Вы тут

Жанчыны з дзецьмі — нязручныя работнікі?


Беларусы сутыкаюцца з дыскрымінацыяй на рынку працы, але ў суд не звяртаюцца.

«На чарговым сходзе кіраўнік сказаў нам, што на працоўным месцы паміраць не трэба: хварэеце — ідзіце на «бальнічны». А калі дзеці хварэюць, то вы можаце сабе дазволіць няньку. Калі пойдзеце на дзіцячы «бальнічны» тры разы за год, з вамі не працягнуць кантракт». Гэта адна з гісторый, сабраных падчас інфармацыйнай кампаніі «Пол не потолок», якая вывучала пытанні няроўнасці па прыкмеце полу на рынку працы.


«Сыходзіў у дэкрэт — з мяне пасмяяліся»

Міжнародная грамадская арганізацыя «Гендарныя перспектывы» запусціла кампанію ў жніўні мінулага года. За гэты час было даслана каля паўсотні гісторый аб дыскрымінацыі. Большасць з іх (90 працэнтаў) паступіла ад жанчын. У кожнай шостай гісторыі дамы расказвалі, што яны атрымлівалі адмову ў прыёме на работу, бо на гэту пасаду наймальнік планаваў узяць мужчыну, які з'яўляецца больш выгадным супрацоўнікам (паколькі не сядзіць у дэкрэтным і не застаецца дома з хворымі дзецьмі). Жанчыны таксама часта пісалі, што на сумоўях ім задавалі пытанні аб сямейным становішчы: ці замужам, ці ёсць дзеці.

Як аказалася, мужчыны з сямейнымі абавязкамі таксама сутыкаюцца з праблемамі. «Мая начальніца смяялася, калі я паведаміў аб сыходзе ў дэкрэт, і падчас сацыяльнага водпуску пастаянна нагадвала мне пра тое, што мяне чакае работа», — падзяліўся гісторыяй адзін з бацькоў.

А вось шчодрымі выплатамі да свят часцей радуюць жанчын. У адным з лістоў работніца расказала, што ў яе на прадпрыемстве прэміі да 8 Сакавіка большыя за тыя, што даюць да 23 лютага. Да таго ж жанчыны з дзецьмі атрымліваюць надбаўку да Дня маці, а сямейныя мужчыны — не.

Падчас праекта быў зроблены таксама агляд вакансій у інтэрнэце. Эксперты праманіторылі больш за 5 тысяч аб'яў. З іх 6 працэнтаў утрымлівалі дыскрымінацыйныя патрабаванні па ўзросце, поле і знешніх даных. І калі для прафесіі танцоўшчыцы шоу-балета крытэрый знешнасці аргументаваны, то ў выпадку з вакансіямі адміністратара ці памочніка кіраўніка ён недарэчны.

Пытанні аб прыватным

Па статыстыцы заробак беларускіх жанчын на 24 працэнты меншы за мужчынскі. Гэта пры тым, што 55 працэнтаў жанчын, якія працуюць, маюць вышэйшую адукацыю (сярод работнікаў мужчынскага полу такіх 38 працэнтаў). Атрымліваецца, дамы не могуць манетызаваць свой дыплом.

Па звестках за 2015 год, у сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, скарачэннем штату было звольнена 1,4 працэнта работнікаў-мужчын і 3,7 працэнта жанчын.

— Яшчэ адна праблема — сумяшчэнне прафесійных і сямейных абавязкаў. Гэта таксама ўплывае на тое, якую стратэгію занятасці выбіраюць жанчыны, — мяркуе старшыня праўлення арганізацыі «Гендарныя перспектывы» Ірына АЛЬХОЎКА.

Разам з тым пры інтэрпрэтацыі статыстыкі трэба ўлічваць многія акалічнасці.

— Калі бачым узровень аплаты працы, трэба прааналізаваць, колькі мужчын занята на цяжкіх работах, — звяртае ўвагу Жанна ТАРАСЕВІЧ, дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага. — Так, сярод мужчын меншы працэнт работнікаў з вышэйшай адукацыяй. Але, магчыма, яны працуюць на тых вакансіях, дзе дыплом універсітэта не патрабуецца. Што да звольненых у сувязі з ліквідацыяй прадпрыемства ці скарачэннем штату, то трэба паглядзець, у якіх галінах гэта адбываецца. Плюс мужчыны звычайна не чакаюць банкруцтва арганізацыі, яны раней пачынаюць шукаць новае месца.

А пытанні на сумоўях, непасрэдна не звязаныя з прафесійнымі абавязкамі, часта задаюць, каб зразумець, як задзейнічаць патэнцыйнага работніка. Можа, яму варта прапанаваць гнуткі графік ці надомную работу.

— У банкаўскай анкеце бачыла пытанне: «Ці любіце вы жывёл?» Здавалася б, навошта гэта інфармацыя наймальніку? Вельмі проста. У чалавека, які любіць жывёл, высокі ўзровень спачування. Такога непажадана адпраўляць працаваць у крэдытны аддзел: ненадзейныя кліенты на яго могуць націснуць, каб атрымаць грошы. У выніку ўзровень незваротаў стане большым. А гэта нявыгадна банку, — прыводзіць прыклад Жанна Тарасевіч.

Судзіцца бесперспектыўна

Летась у аддзел па наглядзе за захаваннем правоў і свабод грамадзян упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генеральнай пракуратуры паступіла 2,6 тысячы зваротаў. І ні адзін з іх не тычыўся дыскрымінацыі па прыкмеце полу ў працоўнай сферы. За мінулы год не было заведзена крымінальных спраў за неабгрунтаваную адмову жанчыне ў прыёме на работу ці звальненне па матывах яе цяжарнасці.

— Адсутнасць заяў не азначае, што праблемы не існуе. Правапарушэнні ў гэтай сферы вельмі латэнтныя, — лічыць пракурор аддзела Аляксандр СВАТКО. — Абывацель думае, што судзіцца па такіх пытаннях бесперспектыўна: лепш патраціць гэты час на пошук іншай работы. Да таго ж ён баіцца панесці рэпутацыйныя рызыкі, наймальнікі ж між сабой кантактуюць.

Гарантыі для сямейных мужчын

Чаму наймальнікі лічаць жанчын з дзецьмі «нязручнымі» работнікамі? Адна з прычын — ільготы, якімі дзяржава забяспечвае маці. Напрыклад, жанчын з малымі да 5 гадоў нельга звольніць, а шматдзетным маці прадпрыемствы абавязаны прадастаўляць адзін свабодны дзень на тыдзень, у чым работадаўца, натуральна, не зацікаўлены.

— Наша задача — абараніць тых, хто не можа канкурыраваць як роўныя, — тлумачыць наяўнасць падобных ільгот намеснік начальніка ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацабароны Вольга ЧАМЯРКО. — Жанчына з дзіцем да 5 гадоў, верагодна, будзе праводзіць менш часу на працоўным месцы. Але яна павінна мець магчымасць рэалізаваць свой працоўны патэнцыял.

У міністэрстве разумеюць, што ў ільгот ёсць і пабочны эфект, але адмяніць іх было б няправільна. Па словах Алены КОМЛІК, галоўнага спецыяліста аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі ведамства, аптымальны шлях — забяспечваць і мужчын такімі гарантыямі. Каб наймальнік ведаў, што ўзяць мужчыну — не значыць цалкам застрахаваць сябе.

— Цяпер мы хочам увесці абавязковы водпуск па доглядзе за дзіцем для татаў, — нагадвае Алена Комлік. — Ён не будзе працяглым, каб у работадаўцы не ўзнікала пытання наконт таго, хто будзе займаць месца мужчыны ў гэты час. Ужо ёсць напрацаваныя практыкі, трэба думаць, што лепш упішацца ў нашу рэальнасць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.