Вы тут

Літоўская кампанія будзе вырабляць на Лідчыне мяса індычкі


Пра тое, што пад Лідай у прамысловых мэтах будуць вырошчваць індыкоў, мясцовыя жыхары пачалі гаварыць не так даўно. А між іншым стварэнне вертыкальна інтэграванага комплексу па вытворчасці прадукцыі з мяса індычкі пачалося тры гады таму...


Ды­рэк­тар кам­па­ніі «Ар­ві­бе­лаг­ра» Ару­нас БЕР­НА­ДЗІ­ШУС.

Праект літоўскай кампаніі «Арвібелагра» з'яўляецца значным як для Лідскага раёна і Гродзенскай вобласці, так і ўвогуле для краіны. Невыпадкова ён уключаны ў Дзяржаўную інавацыйную праграму Рэспублікі Беларусь.

У вертыкальна інтэграваны комплекс уваходзяць завод па вытворчасці камбікармоў, фермы па вырошчванні індыкоў, а таксама завод па забоі і перапрацоўцы мяса індычкі. Біялагічныя адходы ад птушкі будуць перапрацоўвацца на адным з заводаў — заснавальнікаў «АРВІБЕЛАГРА».

Падобнага яшчэ не было

У прыватнасці, дагэтуль мяса індычкі ў Гродзенскай вобласці выраблялі толькі ў Астравецкім раёне, дзе фермерская гаспадарка штогод стварае 1300 тон індычыны. У планах «Арвібелагра» — 5500 тон дыетычнага мяса ў год.

— Па вытворчасці мяса індычкі на душу насельніцтва Беларусь значна адстае ад многіх іншых краін, — гаворыць дырэктар кампаніі «Арвібелагра» Арунас БЕРНАДЗІШУС. — Сёння на аднаго беларуса вырабляецца каля 200 грамаў індычыны. Столькі ж дыетычнага мяса на душу насельніцтва ў год мела Літва ў 2004-м, цяпер — каля 3 кілаграмаў. За 12 гадоў — рост у 15 разоў! У Еўропе гэтая лічба яшчэ большая: каля 5 кілаграмаў.

Навізна эканамічнага кірунку ў першую чаргу і прывабіла літоўскага інвестара стварыць падобнае прадпрыемства менавіта ў нашай краіне. Лідскі рэгіён прыцягнуў сваім геаграфічным становішчам — да Вільнюса бліжэй, чым да Гродна. Немалаважным фактарам для ўкладання інвестыцый стала і падтрымка беларускага ўрада, мясцовых улад.

— Увогуле, Беларусь сёння з'яўляецца прывабнай краінай для інвестараў, — перакананы Арунас Бернадзішус. — Наша кіраўніцтва лічыць, што беларускі рынак перспектыўны, эканамічная і палітычная абстаноўка ў краіне стабільныя, што дазваляе паспяхова весці свой бізнес.

Даўгабудам тут не месца

Для рэалізацыі праекта ва ўласнасць «Арвібелагра» на бязвыплатнай аснове былі перададзены недабудаваныя аб'екты Лідскага мясакамбіната, якія доўгі час не выкарыстоўваліся. Пад будаўніцтва ферм для вырошчвання птушкі Гродзенскі аблвыканкам вылучыў чатыры зямельныя ўчасткі плошчай больш як 30 гектараў.

З 22 недабудаваных аб'ектаў літоўская кампанія выкарыстала пад свае патрэбы толькі 5. Знесці старыя будынкі і пабудаваць на іх месцы новыя аб'екты аказалася танней. Так за два гады на закінутым месцы вырас сучасны вытворчы комплекс. На тэрыторыі прадпрыемства таксама знаходзяцца адміністрацыйны будынак і інтэрнат для супрацоўнікаў кампаніі.

Праўда, гэты сучасны будынак менш за ўсё падобны на інтэрнат у нашым разуменні. Утульныя пакоі, абстаўленыя сучаснай мэбляй і тэхнікай, прасторная сталовая хутчэй нагадваюць гасцініцу як мінімум у тры зоркі. Пакоі ў інтэрнаце ў першую чаргу разлічаны на літоўскіх спецыялістаў, якія ў мэтах абмену вопытам будуць прыязджаць на прадпрыемства.

Пер­шы на­мес­нік ды­рэк­та­ра па вы­твор­час­ці Вай­да СВЕ­ТУ­ЛЕ­ВІ­ЧУ­ЦЕ вы­дат­на ва­ло­дае тэх­на­ло­гі­я­мі за­бою і раз­бі­ран­ня птуш­кі, яе ўпа­коў­ван­ня і за­хоў­ван­ня.

Карысная і здаровая прадукцыя

Калі карэспандэнты «Звязды» наведвалі «Арвібелагра», вертыкальна інтэграваны комплекс быў яшчэ не поўнасцю запушчаны. Яго афіцыйнае адкрыццё адбылося літаральна днямі: птушка заняла сваё месца на канвееры, а людзі заступілі на працоўныя месцы.

Фермы, дзе вырошчваюцца індыкі, запрацавалі значна раней. «Каб індыкі набралі адпаведную вагу, а мяса было добрай якасці, птушка мужчынскага полу вырошчваецца 20—22 тыдні, жаночага — 14—15, — расказала першы намеснік дырэктара па вытворчасці Вайда СВЕТУЛЕВІЧУЦЕ. — Корм часова набываецца на мясцовым прадпрыемстве «Лідахлебапрадукт». У перспектыве кармы будуць вырабляцца на базе комплексу».

Разам з дырэктарам кампаніі і яго намеснікам мы прайшліся па вытворчых цэхах прадпрыемства і на свае вочы ўбачылі, на якім абсталяванні і ў якіх умовах будзе ажыццяўляцца забой і разбіранне птушкі, як яе будуць упакоўваць і захоўваць. Наведалі і цэх гатовай прадукцыі: адсюль шашлык, фарш, рулеты і каўбасы з індычыны будуць пастаўляцца адразу ў крамы.

— Мяса індычкі не толькі смачнае, але і карыснае, таму ў нас ёсць усе шанцы заваяваць і беларускі рынак, і страўнікі людзей, — лічыць дырэктар кампаніі «Арвібелагра».

Акрамя таго, прадукцыя, створаная пад Лідай, будзе пастаўляцца ў краіны СНД, а да канца года — і ў краіны Еўрасаюза.

Неўзабаве новае прадпрыемства задаволіць гастранамічныя інтарэсы беларусаў. А для некаторых яно стане яшчэ і крыніцай даходу. Большасць працоўных месцаў зоймуць мясцовыя жыхары (а гэта прыкладна 150 чалавек толькі ў вытворчых цэхах).

Лідскі раён

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Заваяваць... страўнікі беларусаў паспрабуюць літоўцы, якія неўзабаве будуць пастаўляць у нашы крамы якасную і здаровую прадукцыю з мяса індычкі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.