Вы тут

Колькасць мігрантаў, якія застаюцца жыць у Беларусі, узрастае


Замежнікі, якія вучацца ў нашых ВНУ, могуць заставацца працаваць у Беларусі. Больш таго, для прыцягнення замежных спецыялістаў на работу ў рэгіёны для іх ствараюцца льготныя ўмовы. Такім чынам на дзяржаўным узроўні вызначаюць аб'ёмы, кірункі і якасны склад міграцыйных патокаў, якія, між іншым, актыўна ўплываюць на колькасць і структуру мясцовага насельніцтва.


У любой краіне ёсць агульны прырост насельніцтва, а ёсць — натуральны, што складваецца з розніцы паміж смяротнасцю і нараджальнасцю. Прыбыццё мігрантаў кампенсуе натуральныя страты і нават садзейнічае прыросту нацыі. У прыватнасці, за апошнія 10 гадоў чвэрць колькасці памерлых беларусаў замянілі мігранты.

— Колькасць мігрантаў, якія застаюцца жыць у Беларусі, узрастае з 2009 года, а ў 2013 годзе сальда міграцыі склала звыш 11,5 тысячы чалавек і ўпершыню перавысіла значэнне натуральных страт насельніцтва, — расказаў Эдуард БАЛАНДЗІН, намеснік начальніка ўпраўлення па міграцыі і рабоце з замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства ДГіМ МУС Беларусі. — Цяпер у краіне пастаянна пражывае больш за 180 тысяч мігрантаў — яны ўжо амаль такія ж грамадзяне, як і беларусы, толькі не могуць галасаваць. Сёлета за першае паўгоддзе было выдадзена 626 дазволаў на пастаяннае пражыванне.

Паняцце «працоўныя мігранты» — актуальнае для Беларусі. Людзі, якія прыехалі ў нашу краіну на працу, лічацца тут часова пражываючымі — такіх у рэспубліцы каля 60 тысяч чалавек. Як толькі тэрмін іх знаходжання тут заканчваецца, дазвол на пражыванне і працу можна працягнуць далей. Калі мігрант застаецца на другі год, ён трапляе ў лік міграцыйнага прыросту насельніцтва Беларусі.

Стратэгічны кірунак праграмы знешняй міграцыі ў Беларусі — стварэнне ўмоў для мэтавага прыцягнення мігрантаў, якія здольны павялічыць і палепшыць якасць чалавечага патэнцыялу краіны, зазначыў Эдуард Баландзін, акрэсліўшы задачы на 2016—2020 гг.

Перш за ўсё гэта прыцягненне замежных спецыялістаў у рэгіёны Беларусі з улікам патрэб у сферы дэмаграфічна-эканамічнай сітуацыі. Каб заахвоціць такіх людзей, ім і членам іх сем'яў кампенсуюцца затраты на пераезд і працаўладкаванне. За першую палову гэтага года кампенсацыю атрымаў 421 іншаземец. Найбольш актыўна прыцягваюць работнікаў на пастаяннае месца жыхарства Брэсцкая, Віцебская і Гомельская вобласці.

— Каб заахвоціць да прыезду ў краіну высокакваліфікаваных замежных спецыялістаў, ім ствараюцца льготныя ўмовы, і гэта агульнапрызнаная сусветная практыка, — падкрэсліў прадстаўнік МУС Беларусі. — Ім патрабуецца меншая колькасць папер для легалізацыі на тэрыторыі Беларусі. Часам, хапае нават аднаго хадайніцтва ад прадпрыемства, куды накіроўваецца работнік.

Сярод актуальных задач праграмы знешняй міграцыі — прыняцце мер аб замацоўванні ў краіне адукаванай моладзі, у тым ліку і замежнай. Сёлетнія папраўкі ў міграцыйнае заканадаўства дазваляюць замежным студэнтам, якія скончылі ВНУ ў Беларусі, адпрацаваць пэўны тэрмін па спецыяльнасці ў нашай рэспубліцы, пасля чаго прадоўжыць сваё знаходжанне на тэрыторыі. У сваю чаргу, плануецца скіраваць увагу на айчынных адукаваных спецыялістаў, якія пражываюць за мяжой, і ствараць ім прывабныя ўмовы для вяртання на радзіму.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у 2015 годзе ў Беларусь прыехалі амаль 32 тысячы чалавек, а крыху больш за 6 тысяч выехалі. Аднак гэта толькі тыя, хто афіцыйна пацвердзіў свой прыезд і ад'езд на працу. «Дакладную лічбу атрымаць нельга, — дадаў Эдуард Баландзін. — Паколькі айчыннае заканадаўства не забараняе беларусу самому знайсці працу за мяжой і з'ехаць на сваю рызыку».

За першае паўгоддзе 2016-га на працу па кантракце ў Беларусь прыехалі 9,5 тысячы замежных грамадзян, у асноўным кітайцаў і ўкраінцаў. Большасць з іх (5,5 тысячы) — рабочых спецыяльнасцяў, 2,3 тысячы — кваліфікаваныя работнікі, крыху больш за 600 чалавек прыбылі ў сельскую гаспадарку, каля 600 — кіраўнікі і 480 плануюць працу ў сферы абслугоўвання.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Нашы і вашы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».