Вы тут

Цікавыя факты з гісторыі беларускай пошты


Як маглі пакараць пісьманосца, які згубіў паведамленне ў дарозе? Калі на работу на станцыі сувязі пачалі прымаць жанчын? Як выглядалі першыя паштовыя скрыні? Пра гэта можна даведацца ў гісторыка-інфармацыйным цэнтры «Белпошты».


Су­пра­цоў­ні­ца гіс­то­ры­ка-ін­фар­ма­цый­на­га цэнт­ра «Бел­пош­ты»  Тац­ця­на ГУ­ЗЯН­КО­ВА пра­во­дзіць эк­скур­сію.

Мужчынская прафесія

Да ХІV стагоддзя пошту перавозілі ганцы. На гэту пасаду падбіраліся людзі вынослівыя і моцныя, бо на шляху падпільноўвала небяспека: звяры, разбойнікі. Ганцы заўсёды мелі ражок і молат ці стрэлы, каб абараніць сябе. Пісьманосцы таксама павінны былі ведаць мясцовасць і мець добрую памяць (найбольш важныя паведамленні не запісваліся, а перадаваліся вусна). Мець такіх «паштальёнаў» маглі толькі багатыя людзі.

Ва ўсе часы да тых, хто перавозіў лісты, былі вельмі высокія патрабаванні. За правіннасці  і дрэнныя навіны жорстка каралі. Цар Аляксей Раманаў ва ўказе 1671 года патрабаваў біць ямшчыкоў палкамі, каб лісты прыходзілі своечасова. А пры Пятры І паштальёну, які сказіў інфармацыю ці згубіў паведамленне, пагражаў смяротны прыгавор.

Цяпер штат пошты на 85 працэнтаў складаюць жанчыны. Але ажно да сярэдзіны ХІХ стагоддзя на гэтую службу прымалі выключна мужчын — адукаваных, якія ведалі геаграфію і некалькі моў. Форма шылася на сродкі саміх жа работнікаў і потым перадавалася ў спадчыну. Жанчын пачалі прымаць на работу, толькі калі з'явілася тэлеграфная сувязь (у Беларусі першыя тэлеграфныя станцыі былі пабудаваны ў 1859 годзе ў Мінску і Бабруйску). Першая дама ў сталічнай канторы была аформлена тэлеграфісткай у 1905-м. Да 1917 года на гэту пасаду бралі дзяўчат, старэйшых за 18 гадоў, удоў і тых, хто быў у шлюбе з чыноўнікамі паштова-тэлеграфнага ведамства (калі жонка хварэла, муж мусіў выконваць яе абавязкі). Жаночая праца аплачвалася горш за мужчынскую, але дамы імкнуліся захаваць свае месцы. Вядомы нават выпадак, калі тэлеграфістка, пасля таго як яе муж звольніўся з пошты, вырашыла аформіць развод, каб не згубіць работу.

— Гадавы заробак звычайнага паштальёна Мінскай канторы ў пачатку ХХ стагоддзя складаў 150 рублёў. А яго начальніка — у 10 разоў больш, — расказвае супрацоўніца гісторыка-інфармацыйнага цэнтра «Белпошты» Таццяна ГУЗЯНКОВА, якая праводзіць для нас экскурсію.

Паш­то­выя штэм­пе­лі.

Дастаўка карэтай і самалётам

Рэгулярная дзяржаўная служба дастаўкі пошты з'явілася на тэрыторыі нашай краіны ў 1649 годзе. Утрымлівалася яна на падаткі насельніцтва. Пасля таго як у 1667 годзе ў вёсцы Андрусава было заключана мірнае пагадненне паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, асобным пунктам якога было развіццё паштовых зносін, стварылі першы паштовы тракт — па напрамку Масква—Вільня. Ён праходзіў праз такія гарады, як Магілёў, Мінск. Карэспандэнцыя адпраўлялася раз на тыдзень. З Масквы да Вільні лісты даходзілі за 21 дзень.

У тым жа 1667 годзе ў Мінску з'явіўся першы паштовы ям (прататып станцыі). У яго штаце былі тры ямшчыкі і адзін стараста. Тут можна было памяняць коней, пераначаваць. Пазней паштовыя ямы былі створаны ў Мсціславе, Магілёве, Барысаве, Смілавічах, Радашковічах, Маладзечне.

Па дарогах карэспандэнцыю развозілі калёсы і карэты. У пачатку ХІХ стагоддзя сталі выкарыстоўваць таксама дыліжансы. Сярэдняя хуткасць гэтых карэт складала 10 км/г. Дыліжанс ехаў і днём і ноччу і спыняўся ў тавернах толькі для яды і змены коней.

У 1917 годзе з'яўляюцца паштовыя вагоны. А ў 1932-м адкрылася першая беларуская паштовая авіялінія Мінск—Глуск—Парычы—Мозыр на самалёце У-2. Праз тры гады для рэгулярнай перавозкі лістоў сталі выкарыстоўваць паветраную лінію Мінск—Масква. У 1940 годзе пабудавалі аэрадромы ў Пінску, Вілейцы, Баранавічах і адкрылі новыя паштовыя авіялініі: Мінск—Баранавічы—Пінск—Брэст—Мінск і Мінск—Вілейка—Беласток—Мінск.

Скрыні вагой да паўцэнтнера

Доўгі час лісты перасылаліся без канвертаў (у Расіі канверты з'явіліся ў 1845 годзе). Таму да зместу пісьмаў былі пэўныя патрабаванні: напрыклад, каб у тэксце не пісалі нецэнзурных слоў.

Першую ж марку ў Расіі выпусцілі ў 1857 годзе. На ёй быў намаляваны дзяржаўны герб і прастаўляўся кошт паштовага збору.

— За канверт трэба было заплаціць адну капейку срэбра, за перасылку — 5 капеек. Атрымаць паштоўку ў той час было дарагім падарункам, — кажа Таццяна Аркадзеўна.

Паштовыя скрыні ў гарадах сталі ўстанаўліваць у 1850-х гадах. Спачатку яны былі драўлянымі, але іх часам падпальвалі, і лісты не захоўваліся. Таму вырашылі рабіць чыгунныя. Праўда, такія скрыні былі занадта масіўнымі: адна магла важыць да 49 кілаграмаў! Матэрыял у выніку замянілі на іншы метал. У 1910 годзе канструктар Павел Шабараў распрацаваў паштовую скрыню з доннымі дзверцамі, якія адкрываліся механічна, калі да іх прыкладалі спецыяльную скрыню. Гэта сістэма захавалася і па сёння.

Скрыні ўстанаўлівалі ў паштовых канторах, дробязных крамах. У Мінску быў час, калі іх вешалі нават на грамадскі транспарт — аўтобусы і трамваі. Пошту збіралі два разы на дзень. Пісьманосцам выдавалі чырвоныя пласцінкі: яны павінны былі пакласці іх у скрыні, калі даставалі адтуль карэспандэнцыю, і замест іх забраць сінія. Такім чынам ажыццяўляўся кантроль. Цяпер гэта робіць электронная сістэма сачэння.

Сур­гуч­ныя пя­чат­кі.

Ад арыфмометра да камп'ютара

У музеі пошты сабрана шмат цікавых экспанатаў. Напрыклад, форма паштальёнаў, у якой абслугоўвалі Алімпіяду-1980. Ці ўсе маркі, выпушчаныя ў краіне з 1992 года. І нават пісьмовыя скаргі на работу станцый Віцебскай губерні ў 1861 годзе, у прыватнасці, на страту карэспандэнцыі і дрэннае меню.

Наведвальнікі могуць азнаёміцца з тэхнікай, якая выкарыстоўвалася ў аддзяленнях у розныя часы. Арыфмометры, падсумоўваючыя апараты, маркіравальныя машыны... Касавы апарат «КІМ», на якім ішоў прыём падпіскі і тэлеграм. Таццяна Аркадзеўна, якая працуе на пошце больш за 40 гадоў, асабіста апрабавала кожную з гэтых машын.

— Што было самае складанае ў выкарыстанні? — задумваецца яна. — Напэўна, «Анега-3», электрамеханічная машына. Але мне падабалася ўсё новае, таму я з цікавасцю асвойвала любую тэхніку.

Супрацоўніца гісторыка-інфармацыйнага цэнтра паказвае нам таксама вынаходку работніка пошты — «заспакаяльнік вадкасці». Выглядае прыстасаванне як дзве перакрыжаваныя пласціны. Паштальёны, якія перавозілі карэспандэнцыю ў вагонах, ставілі гэтыя пласціны ў каструлю з супам, каб той не выліваўся пры руху.

Усяго ў музеі сабрана каля 5 тысяч экспанатаў (з іх 4 тысячы — гэта калекцыі паштовак, канвертаў, марак). Многае ляжыць у запасніках, таму экспазіцыя перыядычна абнаўляецца.

Даведка

Гісторыка-інфармацыйны цэнтр «Белпошты» быў створаны па ініцыятыве работнікаў прадпрыемства ў 2005 годзе. Ён знаходзіцца ў Мінску на вуліцы Вакзальная, 22. Наведванне музея бясплатнае.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Незамужнія тэлеграфісткі і скрыні для лістоў на трамваях

Каментары

"Цар Аляксей Раманаў ва ўказе 1671 года патрабаваў біць ямшчыкоў палкамі, каб лісты прыходзілі своечасова. А пры Пятры І... " А при чем тут беларусская почта??? Наша страна в то время была в другом государстве, где была ДРУГАЯ почта!! Напишите еще про историю беларусской почтой во времена нацистской оккупации...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.