26 верасня, субота

Вы тут

Якія перашкоды стаяць на шляху сельскага прадпрымальніка?


Мы ўжо, здаецца, прывыклі да выказванняў на ўсіх узроўнях пра неабходнасць рацыянальнага выкарыстання будынкаў былых гандлёвых і сацыяльных аб'ектаў. Чыноўнікі заяўляюць з трыбун, а мы, журналісты, перыядычна і спраўна пішам, як важна прадаваць альбо аддаваць хоць бы за адну базавую пустыя школы, крамы, клубы... Абы толькі знаходзіліся людзі, якія змогуць удыхнуць у іх жыццё, стварыць хоць колькі новых рабочых месцаў. Заўсёды пад рукой ёсць лічбы, каб праілюстраваць «актыўны працэс», які ідзе ў гэтым кірунку. А вось калі даходзіць да справы ў тым ці іншым канкрэтным месцы...


Вёска Тэўлі Кобрынскага раёна — зусім не забыты Богам край. Гэта сучасны населены пункт, у які нядаўна праведзены газ, а чыгуначная станцыя робіць вёску яшчэ больш значнай. Тут прыпынак робяць нават асобныя маскоўскія цягнікі, не кажучы пра штодзённыя электрычкі баранавіцка-мінскага напрамку. За 10 кіламетраў ад Тэўляў знаходзіцца папулярны турыстычны аб'ект — страусавая ферма, значыць, транзітныя турысты тут не рэдкасць. Менавіта пра тое, што і сам населены пункт павінен адпавядаць усяму вышэйпералічанаму, асабліва ў частцы сваіх гандлёвых аб'ектаў, мы гаварылі з мясцовымі жыхарамі Клаўдзіяй Літвінчук, Наталляй Кірылюк, Любоўю Польскай. Яны і сталі ініцыятарамі прыезду карэспандэнта ў іх вёску і вельмі рэкамендавалі пазнаёміцца з прадпрымальнікам Юліяй Шэвелевай.

Юлія — дырэктар прыватнага прадпрыемства і гаспадыня прыватнага магазіна «Нікольскі». Названая крама не проста знешне прывабны гандлёвы аб'ект — яна адпавядае ўсім запытам пакупнікоў. Асартымент — самы разнастайны, чысцінёй, парадкам, прыгажосцю сельскі магазінчык не адрозніваецца ад сучасных сталічных і брэсцкіх. Акрамя прадуктаў, ёсць аддзел прамысловых тавараў, прадаюцца нават газеты і часопісы. Крама працуе з дзевяці да дзевяці без выхадных. У магазіне ўстаноўлены інфакіёск Белпошты, але пра гэта крыху пазней.

Юлія Мікалаеўна запрашае ў падсобныя памяшканні, яны таксама ў поўным парадку, тут і гарачая вада, і ўмывальнікі, і столік для прыёму ежы персаналам. Хоць у краме працуюць усяго тры чалавекі, і яны мясцовыя жыхары, але патрабаванні санітарных службаў даволі жорсткія. Больш за тое, яны патрабуюць, каб пакой для прыёму ежы персаналу быў асобны. Прэтэнзіі былі б зразумелымі ў фірмах, дзе працуюць 300 чалавек альбо нават 30, а ў іх толькі тры, і тыя па зменах. Таму Юлія здзівілася, калі атрымала павестку ў суд за гэтае самае парушэнне — адсутнасць асобнага пакоя для прыёму ежы. У судзе таксама здзівіліся... Ды бадай што любы прадпрымальнік можа згадаць выпадкі асаблівых да сябе адносін з боку розных кантрольных службаў. Але, паводле слоў Юліі, пэўную надзею ўсяляюць заявы, якія нядаўна прагучалі на самым высокім узроўні, аб упарадкаванні сістэмы кантролю. Бо апошнія два гады яе надта ж часта правяралі.

Ды яна і рада зрабіць той асобны пакой, толькі месца на яго не хапае. А яшчэ ёсць задумка абсталяваць міні-кафетэрый на адзін-два столікі. Тут жа чыгуначная станцыя за дзве мінуты хадзьбы. Бывае, прыезджыя забягаюць, просяць зрабіць кавы. А дзе іх пасадзіць? Ды і бабулькі вясковыя заходзяць па пакупкі альбо зрабіць плацеж праз інфакіёск. Ім бы прысесці, аддыхацца. Таму падобны кафетэрый вельмі патрэбны, ды і гандаль можна было б пашырыць.

Тым больш што ў тым жа будынку, дзе знаходзяцца «Нікольскі» і яшчэ адна крама райспажыўтаварыства, ёсць свабодныя памяшканні, на якіх красуецца шыльда «Прадаецца». Але ўмовы продажу прапануюцца такія, што купіць, мякка кажучы, вельмі складана. Пачнём з таго, што будынак узведзены прыкладна 60 гадоў таму. Па сценах дзе-нідзе пайшлі расколіны. Нават пад снегам можна заўважыць, як дах прыкметна прасеў. Аконныя праёмы закладзеныя блокамі і замураваныя. Па неправераных чутках — так, прынамсі, сцвярджалі мясцовыя жыхары — вечарамі з магазіна выносяць плітку і іншыя будматэрыялы. Яно і не дзіва. Памяшканне стаіць на замку апошнія паўтара дзясятка гадоў. Адным словам, выгляд і становішча гэтай будыніны адпаведныя. А вось заплаціць прадпрымальніку за яе прапануюць... прыкладна 150 мільёнаў. (Называю ў старых грашах, бо ўсе дакументы, якія ёсць у Юліі Шэвелевай, складаліся год таму, там фігуруюць сумы да дэнамінацыі.) Пры тым, што на сайце Белкаапсаюза пазначаны астаткавы кошт гэтага будынка — 12,5 мільёна рублёў. Праўда, з'явілася тая інфармацыя даўно — памяшканне пустуе, як было сказана, працяглы час. Але лепшым за гэты час яно дакладна не стала.

Юлія звярталася і ў Брэсцкі аблспажыўсаюз, і ў рэспубліканскую структуру — адказы гучаць прыкладна так: магазін у Тэўлях належыць Кобрынскаму спажывецкаму таварыству, вырашайце пытанне з уласнікам. У райвыканкаме памкненні маладога прадпрымальніка падтрымліваюць. Была Юлія і на прыёме ў старшыні выканкама Аляксандра Зазулі. Ёй патлумачылі, што ўказаны будынак не з'яўляецца камунальнай уласнасцю раёна, якой выканкам можа распарадзіцца.

Старшыня праўлення Кобрынскага спажывецкага таварыства Валерый КАРНЯЛЮК у тэлефоннай гутарцы з карэспандэнтам газеты сказаў так:

— Праблему ведаю. Прыняць умовы прадпрымальніцы азначае для мяне пайсці на прамое парушэнне закона. Ацэнка гэтага будынка не праводзілася, але адпаведныя дзяржаўныя структуры ацэньвалі аналагічныя аб'екты — атрымліваецца прыкладна мільёнаў 600 (старымі грашыма. — Аўт.). Калі прымяніць усе паніжаючыя каэфіцыенты, правесці іншыя працэдуры, можна знізіць цану максімальна да 150—140 мільёнаў. Але не менш, не так, як хоча прадпрымальніца, — купіць усяго за 10—12 мільёнаў. Я магу дзейнічаць толькі ў рамках закона.

Такім чынам, атрымліваецца замкнёнае кола. Ацэнку не праводзілі, а краму як быццам бы прадаюць. Юлія сказала, што за ацэнку і тэхнічны пашпарт ёй трэба было б заплаціць асобна, акрамя названых 150 мільёнаў... Мяркуючы па ўсім, шыльда са словам «Прадаецца» будзе вісець у Тэўлях яшчэ доўга.

У кастрычніку 2015 года на пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама разглядалі пытанне работы аблспажыўсаюза. Там было заяўлена, што да 2020 года кааператары маюць намер зняць праблему нерэнтабельных аб'ектаў на вёсцы. Шмат гаварылася пра неабходнасць прыцягнення ў абарот пустуючых будынкаў, для чаго кіраўнікам райвыканкамаў прапаноўвалася пераводзіць іх у камунальную ўласнасць.

Намеснік старшыні праўлення Белкаапсаюза Варвара ПЛАТОНАВА паведаміла, што рыхтуецца праект дакумента, па якім можна будзе прадаваць пустуючы будынак нават за адну базавую велічыню. Публікацыю пра тое пасяджэнне выканкама Юлія захоўвае ў сябе: «Проста як пра нас гаварылі — важныя, правільныя словы! А воз, выходзіць, і зараз там».

— Чаму ў нас усё кругом нельга? — не можа зразумець вясковая грамадская актывістка Наталля Кірылюк. — Што дрэннага было б у тым, каб прадпрымальніца купіла па прымальнай цане гэты будынак, які, па сутнасці, развальваецца? І стварыла там хоць два-тры рабочыя месцы? У вёсцы ж спрэс без работы сядзяць.

— Таму што мы «нерэнтабельныя», — уступае ў размову пенсіянерка, былая настаўніца Клаўдзія Літвінчук. — Нам увесь час пра гэта гавораць. Ну, хоць бы з тым інфакіёскам. Колькі за яго біліся, подпісы збіралі! Так зручна цяпер за ўсё плаціць. Ужо нават бабулькі навучыліся тым кіёскам карыстацца, а калі што, прадаўцы дапамогуць... Дык не — не столькі выручкі ён дае, як яны сабе запланавалі. Ужо адзін раз прыязджалі забіраць, мы неяк адстаялі. Пагражаюць зрабіць гэта праз тры месяцы.

— У нас любяць усё спісваць на нерэнтабельнасць і закрываць, — гаворыць Любоў Польская. — Іншым разам хочацца спытаць: «А што зрабілі вы, каб нашы аб'екты ў вёсцы былі рэнтабельныя?» А можа, гэта падыход нерэнтабельны? Калі былы магазін стаіць з замазанымі вокнамі, знешні выгляд вёскі псуе, стварае ўражанне ўсеагульнай закінутасці — гэта ўсіх задавальняе. А калі падысці па-гаспадарску, то будзе альбо незаконна, альбо нерэнтабельна.

І з Любоўю Гаўрылаўнай цяжка паспрачацца. Сведчанне таму — будынак былога камбіната бытавога абслугоўвання. Некалі яго не прадалі прадпрымальніку за пэўную суму — невядома чаму. Цяпер, праз гады, прадаюць за адну базавую — але ніхто ўжо не купляе...

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Кобрынскі раён

Загаловак у газеце: Нерэнтабельны падыход

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.