Вы тут

Шклозавод горада Бярозаўка здзіўляе ўвесь свет новай прадукцыяй


Адна з сённяшніх тэндэнцый — пакупнік становіцца больш капрызным, таму сёлета перад майстрамі стаіць задача выпускаць цікавую прадукцыю больш высокага цанавога сегмента, прывабную па дэкоры і ўпакоўцы. Гэтыя вырабы прэміум-класа пашыраць асартымент і, як плануецца, дазволяць выйсці на новыя рынкі. Чым сёння жыве завод, расказалі яго супрацоўнікі.


На ўсе густы

Як дызайнерскія вырабы ў адзенні, так і вырабы бярозаўскіх мастакоў — унікальныя і прыгожыя. Калекцыі са шкла будуць выходзіць абмежаванымі партыямі, гэта значыць, калі не паспеў заказаць калекцыю — разлічвай на вырабы тыражныя. «Мы размяжоўваем сегмент патокавай прадукцыі, разлічанай на штодзённае ўжыванне, і прадукцыі на ўзроўні высокамастацкіх вырабаў. Хочам разнастаіць работу майстроў і ў той жа час папесціць нашых пакупнікоў вытанчанымі рэчамі», — расказвае намеснік дырэктара па рэалізацыі шклопрадукцыі Аксана АПАНАСЕНКА.

Летась на заводзе адбыліся структурныя змены: асобна былі выдзелены службы маркетынгу і збыту. Маркетолагамі сталі найбольш вопытныя і крэатыўныя работнікі. Яны вывучаюць менталітэт і прыярытэты пакупнікоў тых рынкаў, куды плануецца наладзіць экспарт у найбліжэйшы час.

Аксана Апанасенка адзначае, што вялікую дапамогу ў прасоўванні прадукцыі аказваюць пасольствы Беларусі за мяжой. «Калі ў нас ёсць напрацоўкі з нейкімі кампаніямі, пасольствы могуць дапамагчы нам праверыць іх бізнес-рэпутацыю. Цяпер мы працуем з нашым пасольствам у Бразіліі, разлічваем, што сёлета правядзём прэзентацыю прадукцыі, на якую будуць запрошаны ўсе кампаніі, з якімі мы ўсталявалі сувязі ў 2016 годзе».

Цяпер супрацоўнікі рыхтуюцца паўдзельнічаць у выставе ў Франкфурце-на-Майне. Яна адна з самых маштабных у свеце ў галіне посуду і кухоннага начыння. «Для нас яна цікавая ў плане вывучэння становішча на рынку». Пастаянна прадукцыя «Нёмана» ўдзельнічае ў выставе HоusеHоld Ехро ў Маскве. На ёй заключаецца каля трэці ўсіх дагавораў.

Альтэрнатыўны варыянт!

Цяпер работа ідзе не толькі над формай, але і над якасцю. Галоўны інжынер Юрый КІСЛЯК расказвае, што асартымент пашыраецца і за кошт новых відаў шкла. «Нёман» правёў перагаворы з адной з нямецкіх кампаній, якая перадала тэхналогіі стварэння некалькіх доследных саставаў. На дадзены момант зварылі толькі адзін — гэта альтэрнатыўны варыянт крышталя. «Мы спадзяёмся перайсці ў новы сегмент продажу шклавырабаў, у тым ліку бессвінцовага крышталя, які больш запатрабаваны ў Заходняй Еўропе, Японіі і ЗША. Гэты састаў крыху таннейшы». Акрамя гэтага, перагаворы з кампаніямі, якія выпускаюць абсталяванне для частковай механізацыі, далі вынік: палепшылася якасць шкламасы і павысілася рэнтабельнасць продажаў. Найбольш адчувальнай навінкай мінулага года стаў запуск вырабу шклаваты:

— Да нас яе не выпускалі наогул. Ёсць некалькі заводаў у Расіі, якія цяпер з'яўляюцца нашымі канкурэнтамі. Гэта абсалютна новая вытворчасць, якая размясцілася на плошчах аднаго з закансерваваных цэхаў. Была праведзеная рэабілітацыя будынка, бытавога корпуса, уцеплены фасад, адрамантаваны ўсе памяшканні.

Творчым шляхам

Самі майстры да сваёй працы ставяцца творча. Апрацоўшчык шклавырабаў Валянцін СЯНЬКО працуе на заводзе з 1977 года. Пачынаў з дробязі — быў адношчыкам, наборшчыкам, выдзімальшчыкам — і дарос да брыгадзіра:

— Мы робім розны асартымент. Гэта майстэрства, якому вучышся гадамі. Я з Навагрудскага раёна, а тут, у Бярозаўцы, жыла мая радня. Яны неяк перацягнулі мяне, працаваць спадабалася — вось і застаўся. За час працы навучыў шмат маладых апрацоўшчыкаў і выдзімальшчыкаў. Мае сыны таксама некаторы час працавалі на заводзе, але па маім шляху не пайшлі.

Ёсць на прадпрыемстве дзве брыгады, якія асвойваюць новыя віды прадукцыі. Так, калі мастак стварае эскіз, ён прыходзіць да майстроў — і нараджаецца новы выраб. Часам спачатку трэба некалькі разоў патрэніравацца ці дапрацаваць кампазіцыю, каб выраб атрымаўся. Далей — ужо па адпрацаванай тэхналогіі — працягваюць вырабляць сувеніры іншыя брыгады. Майстар-апрацоўшчык Валерый БАГІНСКІ, які кіруе сваёй творчай брыгадай, расказвае пра сакрэты майстэрства:

— Калі вялікі вопыт за плячыма, з новымі прадуктамі не складана працаваць. Трэба проста мець мастацкую фантазію: бачыць перад сабой ужо гатовы прадукт. А прыёмы, якімі валодаеш, прыводзяць да добрага выніку. Чым больш навыкаў, тым вышэйшая якасць. Я ўжо 40 гадоў працую, бацька таксама быў з завода. Гэта наша дынастыя. У маіх дзвюх дачок таксама творчыя задаткі — малююць добра.

Спецыяліст аддзела кадраў Тамара КЕНЦЬ расказвае, што на заводзе вітаецца пераемнасць. Яе бацькі таксама тут працавалі, сын цяпер заняты ў шкляной прамысловасці, але ў Гродне. Тамара Кенць адзначае тэхналогіі, якімі ганарыцца «Нёман». Так, пасля вайны рабілі двухслаёвае накладное шкло: першы пласт — бясколерны, другі — каляровы. «Сёння мы спрабуем рабіць сіняе шкло разам з нямецкай кампаніяй. Аднаўляем гэту тэхналогію».

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: На хвалях «Нёмана»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...

Здароўе

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Ад захворванняў, звязаных з гепатытам, у свеце кожныя 30 секундаў памірае адзін чалавек.