Вы тут

Як Лаўрэнцій Цанава спрабаваў выжыць нацыянальнага героя Беларусі


У 1949 годзе Сталін даў пачатак новай хвалі чыстак у партыйным апарце і сярод кіруючых адміністрацыйных кадраў. У Беларусі барацьбу «са здраднікамі і рэвізіяністамі» ўзначаліў міністр дзяржаўнай бяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава.


Вынікам яго злачыннай дзейнасці з'явілася знішчэнне вялікай колькасці ні ў чым не вінаватых людзей, пераслед выдатных партыйных і дзяржаўных дзеячаў. Правакацыі Цанавы адчуў на сабе і Сяргей Прытыцкі, які ў той час працаваў першым сакратаром Гродзенскага абкама партыі. Цанава не мог дараваць, што абласны камітэт спрабаваў заклікаць да парадку разбэшчанага начальніка абласнога ўпраўлення дзяржбяспекі Фралова, які хадзіў у Цанавы ў «любімчыках».

«Справа Прытыцкага» спачатку будавалася вакол «прызнання» правакатара. Лаўрэнцій Фаміч паспрабаваў дыскрэдытаваць дзейнасць Прытыцкага ў камсамольскім і партыйным падполлі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Ён уручыў першаму сакратару ЦК Кампартыі Беларусі Мікалаю Патолічаву ліст аб «падпольнай контррэвалюцыйнай дзейнасці Прытыцкага ў Польшчы». За гэтым лістом былі іншыя — на сваякоў Сяргея Восіпавіча, родных яго жонкі. Не выйшла.

Тады па загадзе Цанавы былі арганізаваны пошукі новых доказаў, і ў хуткім часе Прытыцкаму прад'явілі абвінавачанне ў «правакаванні паўстанцкіх настрояў у Гродзенскай вобласці». Справа набыла круты паварот. Толькі дзякуючы прынцыповай пазіцыі ЦК КПБ, а ў прыватнасці першага сакратара ЦК Патолічава, Прытыцкага ўдалося адстаяць.

«Я тры гады працаваў у апараце ЦК, прысутнічаў на кожным бюро, быў сведкам, што найважнейшыя прынцыповыя пытанні і іншыя рашэнні вырашаліся пры адсутнасці аднадушнай думкі, — казаў падчас свайго выступлення на V пленуме ЦК КПБ 24 ліпеня 1953 года сакратар Гродзенскага абкама партыі Каралёў. — Цанава заяўляў пра сваю нязгоду з тым ці іншым пытаннем, і неяк на гэтым згаджаліся, усякая крытыка меркаванняў была немагчымая. Такое ненармальнае становішча ў рабоце бюро ЦК КПБ працягвалася і пры таварышы Патолічаве. Карыстаючыся тым, што той па першым часе не мог ведаць кіруючыя кадры, іх добрыя якасці і недахопы, Цанава пры папушчальніцтве іншых членаў бюро прыцягваў патрэбных яму людзей, збіваў, шэльмаваў непажаданых яму работнікаў...»

Адным з самых «вострых», прынцыповых і цікавых на тым пленуме было выступленне міністра юстыцыі БССР Івана Ветрава: «Замест таго каб заклікаць Цанаву да парадку, трэба сказаць, што з ім насіліся, падлізваліся да яго, сёй-той шукаў дружбы, садзейнічання, падтрымкі. Замест таго каб яго абсякаць, яго ўлагоджвалі. Каб дагадзіць Цанаве, знялі з працы нацыянальнага беларускага героя, якім з'яўляўся Сяргей Прытыцкі. А халуй і правакатар Фралоў стаў першым намеснікам Цанавы...»

На думку самога Прытыцкага, канфлікт паміж абкамам і абласным упраўленнем МДБ пачаўся ў 1949 годзе, калі першым сакратаром ЦК быў Гусараў. На нарадзе кіраўнікоў дэлегацый падчас вылучэння кандыдатур у ЦК КП(б)Б Сяргей Восіпавіч даў адвод кандыдатуры начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення МДБ Фралову. Мікалай Патолічаў пачаткам канфлікту лічыў дату 18 ліпеня 1950 года, калі на пленуме абкама Прытыцкі і іншыя выступаючыя пакрытыкавалі работу органаў Міністэрства дзяржаўнай бяспекі падчас калектывізацыі сельскай гаспадаркі.

У выніку бюро Цэнтральнага камітэта вырашыла паслаць у Гродзенскую вобласць камісію, якая прадставіла дакладную запіску з высновамі. Ставілася пытанне аб умацаванні кіраўніцтва, але было вырашана не вызваляць таварыша Прытыцкага ад працы. У гэтай складанай абстаноўцы бюро ўзялося дапамагчы Прытыцкаму.

Лістапад 1950 года. У гэты час Прытыцкі працягвае працаваць першым сакратаром абкама. У ЦК паступае вялікая запіска Цанавы, якая ставіць пад сумненне палітычную сумленнасць і прыстойнасць таварыша Прытыцкага. Раз Цанаве не ўдалося збіць яго такім шляхам, па дзелавых меркаваннях, ён вырашыў яго скампраметаваць палітычна. Патолічаў другі раз вымушаны быў паехаць у Цэнтральны Камітэт і па парадзе Малянкова ўнёс прапанову адклікаць Прытыцкага ў ЦК КПБ для таго, каб далей не ўскладняць абстаноўку.

Заслугоўвае ўвагі меркаванне нашага земляка — вядомага расійскага публіцыста і даследчыка, аўтара кнігі «Чыя Беларусь? Межы. Спрэчкі. Крыўды» Мікалая Зяньковіча: «Патолічаў тады (на ліпеньскім пленуме ЦК КПБ 1953 года. — Аўт.) не раскрыў змест запіскі Цанавы, абмежаваўшыся абстрактнай фразай аб яго (Прытыцкага. — Аўт.) палітычнай нядобранадзейнасці. Што ж у ёй было такога пякуча сакрэтнага, што сам Малянкоў параіў Патолічаву адклікаць Прытыцкага ў распараджэнне ЦК КПБ, гэта значыць фактычна зняць з пасады першага сакратара абкама?»

Ва ўспамінах Мікалая Патолічава, якія змешчаны ў кнізе «Сумленнем сваім не паступіся», ёсць такія радкі: «...Калі Цанава ўручыў першаму сакратару ЦК Кампартыі рэспублікі ліст аб «падпольнай контррэвалюцыйнай дзейнасці Прытыцкага ў Польшчы», прычым усё, што да гэтага часу было вядома пра гераічны подзвіг Прытыцкага падчас суда над камсамольцамі, уяўлялася ў іншым святле, расцэньвалася як правакацыйныя дзеянні, накіраваныя на тое, каб спрыяць разгрому Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Гэта быў вельмі разважлівы крок ворага....

У 1953 годзе ў Маскве ў ЦК я зноў паставіў пытанне аб Прытыцкім. Мне сказалі: «Трэба рэабілітаваць Прытыцкага цалкам». Так мы і паступілі. Ён быў накіраваны першым сакратаром Баранавіцкага абласнога камітэта партыі. У наступныя гады ён працаваў першым сакратаром Маладзечанскага і Мінскага абкамаў партыі, сакратаром ЦК КП Беларусі, а затым Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі».

Атрымліваецца, што Сяргея Прытыцкага вярнулі на буйныя партыйныя і дзяржаўныя пасады толькі пасля ліквідацыі Берыі і арышту Цанавы. Пры іх тры гады Сяргея Восіпавіча трымалі ў якасці работніка ЦК КП(б)Б, намесніка загадчыка аддзела Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі. Правяралі сабранае на яго дасье? Фактычна гэта была перамога Цанавы і паражэнне Патолічава, нягледзячы на актыўную падтрымку яго Малянковым.

На думку беларускага пісьменніка Славаміра Антановіча, галоўным ратавальнікам Сяргея Прытыцкага ад Лаўрэнція Цанавы быў не Мікалай Патолічаў, а Міхаіл Зімянін. «У 1951-м годзе Міхаілу Зімяніну прыйшлося выконваць абавязкі першага сакратара ЦК КП(б)Б, — піша Славамір Антановіч. — У нядаўна арганізаваным калгасе Гродзеншчыны адбылася надзвычайная сітуацыя: сяляне з нейкай прычыны адмовіліся здаваць толькі што сабраны хлеб. Пра гэта адразу ж даведаліся і ў НКУС, першы — сам Цанава. Сяргей Прытыцкі, які ўзначальваў тады абкам партыі, не ўдзяліў гэтаму належнай увагі».

«Хлебнае пытанне» сапраўды ўдалося зняць. Свае памылкі прызналі і калгаснікі, і прадстаўнікі мясцовай улады, і Прытыцкі. Здавалася б, можна супакоіцца, але трывога не пакідала Зімяніна ўсю дарогу назад да Мінска. У вушах стаяла нярвовая, напружаная размова з Цанавам: «А я, таварыш Зімянін, сцвярджаю, што ваш Прытыцкі — буржуазны агент яшчэ з часоў дэфензівы!» Нарэшце Цанаву, здавалася, удалося пераканаць у адваротным, і ён пагадзіўся з довадамі свайго апанента, але давяраць яму... Ён лічыў сябе ўсемагутным. Яшчэ б — жанаты на сястры самога Берыі!..» (Гэта не пацверджана дакументамі ці аўтарытэтнымі сведчаннямі. — Аўт.)

Як толькі Зімянін вярнуўся з паездкі з Цанавам на Гродзеншчыну, тэрмінова напісаў шыфраграму ў Крэмль, у якой пастараўся зняць усе магчымыя палітычныя нюансы. Быў упэўнены: Цанава парушыць сваё слова і будзе імкнуцца закруціць «справу», таму дакумент падрыхтаваў у вельмі строгім, максімальна канкрэтызаваным стылі. І сапраўды, «беларускі» Лаўрэнцій усё ж адправіў «маскоўскаму» Лаўрэнцію сваю дакладную на Лубянку зусім з іншымі высновамі. Праўда, раніцай наступнага дня...

Гэтыя дванаццаць гадзін розніцы паміж дзвюма шыфраграмамі прадвызначылі лёс многіх і многіх людзей: Берыя прынёс Сталіну свой матэрыял па Гродзеншчыне пазней, чым гэта зрабілі работнікі ЦК ВКП(б). Высновы, якія Зімянін выклаў у сваёй шыфраграме, пераканалі правадыра, што сітуацыя вычарпана.

Ён паморшчыўся ад прачытанага матэрыялу, падрыхтаванага ведамствам Берыі, перапыніў дыялог словамі: «Гэты... твой Цанава... то спазняецца, то спяшаецца... Прытыцкага я табе не аддам... Яго завербаваць польская дэфензіва не магла... Выпадак збярог, што ён выжыў ад іх куль... Дарэчы, ты ж, Лаўрэнцій, візаваў праект Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні яго ордэнам Леніна ў сувязі з 30-годдзем Беларускай рэспублікі...»
І правадыр уважліва паглядзеў сваімі жаўтлявымі вачыма на «галоўнага чэкіста», чый погляд схаваўся за бляскам акуляраў. Словы Сталіна былі даверчай і ахоўнай граматай.

Такая рэакцыя «бацькі народаў» адтэрмінавала старанна падрыхтаваны «мінскім» Лаўрэнціем сцэнарый вялікага палітычнага пагрому ў Беларусі. Тым не менш Берыя з Цанавам вырашылі «запусціць» сваю рэпрэсіўную машыну пазней, але імклівыя падзеі 1953-га перакрэслілі іх крывавыя планы.

Эмануіл ІОФЕ, доктар гістарычных навук

Загаловак у газеце: «Справа Прытыцкага»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».