Вы тут

Каму плаціць за злітыя літры?


Летась у «Звяздзе» быў надрукаваны артыкул пра магіляўчаніна, які скардзіўся на тое, што яму прыходзіцца зліваць шмат халоднай вады з гарачага крана. Ён звяртаўся са сваёй праблемай у розныя інстанцыі. Прыходзілі камісіі, правяралі. Адны напісалі ў акце, што трэба зліць 6 літраў вады, пакуль яна набярэ неабходныя 50 градусаў, іншыя — 4,5 літра.


— Я спраўна плачу па «лічыльніках», але пры гэтым губляю грошы адначасова на ўсіх «водных» паслугах — гарачай і халоднай вадзе, каналізацыі, паколькі тут усё ўзаемазвязана. Тым больш, што 4,5—6 літраў псеўдагарачай вады ў нікуды — гэта за раз, праз гадзіну кран адкрыў, а вада зноў пабегла халодная — труба ўжо астыла, — скардзіўся магіляўчанін, патрабуючы зрабіць пераразлік або нешта памяняць у самой канструкцыі водаразмеркавальнай сістэмы. У кватэрах на апошніх паверхах разводка гарачай вады зроблена з улікам яе распаветрывання.

Ва ўпраўленні ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама карэспандэнту «Звязды» патлумачылі, што дом, дзе жыве грамадзянін, мае сістэму рэцыркуляцыі. Гэта значыць, што 10-працэнтная зніжка на гарачую ваду тут не прадугледжана. А зрабіць пераразлік немагчыма, бо няма такой методыкі.

— Мы толькі ўмоўна палічылі магіляўчаніну страты з разліку, што ў дзень зліваецца 4,5 літра вады, памножылі на колькасць дзён у месяцы і атрымалася, што жыхар губляе на гарачай вадзе 10 капеек, на каналізацыі 6-7. Але, паўтаруся, гэта ўсё чыста ўмоўна. Заканадаўствам пераразлік у такіх выпадках не прадугледжаны, — патлумачыла галоўны спецыяліст упраўлення ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама Марына Падглазава.

Пытанне тэхнічнага плана

Магіляўчанін працягвае адстойваць свае інтарэсы. У пачатку студзеня ён прыйшоў на прыём да губернатара Уладзіміра Даманеўскага, а ў мінулую пятніцу падчас круглага стала, дзе разглядаўся стан спраў у сістэме ЖКГ у маштабах вобласці, у карэспандэнта «Звязды» была магчымасць задаць набалелае пытанне намесніку міністра ЖКГ Генадзю Трубілу.

— Калі ёсць сістэма рэцыркуляцыі гарачага водазабеспячэння, гэта значыць, што астывае толькі адгалінаванне ад стаяка з гарачай вадой да крана, — патлумачыў ён. — Можа, трэба разгледзець магчымасць паменшыць гэтую адлегласць або прапанаваць нешта яшчэ. Грамадзянін на падставе закона аб абароне правоў спажыўцоў можа прад'явіць прэтэнзію да арганізацыі, якая эксплуатуе жыллёвы фонд. Даказаць, што паслуга не якасная. Але трэба разумець, што амаль увесь наш жыллёвы фонд — гэта спадчына Савецкага Саюза. Сёння можна мадэрнізаваць тэхналогіі, якія выкарыстоўваліся пры будаўніцтве гэтых дамоў, аднак трэба глядзець і эканамічны эфект ад гэтага. Калі вырашэнне пытання грамадзяніна патрабуе нязначных тэхнічных выдаткаў, то паглядзець можна. Калі не, растлумачыць — чаму.

Начальнік упраўлення ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Вашкевіч патлумачыў тэхнічны бок праблемы:

— Неабходна ставіць спускавы клапан, але пры той сістэме разводкі, якая існуе ў доме, узнікае вялікая верагоднасць затаплення. Да таго ж, як паведамілі спецыялісты праектнага інстытута, гэта не гарантуе, што з крана адразу ж пабяжыць вада 50-градуснай тэмпературы. У любым доме і на любым паверсе прыходзіцца зліваць ваду па 3-4 секунды, паколькі адгалінаванне ад стаяка з гарачай вадой да крана астывае.

Дарэчы, дамоў з такой жа сістэмай гарачага водазабеспячэння, як у заяўніка, у Магілёве 320.

— Зліў вады там складае ад 2 да 7 секунд пры сярэднім выдатку 100—150 грамаў у секунду, — паведаміў намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Вяракса. — Канешне, калі памножыць 100 грамаў на 100 адкрыццяў крана, лічба будзе больш сур'ёзнай. Але пакуль толькі адзін жыхар узняў такое пытанне.

Карэспандэнт «Звязды» таксама спыталася ў намесніка міністра, ці магчыма для жыхароў апошніх паверхаў, дзе адбываюцца такія нязручнасці, прадставіць 10-працэнтную зніжку, як і для тых, хто жыве ў дамах з адсутнасцю сістэм рэцыркуляцыі.

— Тут не можа быць ніякага параўнання, — адказаў ён. — У тых дамах, дзе няма сістэмы рэцыркуляцыі, сапраўды прыходзіцца зліваць шмат вады. Гэта даказаны факт. І там людзі не карыстаюцца тым пабочным цяплом, якое ідзе ад змеевікоў. Там у ванных пакоях холадна. Але такія тэхнічныя рашэнні існавалі ў Савецкім Саюзе. І перарабляць іх дорага. Ёсць, вядома, тэхналогіі, калі праз паўсекунды ідзе гарачая вада. Напрыклад, праточны воданагравальнік. Але ён бярэ вельмі шмат электраэнергіі. Можна паставіць такі прыбор, але прыйдзецца больш плаціць за электраэнергію.

— А чаму б не задзейнічаць прыборы ўліку, якія лічаць толькі гарачую ваду?

— Прыборы ўліку, незалежна ад таго, халодная гэта вада або гарачая, тэмпературу не ўлічваюць. Падагрэў ідзе ў групавым або індывідуальным бойлеры. Цяпло награвае халодную ваду, і яна ідзе ў кран. Калі не захоўваецца цеплавы стандарт, ёсць механізм пераразліку. Але калі вада на нейкім этапе набірае 50 градусаў, пераразліку не будзе.

Пра капрамонты, індывідуальныя лічыльнікі і сумленне

Сяргей Вашкевіч паведаміў, што за год у адрас жыллёва-камунальных прадпрыемстваў паступіла больш за 9 тысяч зваротаў. Людзей хвалявалі пытанні эксплуатацыі і абслугоўвання жыллёвага фонду, добраўпарадкавання тэрыторыі і разлікаў за камунальныя паслугі. Апошнія, запэўніў кіраўнік абласнога ведамства ЖКГ, на 80% былі знятыя, дзякуючы тлумачэнням.

Адна з надзённых тэм, якая турбуе насельніцтва, — правядзенне капрамонтаў. За апошнія некалькі гадоў іх колькасць у вобласці і краіне ў цэлым павялічылася больш чым удвая. І, як паведаміў намеснік міністра ЖКГ, у наступныя гады будзе яшчэ павялічана да 3% ад агульнага жыллёвага фонду. Гэта прадугледжана зацверджанай урадам Беларусі на 2016—2020 гады праграмай «Камфортнае жыллё». Дарэчы, Магілёўшчына першая ў рэйтынгу краіны па якасці і тэрмінах правядзення капрамонтаў. Для параўнання, летась ад насельніцтва вобласці паступіла 152 звароты на гэтую тэму, а, напрыклад, у Мінскай — 1274.

Жыхары таксама заклапочаны пытаннем эканоміі цяпла. Некаторыя скардзяцца, што ў кватэрах бывае так горача, што прыходзіцца адчыняць форткі. Крыўдна, што за гэтыя лішкі прыходзіцца плаціць са сваёй кішэні. Генадзь Трубіла паведаміў, што ў краіне створана працоўная група, якая якраз і займаецца пытаннямі паступовага пераходу на індывідуальныя прыборы ўліку цяпла. «З 2010 года ў Беларусі будуюцца жылыя дамы з гарызантальнай разводкай ацяплення і індывідуальнымі прыборамі ўліку цяпла. Іх пакуль у агульнай масе мала. У дамах старой жылой забудовы прапрацоўваем магчымасць устаноўкі размеркавальнікаў цяпла з сістэмай рэгулявання на вертыкальныя разводкі ацяплення. Паколькі праблема эканоміі цяпла не толькі дзяржаўная, але і кожнага грамадзяніна паасобку, збіраемся ўцягнуць ў гэтую справу жыхароў. За іх кошт, напрыклад, будзе набывацца прыбор і рэгулятар, а ўстаноўка — за бюджэтныя сродкі. На 96% жыллё ў краіне прыватызаванае. Людзі могуць і павінны ўплываць на цепласпажыванне ў сваіх кватэрах. Гэта ў іх жа інтарэсах. Мы праводзілі ў Мінску маніторынг, падчас якога ўстанавілі, што, калі кожны пачне памяншаць цяпло ў сваёй кватэры, то эканомія ў цэлым па доме складзе каля 10%.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.