадаліся, грамадзянская жонка). У пары маюцца дзеці. Бабуля хацела б «праверыць» унукаў, іншымі словамі, пацвердзіць бацькоўства свайго сына. Куды для гэтага можна звярнуцца?


У інтэрнэце можна раз-пораз пабачыць аб'явы фірмаў, якія прапануюць такія паслугі. Але, як нам растлумачылі спецыялісты, неабходныя аналізы яны праводзяць за мяжой. Лепш у выпадку такой неабходнасці звярнуцца ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь. Адно з яго галоўных упраўленняў — судова-медыцынскіх экспертыз — праводзіць платныя біялагічныя і генетычныя экспертызы.

Паколькі, паўторымся, сувязь з заяўніцай была не вельмі добрай, а сваіх кантактаў яна не пакінула, спаслаўшыся на тое, што размаўляе з чужога тэлефона, будзем зыходзіць з наступнай меркаванай інфармацыі. Па-першае, што ўсе зацікаўленыя бакі — бацькі і дзеці — жывыя. Па-другое, унукі жанчыны — непаўналетнія. Ад гэтых дзвюх акалічнасцяў залежыць алгарытм дзеянняў і заяўнікаў, і спецыялістаў.

— Пытанне правядзення патрэбнай экспертызы можна вырашыць двума шляхамі: добраахвотна, звярнуўшыся самастойна да нас, і ў судовым парадку, калі суд прызнае неабходным атрыманне экспертнага заключэння і абавязвае бакі прайсці экспертызу, — уводзіць у курс справы намеснік начальніка аддзела генетычных экспертыз упраўлення судова-біялагічных экспертыз Мікалай Кузуб. — У абодвух выпадках ініцыятыва павінна зыходзіць ад некага з бацькоў, бабуля, ваша заяўніца, не мае права ўмешвацца ў гэта, калі не з'яўляецца іх прадстаўніком.

Як расказаў далей суразмоўца, калі дзецям да 18 гадоў, згода на правядзенне экспертызы і прысутнасць падчас яе маці абавязковая. Калі дзеці ўжо паўналетнія, як дарослыя людзі, яны самі маюць права вырашаць, звяртацца да экспертаў ці не. У апошнім выпадку пры жаданні яны могуць прайсці экспертызу з адным з бацькоў. Тут можна абысціся нават без маці, але дакладнасць вынікаў даследавання будзе меншай.

— Аналіз здаецца наступным чынам: кроў з пальца і сліна. Кошт праходжання экспертызы на траіх — бацька, маці, дзіця — зараз складае 224 рублі 18 капеек. Гэта калі мы гаворым аб пазасудовым яе правядзенні. У судовым парадку за экспертызу давядзецца заплаціць крышачку менш — 219 рублёў 59 капеек, — расказаў Мікалай Мікалаевіч. — Тэрміны правядзення пасля падачы заявы і ўнясення аплаты з улікам наяўнасці-адсутнасці чаргі — як правіла, да аднаго месяца.

Карыстаючыся выпадкам, мы задалі Мікалаю Кузубу і некалькі журналісцкіх пытанняў у тэму.

Так, паводле слоў суразмоўцы, па заявах грамадзян у сярэднім за месяц праводзіцца 10—12 падобных экспертыз па ўстанаўленні бацькоўства. Гэта лічба па цэнтральным апараце, бо існуюць і органы Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз у абласцях. Грамадзяне маюць права звяртацца ў любы з іх па сваім выбары. Што датычыцца статыстыкі, экспертыза не пацвярджае бацькоўства канкрэтнага чалавека недзе ў 20 працэнтах выпадкаў зваротаў па яго ўстанаўленні, і лічба гэтая застаецца амаль нязменнай цягам доўгага часу.

Тыя, хто мае патрэбу ў паслузе па ўстанаўленні бацькоўства, могуць звяртацца ў сталіцы па адрасе: Валадарскага, 2А. Тэлефон медрэгістратара — 218 77 79. Па ім заяўнікам могуць больш падрабязна папярэдне растлумачыць усю патрэбную інфармацыю для звароту да экспертаў асабіста.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хачу «праверыць» сваіх унукаў»,

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».