Вы тут

Утрыманцаў стане менш?


Згодна са зменамі ў Дэкрэце №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», дэпутаты мясцовых Саветаў могуць цяпер вызваляць грамадзян ад выплаты збору, калі тыя знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Наш карэспандэнт высветліў, як старшыні Саветаў дэпутатаў пярвічнага ўзроўню ставяцца да гэтых змен.


— У гэтым годзе да нас ужо звярталіся тыя, хто займаецца гаспадаркай, дапамагае бацькам апрацоўваць зямлю, — расказвае старшыня Галубіцкага сельскага Савета дэпутатаў Глыбоцкага раёна Пётр СУПРАНЁНАК. — Бываюць і цяжкія сітуацыі, напрыклад калі чалавек звольніўся, але не змог знайсці новую работу па спецыяльнасці. Папраўка была неабходная, каб абараніць добрапрыстойных грамадзян. А тыя, хто не працуе свядома, — няхай плацяць збор.

А старшыня Вяліканямкоўскага сельскага Савета дэпутатаў Веткаўскага раёна Уладзімір СОНІЧ гаворыць, што ў іх такіх зваротаў не было. «Лісты шчасця» атрымалі адзінкі: тыя, хто сапраўды не працаваў, або тыя, хто атрымліваў даход не ў нашай краіне. «Папраўку варта было ўводзіць, але сама па сабе яна не вельмі істотная. Трэба найперш вырашаць праблему з працаўладкаваннем. Ёсць людзі, якія хочуць працаваць, а няма дзе. Гэта першапрычына. Я думаю, гэты дэкрэт будзе яшчэ дапрацоўвацца», — гаворыць старшыня Савета.

Згодны з ім і Аляксандр МЯКІНКА, старшыня Ракаўскага сельскага Савета дэпутатаў Валожынскага раёна. Ён таксама адзначыў, што дэкрэт можна дапрацоўваць, каб зрабіць больш дасканалай сістэму, каго вызваляць, а каго не. Нават з ільготамі, якія зараз атрымалі непрацуючыя, можа быць не ўсё так проста.

Каб справядліва налічыць збор, трэба, каб была даведка. Старшыня Вайковіцкага сельскага Савета Навагрудскага раёна Святлана МАКАР гаворыць, што да яе ўжо звярталіся грамадзяне з просьбамі пазбавіць іх ад падатку. Раней сельвыканкам выдаваў даведкі ў адвольнай форме, з гэтага года — стандартныя. У іх прапісвалася, колькі зямлі ва ўласнасці, якая падсобная гаспадарка. Даведка выдаецца на главу сям'і з азначэннем, колькі людзей былі прапісаны ў гэты перыяд. «Быў адзін выпадак — чалавек працаваў на сезонных работах качагарам, зарплата маленькая, — неяк трапіў у лік тых, каму налічылі збор. Прынёс даведку з працы — мы яго вызвалілі ад збору. Так пытанні і вырашаем».

А ў Верамейскім сельсавеце ўсталявалася практыка, што па даведкі аб вызваленні ад збору ідуць у райвыканкам. Старшыня Верамейскага сельскага Савета дэпутатаў Чэрыкаўскага раёна Ірына КРЫКСІНА гаворыць, што да іх звычайна звяртаюцца па кансультацыю і даведкі аб зямельных участках. Яны, у сваю чаргу, раяць, як зрабіць у кожнай асобнай сітуацыі.

Таццяна Шчарбацэвіч, старшыня Крошынскага сельскага Савета Баранавіцкага раёна, адзначае, што тыя, хто не хоча працаваць, звычайна са скаргамі не звяртаюцца. Бываюць розныя сітуацыі: у каго інваліднасць, хто бацькоў даглядае. «Я сачу за прэсай, як разглядаюцца жыццёвыя выпадкі, звязаныя з гэтым зборам. У нас спачатку, калі ўвялі гэты падатак, было шмат зваротаў — мы тлумачылі, што да чаго. Але скаргаў і канфліктаў не ўзнікала. Трэба сказаць, што праца на зямлі, вядзенне сваёй гаспадаркі — гэта таксама цяжка: трэба карміць і сябе, і сям'ю».

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».