Вы тут

Куды можна здаць воўну на ніткі?


«Паважаная «Звязда»! Дапамажыце, калі ласка, у вырашэнні такога пытання. Падкажыце, ці ёсць у нас у краіне (пажадана непадалёк ад Мінска) прадпрыемства па прыёмцы ад насельніцтва авечай воўны. Мы хацелі б не проста яе здаць, а каб нам яе счасалі, вырабілі ніткі? Будзем потым з іх цёплыя шкарпэткі вязаць».

Загадзя ўдзячныя жыхары вёскі Добавічы Іўеўскага раёна


Нягледзячы на, здавалася б, прастату пытання, адказ на яго давялося шукаць даволі доўга. Забягаючы наперад, адзначым, што ў многіх, да каго мы звярталіся, яно выклікала здзіўленне...

Лагічным падалося пачаць шукаць адказ з сельскай гаспадаркі. Аднак у прэс-службе Мінсельгасхарча рэдакцыю адразу ж расчаравалі: у іх структуры падобнага прадпрыемства, якое патрэбна было заяўнікам, няма. Параілі звярнуцца ў Белкаапсаюз і канцэрн «Беллегпрам». Першая структура займаецца нарыхтоўкай другаснай сыравіны, аднак і тут, у прэс-службе, нам расказалі, што менавіта воўну, ды яшчэ і на ніткі, не прымаюць нідзе па краіне. Іншая справа скураная сыравіна — шкурку возьмуць практычна паўсюдна, дастаткова звярнуцца ў мясцовае раённае спажывецкае таварыства. А што канцэрн «Беллегпрам», які займаецца вытворчасцю і рэалізацыяй тавараў лёгкай прамысловасці? Ва ўпраўленні каардынацыі і развіцця тэкстыльнай галіны рэдакцыю чакаў адмоўны адказ... Адзінае, прагучала падказка, што быццам бы раней «Белмастацпромыслы» маглі аказваць патрэбную вяскоўцам паслугу — аб'яднанню патрэбна пэўная воўна.

Але ў аддзеле маркетынгу дзяржаўнага вытворча-гандлёвага аб'яднання зноў нічым не парадавалі. Хіба, можа фабрыка «Слуцкія паясы», якая вырабляе, апроч іншага, паўшарсцяныя коўдры, нечым дапаможа, абнадзеілі нас і параілі звярнуцца да сваіх калег-маркетолагаў на гэтым прадпрыемстве. Але і там у пошуках адказу мы не прасунуліся наперад. Фабрыцы, канешне, патрэбна сыравіна, але яна закупляе шэрсць тонамі і паслуг насельніцтву з ніткамі не аказвае.

Падчас нашага папярэдняга міні-расследавання нехта з суразмоўцаў падказаў, што паслугі па апрацоўцы шэрсці аказвае прадпрыемства ў Рагачоўскім раёне — ТАА «Ільічоўская шэрсцямыйка», названая па месцы свайго размяшчэння ў пасёлку Ільіч. На прадпрыемстве выслухалі ад нас пытанне жыхароў Іўеўскага раёна і быццам бы абнадзеілі, але... Па-першае, на прадпрыемстве адзіным, чым маглі б дапамагчы прыватнікам, дык гэта проста прамыць шэрсць. Па-другое, гэтай сыравіны ад вяскоўцаў павінны быць не менш за паўтоны. Інакш самім гаспадарам воўны з улікам цаны па паслугу і кошту транспарціроўкі шэрсці на прадпрыемства і назад будзе эканамічна нявыгадна звяртацца на шэрсцямыйку. Як той казаў, атрымаецца ў літаральным сэнсе слоў не вартая аўчынка вырабу. Таму нам нават расцэнкі не сталі называць, сказаўшы, што падобныя выпадкі ўжо былі. Сапраўды, ды і адкуль у вяскоўцаў, нават калі яны аб'яднаюцца для такой справы талакой, будзе паўтоны шэрсці? Напрыканцы размовы нам параілі звярнуцца на Смілавіцкую валяльна-лямцавую фабрыку пад Мінскам (як, дарэчы, і прасілі нашы заяўнікі).

Дырэктар прадпрыемства Васіль Сабан сказаў, што такую паслугу ў поўным аб'ёме, пра якую мараць вяскоўцы, наўрад ці ў краіне можа выканаць якое прадпрыемства. А вось з воўнай тут могуць дапамагчы, праўда, толькі прамыць і счасаць яе. Зробяць гэта ў парадку выключэння, таму расцэнак кіраўнік фабрыкі з ходу не назваў — іх трэба пралічваць. Калі такі варыянт задаволіць нашых заяўнікаў, няхай звязваюцца з прадпрыемствам, паведамляюць аб'ёмы воўны, якая ў іх маецца.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.