Вы тут

Ад класікі да «Зорных войнаў»


Пашырыцца рэпертуар сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра Беларусі.


У снежні сімфанічны аркестр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі, акрамя выканання звычайнай праграмы, прадэманстраваў беларусам і замежным гасцям сталіцы высокі прафесійны ўзровень падчас ІІІ Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў, VІІ Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму, Гала-канцэрта зорак сусветнай оперы. Гэты месяц для аркестра таксама будзе насычаны на падзеі: з 12 па 27 студзеня артысты выпраўляюцца ў тур па буйных гарадах Германіі, у праграме якога — творы пяцікратнага лаўрэата прэміі «Оскар», вядомага кампазітара Джона Уільямса, што стварае музыку да кінафільмаў.

На геаграфічнай карце тура — Берлін, Штутгарт, Кёльн ды Лейпцыг. У красавіку гастролі працягнуцца, закрануўшы не толькі Германію, але і Швейцарыю. Вядомыя сваёй музычнай культурай германскія гарады запрашаюць беларускіх артыстаў выконваць знакамітыя кампазіцыі (сярод іх — музыка з фільмаў «Супермэн», «Іншапланецянін», «Парк Юрскага перыяду», «Спіс Шындлера», «Зорныя войны», «Гары Потэр», «Скрыпач на даху» і г.д.). Розная публіка, розны менталітэт, але аркестр тэатра немцы прымаюць з задавальненнем: у Вялікім тэатры Беларусі працуюць прафесіяналы сусветнага ўзроўню, здольныя сыграць любую музыку.

У тур па Германіі выпраўляецца прыкладна 70 чалавек, і столькі ж застаецца ў Мінску. Гледачы могуць не хвалявацца: запланаваны на студзень рэпертуар будзе ісці на сцэне без зменаў.

— У нас ёсць магчымасць паехаць на гастролі. Склад аркестра вельмі вялікі, і ў выніку тэатр нічога не страчвае, — кажа загадчык трупы аркестра Дзмітрый Гарбачук. — Аркестру Вялікага тэатра прапанавалі выступіць з музыкай кампазітара Джона Уільямса, і мы пагадзіліся. Музыкантам цікава працаваць з такой праграмай, бо ў ёй шмат вядомых кампазіцый, якія выконваеш не кожны дзень. Мяркую, што выступ сімфанічнага аркестра сумясцяць з відэашэрагам: калі ўрывак з любімага кінафільма спалучаецца са знаёмай музыкай, забываешся на ўсё.

Сімфанічны аркестр Вялікага тэатра Беларусі выязджае на гастролі сістэматычна. Летась аркестр ездзіў у тур з вядомым галівудскім кампазітарам Гансам Цымерам, што напісаў музыку да такіх папулярных кінастужак, як «Чалавек дажджу», «Кароль Леў», «Скала», «Гладыятар», «Анёлы і дэманы», «Пёрл Харбар», «Пачатак», «Інтэрстэлар», «Піраты Карыбскага мора», «Цёмны рыцар», «Шэрлак Холмс». Беларусы бліскуча справіліся са сваёй працай і выканалі хіты разам з бэндам Ганса Цымера перад пятнаццацітысячнай аўдыторыяй.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.