Вы тут

Неразменныя піястры


Чаму ў свеце дарослых, а значыцца, людзей разумных і разважлівых, столькі непаразуменняў? Адкуль бярэцца гэтае бязглуздае самасцверджанне праз войны, спрэчкі і звадкі, калі мы ўсе разам ляцім да зор? Адказ да смешнага просты: бо свету дарослых не існуе.


Калі прыняць гэта за праўду, усё становіцца на свае месцы. Вось ты стукнуў пластыкавым савочкам свайго суседа па пясочніцы, бо той не даў пагуляцца з новай, прыгажэйшай, чым у цябе, машынкай. А вось ты пішаш скаргі ў высокія інстанцыі, бо ў твайго калегі па пяры апавяданні больш таленавітыя. З адным толькі адрозненнем: у маленстве ты шчыра прызнаешся сабе ў прычынах непрыгожых паводзінаў, а пасталеўшы, умееш знайсці тысячы прыгожых і высакародных тлумачэнняў. Бо хто захоча прызнаць, што недалёка пайшоў ад той пясочніцы?..

Па вялікім рахунку, кніга Маргарыты Латышкевіч «Яблыкі» якраз пра тое — пра свет дзяцей. Дзецям гэтым — ад пяці да пяцідзесяці з гакам. Але незалежна ад узросту ўсе яны хочуць аднаго: самасцвердзіцца, быць шчаслівымі, любімымі, прызнанымі ды прынятымі ў сваёй супольнасці. Але ўзрост навязвае свае правілы, і хітры ўнутраны голас падказвае: будзь сур’ёзны, будзь дзелавіты, рабі як усе, і ніхто не здагадаецца, што ты так і застаўся зарумзаным дзіцём з савочкам.

Для спадарыні Маргарыты гэта не першая кніга: раней быў паэтычны зборнік «Пульс навальніц». Што да прозы, «Яблыкі» — дэбют. Апавяданні з гэтага зборніка друкаваліся ў літперыёдыцы і абазнанаму чытачу будуць знаёмыя. «Пульс навальніц» і «Яблыкі» лучыць нязменна аптымістычны і рамантычны погляд аўтара на свет. Аднак рамантычнасць тут не тоесная ружовым акулярам.

Гэта хутчэй здольнасць прымаць чалавечыя слабасці. Вера ў тое, што чытач прызнае ў сабе крыўдлівае эгаістычнае дзіця і пасмяецца разам з аўтарам. Пры ўсім пры тым Маргарыта Латышкевіч застаецца рэалістам. Яна не адмаўляе ў чалавечай прыродзе зайздрасць, пыху, самаўпэўненасць, эгацэнтрычнасць, грубасць і няўважлівасць да бліжняга. Якраз гэта і надае абаяльнасць яе прозе: любоў да чалавека нягледзячы ні на што.

Чытач абавязкова адчуе, што й сябе аўтарка не ставіць вышэй за сваіх герояў, што ў кожным з іх бачыць нешта ад сябе. Зрэшты, толькі прызнаўшы сваю ўласную цемру, ты зможаш хоць нешта ўгледзець у прыцемках чужое душы. Адметнасць прозы спадарыні Маргарыты — у дзвюх вызначальных рысах. Па-першае, гумар, які выступае адначасова павелічальным шклом, зброяй і абаронай. Смех, які часам даходзіць да гіпербалы і гратэску, дазваляе павялічыць дробныя (і дробязныя) рысы чалавечай натуры да памераў, неабходных для прэпарацыі. Перабольшваючы, ты даследуеш з’яву, не такую й заўважную ў штодзённасці. Гэты ж смех вынішчае негатыў: пасмяяўшыся, прыкладам, з чужое сквапнасці, ты ўжо не зможаш усур’ёз абараняць гэтую рысу ў самім сабе.

 І ў рэшце рэшт, смех абараняе: можна з гумарам паглядзець на спартанскія будні паліклінікі («Інструкцыя для хворых») — а можна й самому заразіцца вірусам занудлівасці, а то й злосці. Цяжка згадаць падобную стылістыку ў нашай літаратуры. Блізкая хіба што сучасная паэзія — вершы Андрэя Хадановіча, напрыклад. Што да прозы, гэта далёка не мрыеўская сатыра і ўжо тым больш не куслівыя байкі Крапівы. Многа бліжэй па гучанні творы О. Генры, Джэрома, Вудхаўза, у якіх на мэце не выкрыць ці высмеяць, але праз лёгкае, нязлоснае пакепліванне зрабіць свет крыху лепшым.

Другая адметнасць прозы Маргарыты Латышкевіч — знарочыстая простасць светаўспрымання. Вы адчуваеце, што ўсё не так проста і лёгка, як падаецца ў тэксце; адчуваеце гэтаксама, што й аўтарка гэта ведае. Але якраз такі погляд на свет, такая стылістыка дазваляюць зазірнуць у самы корань справы. Занурванне ў праблему і пакутлівыя рэфлексіі разбурылі б гэтую лёгкую, светлую прозу. Аўтар вытрымлівае зададзены тон бездакорна. Што ж стварае камічны эфект у апавяданнях Маргарыты Латышкевіч? Супастаўленне чаканага і рэчаіснасці.

 Мы ведаем: дарослы чалавек мусіць зрабіць так і так. Але герой спадарыні Маргарыты паводзіцца нелагічна, пацешна, разам з тым — міла і кранальна. У такім адлюстраванні героя бачная непадробная любоў аўтара.

Цікава, што супастаўленне «павінна» і «ёсць» у апавяданнях Маргарыты Латышкевіч адбываецца на двух узроўнях. Першы — вонкавы: персанажы (а з імі — чытач) чакаюць ад галоўнага героя адзін крок, а ён выдае зусім іншы. Другі ўзровень больш складаны і, адпаведна, камічны эфект ад яго большы: калі герой хоча зрабіць адно, а робіць зусім іншае, чаго вымагаюць пасада, узрост, гендар і г.д. Ёсць яшчэ адно несупадзенне поглядаў, якое выклікае і смех, і роздум: гэта вайна светаў дарослага і дзіцячага. У такіх выпадках проза Маргарыты Латышкевіч гучыць на манер «Маленькага прынца» Экзюперы. Героі змяняюцца, змяняецца ракурс (аўтар-назіральнік і аўтар-герой), але апавядальнік застаецца ўсё той жа. Менавіта ён аб’ядноўвае тэксты ў адно цэлае.

А сустракаюцца тут і эсэ, і літаратуразнаўчая работа (у мастацкай форме, вядома), і навелы, і ўласна апавяданні (насамрэч, усе тэксты названыя апавяданнямі адно дзеля зручнаці). Розныя й тэмы: сяброўства («Яблыкі»), каханне («Шчасце», «У.»), пакуты творчасці («Ельнікаў і птушка шчасця», «Муза»), пошук ідэалу, мары («Дар»), літаратура («Васілёк і Лотаць»), стасункі з людзьмі блізкімі і не вельмі (ці не ўсе тэксты). І, зноў жа, у любой тэме вызначальным робіцца канфлікт паміж сапраўдным і ўяўным.

Пры гэтым асобнай увагі заслугоўвае апавяданне «Зямля», самае глыбокае і самае «маштабнае» тэматычна. Метафара ляжыць на паверхні: дзеці з іх гульнёй у «Зямлю» — неразумнае чалавецтва са сваімі войнамі, рэвалюцыямі, братазабойствамі. І калі ў першым выпадку найбольшы ўрон — слёзы і пара гузакоў, то ў другім — мора крыві і надмагіллі. Самае істотнае датычна гэтага апавядання — пачуццё меры аўтара: спадарыня Маргарыта ні словам, ні намёкам не абмовілася пра гэтую паралель. Яна распавядае выключна пра дзіцячую гульню. Усё галоўнае — па-за тэкстам. У гэтым палягае прыкмета вялікага таленту, які, маю спадзеў, яшчэ не раз дасць пра сябе ведаць.

Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.