Вы тут

Наколькі сур'ёзная адказнасць за здабычу звяроў з Чырвонай кнігі?


Якія парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства цягне за сабой самагонаварэнне ў лесе? Шрот, карцеч, куля: у чым адрозненні? Наколькі сур'ёзнай можа быць адказнасць за здабычу звяроў, якія не з'яўляюцца паляўнічымі, у тым ліку ўключаных у Чырвоную кнігу нашай краіны? На гэтыя пытанні сёння даюць адказы спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.


Самагон супраць экалогіі

...Ледзьве прыкметны дымок над полагам лесу і адсутнасць гукаў лесанарыхтоўчай тэхнікі навялі работнікаў Ваўкавыскай міжрайінспекцыі на думку пра незаконную вытворчасць самагону ў глухім гушчары Падароскага лясніцтва. Інтуіцыя не падвяла — у лесе дзяржінспектары выявілі ўнушальных памераў самагонны апарат і больш за шэсць тысяч літраў гатовай да перагону брагі.

Навокал было раскідана бытавое смецце, ссечана некалькі вялікіх сосен і цалкам знішчана жывое надглебавае покрыва на плошчы каля 50 квадратных метраў. Самагоншчыкаў на месцы не аказалася, таму было прынята рашэнне арганізаваць схаванае назіранне, для чаго дзяржінспектары выклікалі супрацоўнікаў мясцовага РАУС. У той жа дзень быў затрыманы 25-гадовы жыхар вёскі Поразава Свіслацкага раёна.

За знішчэнне надглебавага покрыва, незаконную высечку дрэў і забруджванне лесу ў адносінах да затрыманага склалі пратаколы па трох артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Міліцыя прыцягнула вяскоўца да адказнасці за самагонаварэнне. А на наступны дзень работнікі гэтай жа міжрайінспекцыі выкрылі чарговага самагоншчыка ў лесе каля вёскі Варонічы Свіслацкага раёна. У выніку зліву гарачых фракцый прадукцыі самагонаварэння ён знішчыў жывы надглебавы покрыў на плошчы 30 квадратных метраў, засмеціў лес. У парушальніка канфіскавалі 600 літраў брагі.

Самагонаварэнне ў лесе цягне шматлікія парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства. Гэта і высечка драўнінна-хмызняковай расліннасці (для распальвання вогнішча), і засмечванне прылеглай тэрыторыі, і — што таксама мае значэнне — знішчэнне жывога надглебавага покрыва і ляснога подсцілу злівамі гарачых таксічных адходаў вытворчасці самагону.

«Спадарожнік» схільны да рыкашэту

Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання (дадатак 2) рэгламентуюць, якія прылады і боепрыпасы трэба выкарыстоўваць пры паляванні на розных жывёл. Прымяненне недазволеных боепрыпасаў небяспечнае сур'ёзнымі наступствамі для паляўнічага і можа быць кваліфікавана як незаконнае паляванне.

Пункт 114 Правілаў забараняе не толькі выкарыстанне, але і нашэнне ў паляўнічых угоддзях патронаў, забяспечаных кулямі або карцеччу, пры паляванні на ненармаваныя віды (большасць пушных і птушак), пакідаючы ў арсенале такіх паляўнічых толькі шрот. У сваю чаргу, прымяненне карцечы, не кажучы ўжо пра шрот, недапушчальна пры паляванні на буйных капытных — лася, аленя, дарослага дзіка.

Улічваючы гэтыя патрабаванні, паляўнічым неабходна дакладна адрозніваць адзін ад аднаго кідальныя элементы патронаў — шрот, карцеч, кулю.

Правіламі вызначана, што шрот — гэта металічныя шарыкі або элементы іншай формы дыяметрам (памерам) да 5 міліметраў уключна, якія выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі паляўнічых патронаў. Згодна з прынятай яшчэ ў СССР нумарацыяй, шрот дыяметрам 5 міліметраў адпавядае максімальнаму па памеры нумару — 0000. Кожны наступны нумар адрозніваецца ад папярэдняга на 0,25 міліметра.

Найбольшай папулярнасцю карыстаецца шрот ад №0000 да №8. Паляўнічыя на бакаса і перапёлку часцяком выкарыстоўваюць патроны са шротам №9 або №10. Больш дробныя нумары не атрымалі шырокага скарыстання.

У адпаведнасці з Правіламі карцеч — гэта металічныя шарыкі або элементы іншай формы дыяметрам (памерам) больш за 5 міліметраў, якія выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі паляўнічых патронаў. Найбольш хадавымі памерамі карцечы з'яўляюцца — 6,2; 6,5; 7,15; 7,55; 8,0; 8,5; 9,0 міліметраў. Папулярныя сярод паляўнічых і патроны, падрыхтаваныя карцеччу «Трыа», — тры буйныя карцечыны (11,5 міліметра), змешчаныя ў спецыяльны кантэйнер. Нярэдка паляўнічымі выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі патронаў звязаная карцеч, што значна павышае кучнасць стральбы і не забаронена заканадаўствам.

У Правілах палявання адсутнічае азначэнне паняцця «куля». Разам з тым, у адпаведнасці з ДАСТ 28653-90 «Зброя стралковая. Тэрміны і азначэнні», куля патрона стралковай зброі — кідальны элемент, які выкідаецца з канала ствала стралковай зброі такім чынам, што праз папярочнае сячэнне канала ствала ў кожны момант праходзіць толькі адзін такі элемент.

Існуе мноства розных відаў і тыпаў куль да гладкаствольнай паляўнічай зброі. Аднак звяртаем асаблівую ўвагу, што пры правядзенні загонных паляванняў выкарыстанне патронаў да гладкаствольнай зброі з круглай куляй («Спадарожнік» і інш.) забаронена з-за яе схільнасці да рыкашэту.

Некалькі слоў пра кулі для гладкаствольнай паляўнічай зброі. Патроны «Комбі» (куля + карцеч), а таксама патроны тыпу «Тандэм», падрыхтаваныя двума сталёвымі шарыкамі вялікага дыяметру, расцэньваюцца як падрыхтаваныя карцеччу. Выкарыстоўваць іх для здабычы буйных капытных (лася, аленя, дарослага дзіка) нельга.

Пры падрыхтоўцы да чарговага выезду на прыроду паляўнічаму будзе не лішнім уважліва агледзець свой патранташ і праверыць, ці адпавядаюць патроны, якія знаходзяцца ў ім, правілам маючага адбыцца палявання.

Нашэнне і (або) выкарыстанне забароненых прылад палявання (у тым ліку патронаў да паляўнічай зброі) цягне адміністрацыйную адказнасць у адпаведнасці з часткай 1 артыкула 15.37 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь у выглядзе накладання штрафу (ад 20 да 50 базавых велічынь) з канфіскацыяй або без канфіскацыі прылад палявання і з пазбаўленнем спецыяльнага права.

Якая цана ў «чырванакніжніка»?

У ходзе палявання на пушных паляўнічых жывёл заўсёды ёсць верагоднасць сустрэць звяроў, якія не з'яўляюцца паляўнічымі, у тым ліку ўключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Нават ненаўмысная іх здабыча пагражае сур'ёзнымі наступствамі і можа надоўга пазбавіць паляўнічага магчымасці займацца любімай справай.

У лістападзе мінулага года аператыўнікі Дзяржінспекцыі непадалёк ад вёскі Шыкуці Валожынскага раёна затрымалі 26-гадовага мінчаніна, які ў працэсе палявання на пушніну незаконна здабыў чырванакніжнага гарнастая. Нанесеная прыродзе шкода склала 210 базавых велічынь або 37,8 мільёна (недэнамінаваных) рублёў. Гэтую буйную суму і давялося выплаціць паляўнічаму за дробнага, але каштоўнага звярка.

Каб пазбегнуць падобных сітуацый, кожны паляўнічы павінен мець дакладнае ўяўленне аб адметных прыкметах паляўнічых жывёл і тых, якія да такіх не адносяцца, ведаць віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу.

Незаконнае паляванне, у тым ліку здабыча ў працэсе палявання дзікай жывёлы, не аднесенай да паляўнічай, або паляўнічай жывёлы, не ўказанай у паляўнічай пуцёўцы (апрача ваўка, лісіцы, янотападобнага сабакі, вароны шэрай і сарокі), цягне адміністрацыйную (штраф ад 20 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй, або без канфіскацыі прылад палявання і з пазбаўленнем спецыяльнага права), крымінальную (штраф, пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю) і грамадзянска-прававую (пакрыццё шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю) адказнасць.

У выпадку незаконнай здабычы дзікай жывёліны, якая з'яўляецца ўзорам CITES або ўключанай у Чырвоную кнігу, памер шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, вылічаецца ў двайным або трайным памерах адпаведна. Пры незаконнай здабычы дзікай жывёліны, якая жыве ва ўгоддзях, у якіх забаронена яе адабранне, памер шкоды вылічаецца ў трайным памеры.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Лес патрабуе законапаслухмянасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».