Вы тут

Бярозаўскі дэпутат Валерый Яводзік пра будзённыя справы гарсавета


Жыхары Бярозаўкі прыходзяць да старшыні Бярозаўскага гарадскога Савета дэпутатаў Валерыя ЯВОДЗІКА нават з асабістымі праблемамі.

Разам з вырашэннем гарадскіх пытанняў Валерый Анатолевіч часам разбіраецца і ў суседскіх канфліктах. Летась да яго звярнулася больш за 60 гараджан. І гэта толькі афіцыйна — пісьмова ці прыйшлі на прыём. Але многія тэлефануюць ці спыняюць на вуліцы. «З імі таксама працуем, — гаворыць старшыня. — Тое, што вырашаецца, адразу робім. Да астатніх праблем падключаем патрэбныя службы». Мы прыйшлі да Валерыя Яводзіка ў дзень прыёму, каб пагаварыць пра будзённыя справы гарсавета.


Валерый Анатолевіч працуе старшынёй ужо 11 гадоў. Ён гаворыць, што цяпер колькасць зваротаў значна зменшылася, бо з 2006 па 2010 год Бярозаўка ўдзельнічала ў Праграме развіцця малых гарадоў. У той час было зроблена шмат па добраўпарадкаванні і развіцці сацыяльнай сферы. цяпер дасягненні падтрымліваюцца, а праца працягваецца.

Сам старшыня з Навагрудчыны, але ў Бярозаўцы жыве ўжо больш за 20 гадоў. «Я адвучыўся ў Гродзенскім універсітэце і прыехаў на працу ў школу па месцы жыхарства жонкі. Потым стаў першым сакратаром гаркама Беларускага патрыятычнага саюза моладзі, а пасля прыйшоў працаваць у мясцовы выканкам». Валерый Анатолевіч лічыць, што сумяшчэнне пасад старшыні Савета і выканкама на пярвічным узроўні — гэта практычна. Мэты і задачы ідэнтычныя: забеспячэнне жыццядзейнасці. «Хто называе мяне старшынёй гарадскога Савета, хто — гарвыканкама. Галоўнае — дапамагчы чалавеку, а хто дапамагае — старшыня гарвыканкама або Савета — няма розніцы».

Летась адной з істотных праблем для грамадзян стала чысціня паветра. Новая вытворчасць — шклаваты — пагоршыла экалагічную сітуацыю ў горадзе. Але гэтая праблема была вырашана — сёння сістэма газаачысткі працуе на поўную магутнасць.

— У мінулым годзе вырашылася праблема з кварталам індывідуальнай жылой забудовы, — расказвае Валерый Яводзік. — На працягу пяці гадоў мы выдзялялі ўчасткі на дзвюх вуліцах, але яны не былі да канца газіфікаваны. Атрымлівалі па гэтым пытанні звароты. Але месяц таму, у снежні, аб'ект быў здадзены — цэнтральны газаправод пракладзены. Цяпер афармляюцца дакументы, і прыкладна з лютага грамадзяне змогуць далучыцца да цэнтральнага газазабеспячэння.

Па жыллёва-камунальным напрамку людзей турбуюць добраўпарадкаванне тэрыторый, падсыпка дарог, вулічнае асвятленне. Ёсць звароты па графіку руху гарадскіх аўтобусаў. «У нас два рэйсы, і не ўсім падыходзіць час ад'езду. Калі ёсць магчымасць, карэктуем, калі не — тлумачым. Пад кожнага падстроіцца немагчыма, трэба ўлічваць многія фактары».

Ці не самая надзённая праблема — працаўладкаванне. У горадзе знаходзіцца адно буйное прадпрыемства — шклозавод «Нёман». Вакансіі ў сацыяльнай сферы запоўненыя, вольных месцаў няма. Таму працу дапамагаюць шукаць не толькі ў Бярозаўцы, але і ў Лідзе, Навагрудку. Некаторыя самастойна з'язджаюць у Мінск, будаўнікі часам выбіраюць Расійскую Федэрацыю. Але чалавек хоча працаваць там, дзе ён жыве, таму найбольш ініцыятыўныя спрабуюць адкрыць прыватны бізнес. Па кансультацыю, як гэта зрабіць найлепш, таксама звяртаюцца ў гарадскі Савет. Па пэўных датах у горад прыязджаюць раённыя службы, напрыклад, супрацоўнікі цэнтра занятасці, каб грамадзяне маглі атрымаць параду або запоўніць дакументы.

Будынкі, якія маглі б быць задзейнічаны пад малы бізнес, у горадзе ўжо занятыя. Усе прамысловыя базы, акрамя шклозавода, аддадзены ў прыватныя рукі — развіваюцца, аказваюць паслугі насельніцтву. Напрыклад, па рамонце аўтамабіляў. СТА побач з аўтастанцыяй плануюць запусціць у 2017—2018-м. Гэта і магчымасць прайсці тэхагляд, і новыя працоўныя месцы. Адзін з развітых кірункаў — грузаперавозкі. Зарэгістравана некалькі малых прадпрыемстваў, машыны якіх курсіруюць па ўсёй Еўропе.

Адной з найбольш паспяховых ініцыятыў стала аграсядзіба «Над Нёманам». Яна пачала працаваць гадоў дзесяць таму і была адной з першых у краіне. Цяпер застаецца найлепшай у сваім напрамку. Яна прапаноўвае гасцям менавіта паслугі аграэкатурызму і працуе з пастаяннымі кліентамі. На выхадныя сюды прыязджаюць не толькі беларусы, але і расіяне, еўрапейцы і нават амерыканцы. Для іх арганізуюць спуск на плыце па Нёмане і больш традыцыйны адпачынак — рыбалку, збор грыбоў і ягад. Асноўная славутасць Бярозаўкі — хвоі. Прыезджыя называюць гэтыя мясціны маленькай Швейцарыяй. Шмат зеляніны, і зусім побач лес.

Акрамя гэтага, папулярны і прамысловы турызм. Дарэчы, у Гродзенскай вобласці толькі два прадпрыемствы, якія ім займаюцца, — шклозавод «Нёман» і «Лідскае піва». Штодня некалькі аўтобусаў прыязджаюць на экскурсію. У самога Валерыя Анатолевіча ў кабінеце таксама стаіць шкляны набор садавіны і гародніны, зроблены нёманскімі майстрамі.

Сёлета ў планах прадоўжыць капітальны рамонт жылфонду: абнавіць некалькі дамоў. У першую чаргу ідзе замена інжынерных сетак, а ў прыватным сектары працягваецца асфальтаванне вуліц. Жылля ў свой час у Бярозаўцы пабудавалі шмат, у тым ліку і дом для шматдзетных сем'яў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Загаловак у газеце: Ад пошуку працы да чысціні паветра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».