Вы тут

Для інвестара давер да партнёра — даражэй за любыя эканамічныя выгады


Пераступіўшы парог сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Бел-Пласт Інтэрнэшнл», што ў Лідзе, хочаш не хочаш, зазірнеш у люстэрка, што вісіць побач з галоўным уваходам. Паправіўшы прычоску або проста глянуўшы на сябе збоку, выпадкова даведваешся, што ты — лепшы работнік месяца.


Ге­не­раль­ны ды­рэк­тар «Бел-Пласт Ін­тэр­нэшнл» Ана­толь Вялікін.

Гэты звычайны запіс на люстэрку ўздымае настрой кожнаму, хто апынуўся тут па пэўных справах. А што казаць пра тых, хто сваёй штодзённай працай у цэху забяспечвае поспех і стабільнасць аднаму з вядучых прадпрыемстваў Лідчыны?

Заробак вышэйшы за сярэдні

«Бел-Пласт Інтэрнэшнл» спецыялізуецца на вытворчасці пластмасавай упакоўкі для бытавой хіміі, касметыкі, лекавых сродкаў і харчовых прадуктаў. Ва ўпакоўцы, створанай лідскімі майстрамі, захоўваецца прадукцыя сусветна вядомых брэндаў: «Vanіsh», «Dosіa», «Unіcum», «Cotіco», «Henkel», «Romax», «Бархім», «Камако», «ABC» і іншых.

Беларуска-польскае прадпрыемства было створана ў 1999 годзе. Укладзеныя польскім партнёрам інвестыцыі апраўдалі сябе: вытворчасць прыносіць прыбытак, рацыянальна выкарыстоўваюцца памяшканні, якія раней пуставалі, лідчане забяспечаны працоўнымі месцамі — а значыць заробкам і сацыяльным пакетам.

Невыпадкова працаваць на «Бел-Пласт Інтэрнэшнл» лічыцца прэстыжным. Не дзіва, што вакансіі тут бываюць рэдка — кожны трымаецца за сваё працоўнае месца. Стабільная заработная плата, прычым большая за сярэднюю па краіне, — тое, што ў сённяшняй эканамічнай сітуацыі найбольш патрэбна людзям.

Не проста словы

Трымацца на плаву, а тым больш працаваць з прыбыткам сёння здольнае не кожнае прадпрыемства. Нягледзячы на тое, што завод працуе ў рэжыме нон-стоп, як прызнаецца генеральны дырэктар «Бел-Пласт Інтэрнэшнл» Анатоль ВЯЛІКІН, іх сіла — у якасці.

І гэта не проста словы. Высокая якасць прадукцыі завода пацверджана шматлікімі ўзнагародамі. Прадпрыемства двойчы станавілася лаўрэатам прэміі ўрада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці, прэміі СНД за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг. Дарэчы, за ўсю гісторыю існавання ўзнагароды прадпрыемства стала адзіным яе лаўрэатам у Гродзенскай вобласці, а таксама ў краіне (па выніках 2015 года). 13 гадоў запар прадукцыя «Бел-Пласт Інтэрнэшнл» з'яўляецца лепшым таварам Рэспублікі Беларусь, лепшым беларускім таварам на рынках Расійскай Федэрацыі. Генеральны дырэктар прадпрыемства асабіста ўзнагароджаны нагрудным знакам «Лідар якасці».

Кож­ны ра­бот­нік да­ра­жыць сва­ім пра­цоў­ным мес­цам.

Памяняць работу? Няма жадання!

Калектыў прадпрыемства даволі невялікі — 94 чалавекі. Працуюць тут у асноўным маладыя, энергічныя людзі. Сярэдні ўзрост работніка — 33 гады. Для многіх гэта адзінае працоўнае месца.

Кантралёр палімерных матэрыялаў Дана Сургіневіч аддала прадпрыемству 10 гадоў. «Калі параўнаць мой першы год работы і цяперашні перыяд, змянілася ўсё да непазнавальнасці: ад абсталявання да ўмоў працы, — расказвае жанчына. — І заробак памяняўся ў лепшы бок. Усе нашы просьбы і праблемы абмяркоўваюцца. Не дзіва, што на працягу дзесяцігоддзя ў мяне ніколі не ўзнікала жадання памяняць работу».

Як расказала намеснік генеральнага дырэктара па кадрава-прававой і ідэалагічнай рабоце Жанна ШАКУР, высокакваліфікаванага спецыяліста прадпрыемства чакае заўсёды. «З задавальненнем забяспечваем першым працоўным месцам і маладых спецыялістаў, — гаворыць Жанна Шакур. — Моладзь праходзіць у нас практыку, найбольш зацікаўленых мы запрашаем да сябе на работу. Рэгулярна сваю кваліфікацыю павышаюць тэхнічныя спецыялісты: для іх арганізуюцца стажыроўкі на галаўным прадпрыемстве ў Польшчы. Кожны работнік можа паўдзельнічаць у конкурсе «Чалавек года», які ладзіцца ў нас штогод. Лаўрэаты заахвочваюцца матэрыяльнымі прэміямі і ганаровымі граматамі».

Галіна Вільбік аддала прадпрыемству 14 гадоў. Па адукацыі кравец, яна прыйшла сюды па рэкамендацыі сястры і ні разу не пашкадавала. Працоўную дзейнасць пачынала ўкладчыцай-упакоўшчыцай, цяпер жанчына — загадчыца склада. Галіну задавальняе не толькі заробак, а і графік працы, сацыяльны пакет. «Грэх скардзіцца, — лічыць яна і дадае: — Тое, што прадпрыемства з'яўляецца адным з перадавых на Гродзеншчыне, — заслуга кіраўніка. Ён не проста дырэктар. Ён — сябар. Да Анатоля Леанідавіча можна звярнуцца па любым пытанні. А калі нешта здарыцца, ён і дапаможа, і падкажа. Захварэеш — параіць добрага ўрача».

Ад выкладчыка — да бізнесмена

Так «хварэць» за сваё прадпрыемства, а таксама за людзей, якія там працуюць, можа толькі той, хто стаяў каля яго вытокаў. Стварыўшы «Бел-Пласт Інтэрнэшнл» у 1999 годзе, Анатоль Вялікін моцна трымае штурвал свайго дзецішча.

Адчуваюць падтрымку Анатоля Вялікіна і іншыя лідчане. З'яўляючыся дэпутатам Лідскага раённага Савета, ён актыўна ўдзельнічае ў жыцці горада, заўсёды на сувязі са сваімі выбаршчыкамі, якім дапамагае ў вырашэнні надзённых праблем.

Ліда ўжо даўно стала для Анатоля Вялікіна роднай. На Гродзеншчыну брэсцкі юнак трапіў па размеркаванні пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя Луначарскага ў Мінску (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). Выкладаў у Лідскім дзяржаўным музычным каледжы, а неўзабаве заснаваў і свой аркестр, які пад яго дырыжыраваннем выступаў на шматлікіх пляцоўках.

Ён і сёння дырыжор. Толькі ў яго падначаленні ўжо не аркестр, а цэлае прадпрыемства, дзе ад кожнага супрацоўніка, быццам ад музычнага інструмента, залежыць, як будзе гучаць агульная мелодыя.

— У нас вельмі цёплыя адносіны з польскімі партнёрамі, аднолькавы погляд на многія рэчы, — расказвае Анатоль Вялікін, які яшчэ з'яўляецца і старшынёй Асацыяцыі польскага бізнесу ў Беларусі. — Для іх наяўнасць даверу да партнёра, яго прыстойнасць, асабістыя якасці чалавека — даражэйшыя за любыя эканамічныя выгады. Не сакрэт, што Лідскі рэгіён прывабны для інвестараў у першую чаргу сваім геаграфічным становішчам. Тэрытарыяльна мы знаходзімся за 90 кіламетраў ад Вільнюса, за 170 кіламетраў ад Мінска, за 110 кіламетраў ад Баранавіцкага чыгуначнага вузла. 130 кіламетраў — і мы ў Польшчы. Такім чынам, Ліда з'яўляецца своеасаблівым акном ва Усходнюю Еўропу і Азію. Прываблівае інвестараў і пазіцыя раённага выканаўчага камітэта, кіраўніцтва якога заўсёды ідзе ім насустрач. Увогуле Беларусь — стабільная краіна, і гэта ў Еўропе ўжо даўно зразумелі.

«Бел-Пласт Інтэрнэшнл» — не адзіны прыклад развіцця добрых адносін паміж Беларуссю і Польшчай. Толькі ў Гродзенскай вобласці створана больш як 80 беларуска-польскіх прадпрыемстваў. Увогуле па краіне — звыш 350 прыкладаў такога партнёрства.

Загаловак у газеце: Мелодыя поспеху

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».