Вы тут

Што такое гібрыднае насенне і ў чым яго перавагі?


Набліжаецца час сяўбы расады некаторых культур. Купля насення і абавязкова звязаны з гэтым выбар сартоў — найважнейшыя задачы, рашэнне якіх шмат у чым вызначыць будучы ўраджай.


Як вызначыць патрэбную колькасць?

Каб зрабіць прыкладны разлік, трэба ведаць, колькі градак, якой плошчы і якіх культур вы будзеце высейваць. Зыходзячы з гэтага, зрабіце разлік неабходнай колькасці насення.

Улічвайце, што на 10 квадратных метраў высейваюць:

  • насення кабачка — 3—4 г,
  • морквы — 5—6 г,
  • буракоў сталовых — 10—12 г,
  • радыскі — 18—20 г,
  • рэдзькі — 4—6 г,
  • рэпы — 2 г,
  • салаты — 2—3 г.

Як вызначыць вагу, калі колькасць на ўпакоўцы пазначана ў штуках?

Па памеры насенне агароднінных раслін дзеляць на:

  • вельмі буйное — у гарбуза, кабачка, бабоў, фасолі, кавуна. У 1 граме такога насення налічваецца да 10 штук зярнят;
  • буйное — у агурка, дыні, радыскі, рэдзькі, буракоў. У 1 г такога насення налічваецца ад 15 да 100 штук зярнят;
  • сярэдняга памеру — у капусты ўсіх відаў, тамата, перцу, баклажана. Іх у 1 г бывае ад 150 да 350 штук зярнят;
  • дробнае і вельмі дробнае — у морквы, пятрушкі, салаты, сельдэрэя, рэпы. У 1 г налічваецца ад 600 да 1000 штук зярнят.

Буйнога насення расходуецца больш, дробнага — менш. Розная і глыбіня іх закладкі ў глебу пры пасеве: вельмі буйное і буйное сеюць на глыбіню 3—4 сантыметры, сярэдняга памеру — на 2—3 сантыметры, дробнае — не глыбей сантыметра. Пры гэтым неабходна рабіць папраўку на склад глебы: на лёгкіх, пясчаных глебах насенне сеюць глыбей, чым на цяжкіх.

Па якіх крытэрыях выбіраць сарты агародніны?

Кожны сорт характарызуецца шматлікімі паказчыкамі: скараспеласцю, ураджайнасцю, лёжкасцю, транспартабельнасцю, смакавымі, пажыўнымі і лячэбнымі якасцямі, устойлівасцю да хвароб і шкоднікаў і многімі іншымі характарыстыкамі.

Зразумела, што прыярытэты ў кожнага агародніка свае: камусьці важнейшая ўраджайнасць, камусьці — ўстойлівасць культуры да хвароб. Але ёсць агульныя для ўсіх правілы, якія варта ведаць і ўлічваць.

  • Улічвайце тэрмін паспявання

Сарты і гібрыды ўсіх культур умоўна падзяляюцца на раннія, сярэдняспелыя і познія. Такое вызначэнне ўстаноўлена ў залежнасці ад працягласці перыяду вырошчвання — вегетацыі, які доўжыцца ад з'яўлення ўсходаў да пачатку збору ўраджаю. Загадзя плануйце, які ўраджай і ў якія тэрміны вам неабходна атрымаць, і ў залежнасці ад гэтага прымайце рашэнне пра сарты. Да таго ж памятайце, што познія сарты агароднінных культур больш ураджайныя і назапашваюць больш вітамінаў і карысных рэчываў, чым раннія.

  • Выбірайце раяніраваныя сарты

Перш чым купляць насенне, трэба высветліць, ці раяніраваны выбраны сорт у вашай мясцовасці, ці хопіць цяпла для яго вырошчвання. З раяніраваннем апошнімі гадамі таксама не ўсё проста: за рэгістрацыю новага сорту і гібрыда неабходна плаціць грошы, таму многія фірмы не рэгіструюць афіцыйна новыя сарты і гібрыды і не раяніруюць іх. Так што абапірайцеся на свой вопыт і вопыт сваіх знаёмых, сяброў, суседзяў-дачнікаў.

Каб засцерагчыся ад падробак, купляйце насенне правераных фірмаў.

Што такое гібрыднае насенне і ў чым яго перавагі?

Дасведчаныя садоўнікі імкнуцца набыць гібрыднае насенне. Яго атрымліваюць у выніку накіраванага адбору ад скрыжавання ўраджайных сартоў з рознымі каштоўнымі біялагічнымі і гаспадарчымі прыкметамі. Расліны гібрыднага насення прынята пазначаць літарай F (ад пачатковай літары лацінскага алфавіта, якая азначае ў перакладзе «дзеці»). Лічба, якая стаіць побач, паказвае, якое гэта пакаленне.

Расліны першага пакалення F1, як правіла, пераўзыходзяць бацькоўскія па ўраджайнасці і іншых прыкметах. Гэту з'яву называюць гетэрозіс, а гібрыды — гетэрозіснымі. Многія гетэрозісныя гібрыды раяніраваны і шырока выкарыстоўваюцца ў вытворчасці агародніны.

Агародніку неабходна ведаць, што насенне гетэрозісных раслін не захоўвае ўласцівасцяў бацькоў. Гетэрозіснае гібрыднае насенне кожны раз атрымліваюць, скрыжоўваючы матчыны і бацькавы сарты або лініі. Працэс гэты складаны і працаёмкі, таму гібрыднае насенне даражэйшае за сартавое. Акрамя таго, тэхналогія гібрыдызацыі і падбору бацькоў — інтэлектуальная ўласнасць аўтара-селекцыянера. А гэта таксама каштуе грошай.

Ірына ТАМКОВІЧ

Загаловак у газеце: Пра насенне

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».