Вы тут

Як у вёсках добраўпарадкуюцца месцы грамадскага адпачынку


Што ні кажыце, а ці не самым галоўным клопатам сельскага Савета з'яўляецца знешні выгляд населеных пунктаў і сельскіх тэрыторый і ўсё, што з ім звязана. Адсюль і вялікі кавалак работы, накіраванай на знос альбо прывядзенне ў парадак дамоў, што застаюцца без гаспадароў. А яшчэ дзясяткі спраў па паляпшэнні знешняга выгляду вуліц населеных пунктаў, добраўпарадкаванні могілак ды іншае. Грошай на гэта бюджэт сёння можа выдаткаваць не надта многа. Таму кіраўнікам мясцовай улады даводзіцца круціцца: будзіць грамадскую ініцыятыву, шукаць спонсараў, вывучаць чужы вопыт, каб запазычыць ідэі сабе на карысць.


Стар­шы­ні-су­се­дзі Валянціна Бяз­но­сік і Мікалай Ба­са­лай.

Суседскія семінары

Старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр САРОКА расказаў, што кіраўніцтва райсавета, старшыні сельскіх выканкамаў збіраюцца фактычна штомесяц, каб параіцца па пытаннях добраўпарадкавання. Апошнім часам сталі часцей выязджаць на месцы. І на гэтыя семінары цяпер запрашаюць старастаў. Падобны абмен вопытам прыносіць свае вынікі. Вяскоўцы сталі пераймаць адзін у аднаго станоўчыя напрацоўкі. «Так заўсёды ў жыцці было — разважае Аляксандр Фёдаравіч. — Калі мая жонка заўважыць нейкую цікавінку на падворку нашых сяброў-суседзяў, то альбо сама стараецца набыць, калі гаворка ідзе пра дэкаратыўны гаршчок з кветкамі, альбо мне ўкажа, калі патрабуецца прыкласці гаспадарскія рукі. Так і старасты робяць пасля семінараў. Скажам, заўважыў вясковы лідар з Яглевіч нешта цікавае ў Стайках, глядзіш — і ў першай з названых вёсак праз тыдзень-другі з'явілася падобная клумба альбо дзіцячая пясочніца».

Вось такія суседскія семінары, калі за дзень наведвалі два сельсаветы, пайшлі на карысць рабоце па добраўпарадкаванні могілак. Яшчэ некалькі гадоў таму была вялікая праблема — ачысціць могілкі ад старых вялікіх дрэў і кустоўя. Цяпер гэта работа ў раёне падыходзіць да завяршэння. Большая яе частка праведзена за кошт сродкаў, якія сабралі жыхары вёскі і нашчадкі тых, хто знайшоў тут спачын і чые магілы трэба ўтрымліваць у парадку. Вясковыя могілкі, якія вызвалены ад лішняй расліннасці, бытавых адходаў і абгароджаны, перадаюцца на баланс ЖКГ. Далей ужо камунальнікі клапоцяцца пра вываз смецця, абкошванне травы па перыметры, іншыя бягучыя пытанні добраўпарадкавання.

На што яшчэ звярнуў увагу старшыня райсавета — гэта на традыцыю ўсталявання сквераў, дзіцячых пляцовак, адным словам — месцаў культурнага адпачынку вяскоўцаў. Раней лічылася так: каб было куды пайсці сельскаму працаўніку пасля работы, павінен функцыянаваць клуб. Але многае змянілася ў жыцці вёскі. Цяпер насельніцтва вёсак, асабліва летам, складаецца з вялікай часткі гараджан. Дзеці і ўнукі прыязджаюць на канікулы і ў адпачынак. У аграгарадках, там, дзе ўзводзіцца жыллё, пражывае нямала маладых сямей з дзецьмі. У сучаснага чалавека стала больш вольнага часу. І мамы з каляскамі цяпер выглядаюць звычайным атрыбутам сельскіх вуліц. А куды ім пайсці? Вось і паўстала пытанне аб невялікіх парках, скверах — абавязкова з дзіцячымі пляцоўкамі ў цэнтры вёскі.

Аляксандр Фёдаравіч расказаў пра сваё ўяўленне сельскай ідыліі. Гэта калі на дзіцячай пляцоўцы мамачка прысела адпачыць на прыгожай лаўцы, большы з яе дзяцей займаецца на дзіцячым турніку, сярэдні будуе ў пясочніцы «замкі», а маленькі дрэмле ў калясцы. І калі пры гэтым наша ўмоўная шматдзетная маці адпачывае не з півам альбо цыгарэтамі, а, скажам, праглядае ў смартфоне навіны, то гэта ідэал, да якога трэба імкнуцца, — пагадзілася я са сваім суразмоўцам.

Сквер з дзі­ця­чай пля­цоў­кай у Стай­ках.

Сквер рабілі талакой

Стайкі — адна з вёсак, дзе нядаўна з'явіўся такі аб'ект з адмысловай дзіцячай пляцоўкай. Старшыня Стайкаўскага сельскага Савета Мікалай БАСАЛАЙ найперш запрашае ў новы сквер, які цяпер стаў прадметам гонару ўсіх вяскоўцаў. Справа ў тым, што да нядаўняга часу гэтая тэрыторыя, зусім не на ўскраіне, нагадвала закінутую пустку. Зарослы кустоўем непрывабны куток быў цікавы хіба аматарам выпіць далей ад чужых вачэй.

Таму пачыналі з суботнікаў. Спачатку спатрэбілася расчысціць тэрыторыю ад лішняй расліннасці, пакідалі толькі сталыя ўстойлівыя дрэвы. З тэхнікай дапамагло мясцовае сельгаспрадпрыемства. Астатняе зрабілі рукі і грамадская ініцыятыва.

І вось тут мы маем прыклад, як амаль без сродкаў можна разам зрабіць добрую справу талакой. Расчыстка сквера стала першай задачай, з якой жыхары Стаек справіліся. А вось ператварыць яго ў пляцоўку для адпачынку можна было, хоць бы паставіўшы лаўкі. Яны ж, як вядома, каштуюць грошай. Тады дамовіліся з суседнім лясніцтвам. Леснікі адпусцілі бярвенні ў парадку спонсарскай дапамогі. З круглых дзеравін шляхам распілоўкі на дзве часткі атрымалі лаўкі, у нечым нават эксклюзіўныя.

Варта сказаць, што галоўным завадатарам добраўпарадкавання сквера стаў стараста вёскі Анатоль Трафімчык. Ён знаходзіў умельцаў, якія аздобілі пляцоўку сваімі рукамі на грамадскіх пачатках. Так побач з лаўкамі паявіліся драўляныя жырафы і нават скульптуркі казачных дзеда з бабай. Некаторым прыстасаванням для сядзення з дапамогай сякеры прыдалі выгляд самалётаў на радасць дзятве. Далей расфарбавалі старыя бочкі і шыны, з якіх зрабілі новыя кампазіцыі, спатрэбіліся і розныя закручастыя дрэвы, якія знаходзілі ў лесе. Адным словам, тыя, хто прыклаў рукі да агульнакарыснага праекта, падышлі да справы з фантазіяй, творча. Сельвыканкам паклапаціўся пра пясочніцы на новай пляцоўцы. Праўда, у той дзень, калі наш карэспандэнт завітала ў Стайкі, пайшоў снег і прыкрыў усю самадзейную прыгажосць, але ж зусім няцяжка ўявіць, як прыемна і дзецям, і дарослым адпачываць тут з ранняй вясны да восені.

— Усё лета вяскоўцы з задавальненнем сюды прыходзілі — расказвае Мікалай Басалай. Праўда, не абышлося без маленькіх прыкрасцяў. Аднойчы, ранкам тут знайшлі пустыя пляшкі, упакоўкі ад немудрагелістай закускі ды надпісы, выразаныя нажом на лаўцы. Участковы адразу ўзняў пытанне аб устаноўцы камеры відэаназірання. Але адкуль у сельскага Савета грошы на такую апаратуру? Пакуль сышліся на актывізацыі работы добраахвотных дружыннікаў.

Дзі­ця­чы га­ра­док у Яг­ле­ві­чах.

Ад праваслаўнага прыхода

Старшыня Стайкаўскага сельскага Савета Мікалай Басалай на сваёй пасадзе працуе не вельмі даўно. А вось яго суседка Валянціна БЯЗНОСІК узначальвае Яглевіцкі сельвыканкам працяглы час. Пра калегу Мікалай Іванавіч адзываецца з удзячнасцю, бо дапамагала па першым часе ўвайсці ў курс справы, дзялілася напрацоўкамі, у тым ліку і па пытаннях добраўпарадкавання. А вось цяпер старшыні-суседзі абменьваюцца вопытам як у рабочым парадку, так і падчас выязных семінараў, пра якія гаварыў старшыня раённага Савета.

У Яглевічах цэнтр вёскі паступова вымалёўваецца вакол храма, узведзенага ў 2008 годзе. Царкву пабудавалі ўзамен старой драўлянай, якая прастаяла сто гадоў, але моцна пацярпела ад пажару. Менавіта сельскі святар протаіерэй Віталь Кот арганізаваў прыхаджан на добрую агульнакарысную справу.

Літаральна за вясну — пачатак лета сёлета побач з царквой вырас дзіцячы гарадок, які абрысамі нагадвае старажытную крэпасць. Пасля заняткаў дзеці з задавальненнем бягуць сюды са школы, якая знаходзіцца побач. Збоку ад казачнай крэпасці зроблена не проста кармушка, а цэлая сталоўка для птушак. Дзеці іх падкормліваюць, а заадно вучацца стасункам з жывой прыродай. Паводдаль добра прыкметныя абрысы сквера, які прывялі ў парадак, далей падрастае малады сад. Усё гэта робіцца стараннямі актывістаў прыхода і яго святара, вядома, пры падтрымцы мясцовай улады.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Івацэвіцкі раён

Загаловак у газеце: Сельская ідылія на новы лад

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».