Вы тут

Ніна Волах: Упэўнена, ад смерці мяне выратавала маці Петруся Броўкі


27 студзеня 1945 года савецкімі войскамі быў вызвалены найбуйнейшы фашысцкі лагер масавага знішчэння — Асвенцым (нямецкая назва — Аўшвіц), які знаходзіўся на тэрыторыі Польшчы. Чалавек, які трапляў за калючы дрот Асвенцыма, павінен быў выйсці адтуль дымам праз трубу крэматорыя. Усяго з 1940 па 1945 гады праз лагер прайшлі больш за паўтара мільёна чалавек розных нацыянальнасцяў. Тысячы беларусаў сталі ахвярамі Асвенцыма.


 

Шмат гадоў таму мне давялося пазнаёміцца з Нінай Волах, якая прайшла Асвенцым і выжыла. Ёй было 14 гадоў, калі дзяўчынку разам з маці і аднавяскоўцамі з лясной вёскі Дубінец, якая месціцца на мяжы Ушацкага і Докшыцкага раёнаў, кінулі за агароджу Асвенцыма.

Яна ніколі не выхвалялася сваім журботным лёсам — вайна пакалечыла лёс многіх людзей таго часу. Пра свае пакуты лагернага жыцця Ніна старалася не ўспамінаць — гэта балюча раніць сэрца. Але аднойчы прагаварылася...

— У той дзень дайшла чарга і да нашага бараку. Вязняў вывелі на плошчу, пастроілі ў шарэнгі і кожнага дзясятага выводзілі наперад — у печ. Я таксама трапіла ў гэты “пячны” лік. Памятаю, кроў стрэліла ў скронь, як падкасіліся ногі... І раптам жанчына, якая стаяла побач, адштурхнула мяне і заняла маё месца. «Дачка, табе яшчэ рана паміраць, а я сваё пажыла», — шапнула яна. У наш барак жанчына болей не вярнулася.

Ніна Волах успомніла начныя гаворкі жанчын на лагерных нарах. Выявілася, што жанчына была з тых жа мясцін — з вёскі Пуцілкавічы, якая была ў складзе Ушацкага раёна. Яна любіла расказваць пра свайго сына, які пісаў вершы, друкаваўся ў газеце. І толькі праз шмат гадоў пасля вайны Ніна даведалася, што маці Народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі Алена Сцяпанаўна загінула ў Асвенцыме. "А ці не тая жанчына выратавала маё жыццё?" — кожны раз думала-перадумвала яна пра незнаёмую жынчыну. І сэрца падказвала Ніне, што яна не памылялася.

...На памяць пра незабыўныя дні лагера на руцэ Ніны застаўся нумар 61630. Можа, менавіта ён быў “шчаслівым” і выратаваў яе?

Яна ніколі больш не была ў Асвенцыме. На жаль, яе ніколі і не запрашалі ў паездку з ветэранамі і вязнямі вайны. А можа і добра, што не перажыла наноў узрушэння і болю. Напэўна, убачыць яшчэ раз фабрыку смерці быў бы для яе сапраўдным шокам. Бо нават мне, чалавеку, які не зведаў вайны, цяжка было паехаць на экскурсію ў гэтую мясціну. Мінулай восенню я ўпершыню ўбачыў сапраўднае пекла, які некалі гатовілі нам нацысты Германіі.

Анатоль Кляшчук,

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.