Вы тут

Як у Бараўлянах наводзяць парадак на зямлі


Бараўлянскі сельсавет самы вялікі па колькасці насельніцтва і тэрыторыі не толькі ў Мінскім раёне, але наогул у сталічнай вобласці і нават краіне. Тут пражывае амаль 51 тыс. чалавек. Аграгарадок Лясны і вёска Бараўляны практычна зліліся ў адзін «мегаполіс» з 30-тысячным насельніцтвам. Акрамя гэтага, на тэрыторыі сельсавета знаходзіцца яшчэ 16 населеных пунктаў. І некаторыя з іх з кожным годам разрастаюцца. Напрыклад, Копішча да нядаўняга часу было невялікай вёсачкай. Але пасля таго як пачалі актыўна будаваць шматпавярховыя жылыя дамы, прырасло новымі жыхарамі, якіх на сённяшні дзень тут больш як 6 тысяч.


Працуем хутка і якасна.

З пачаткам дачнага сезона ў сельсавеце колькасць насельніцтва павялічваецца за кошт мінчан, якія перабіраюцца на свае лецішчы. А разам з гэтым прыбаўляецца і клопатаў у сельвыканкама. Уласнікі дач падтрымліваюць парадак у першую чаргу на сваіх участках і падворках. А вось смецце, розную бытавую непатрэбшчыну, здараецца, вывозяць у навакольны лес, а то і на абочыну дарогі. Так і вырастаюць у недазволеных месцах стыхійныя звалкі. Не дзіва, што ў камунальнага ўнітарнага прадпрыемства (КУПа), якое створана пры сельвыканкаме, увесь год хапае работы па навядзенні парадку на зямлі.

— Калі б не прадпрыемства, то цяжка нам даводзілася б, — сцвярджае старшыня сельскага Савета Жанна Варабей. — Менавіта гэтая структура займаецца навядзеннем парадку ў месцах агульнага карыстання. Усемагчымыя звалкі, вясной і летам абкошванне тэрыторый ад пустазелля, вываз цвёрдых бытавых адходаў, уладкаванне, парадкаванне могілак, зімой расчыстка вуліц ад снегу — усё гэта справа рук нашай дружнай каманды.

— КУП пры сельвыканкаме было створана ў 2004 годзе, — кажа яго дырэктар Юрый Сафронаў. — Але ў лютым 2011-га яго далучылі да жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна. Мы «перайшлі» туды са сваёй тэхнікай. На ёй працавалі нашы людзі. Праз паўгода нас зноў вылучылі ў самастойную структуру. І мы заснавалі КУП «Бараўляны-сэрвіс», забралі назад сваю тэхніку. Як аказалася, іншым адноўленым прадпрыемствам давялося пачынаць ледзь ці не з нуля, на разбітай тэхніцы. Нашы ж машыны захаваліся ў добрым стане. У ЖКГ мы пакінулі толькі смеццявозы. Раней нашы работнікі збіралі кантэйнеры з адходамі з усіх населеных пунктаў, садовых таварыстваў, гаражных і жыллёва-будаўнічых кааператываў. Цяпер жа займаюцца вывазам толькі буйных габарытных і будаўнічых адходаў. Чалавек піша заяву, выпісвае транспарт, пасля аплачвае паслугу. Бывае, кааперуюцца два-тры жыхары, каб было танней...

На балансе сельскага савета знаходзяцца грамадскія могілкі (у колькасці чатырох, але двое з іх закрытыя). Дзеючыя — у Забалацці і Каралёвым Стане. Апошнія — самыя вялікія. Работы па добраўпарадкаванні тут пачынаюцца як толькі сыдзе снег і працягваюцца да позняй восені: вываз смецця, афарбоўка, рамонт і ўстаноўка агароджы. Мінулай восенню паставілі каля 100 метраў агароджы на могілках у вёсцы Каралёў Стан, якія знаходзяцца на ажыўленай Маскоўскай аўтатрасе і іх часцей наведваюць сваякі і блізкія. Прыбаўляецца клопатаў у работнікаў камунальнага прадпрыемства пасля Радаўніцы, Вялікадня, Дзядоў — збіраецца шмат смецця, якое своечасова трэба прыбраць.

Падчас моцных снегападаў даводзіцца працаваць кругласутачна і без выхадных. Камунальнае прадпрыемства расчышчае не толькі вуліцы, але і падыходы да дзіцячых садоў, школ, бальніц. «Мы падчас прыродных катаклізмаў не дзелім з дарожнікамі тэрыторыі на «свае» і «чужыя», — кажа Юрый Іванавіч.

У камунальнага ўнітарнага прадпрыемства ўвесь год хапае работы...

— Ці дастаткова аднаго КУПа для такога вялікага сельсавета? — пацікавілася ў Жанны Аляксандраўны.

— Стараемся спраўляцца. У нас працуюць яшчэ дарожная, жыллёва-камунальная арганізацыі, за якімі замацаваны тэрыторыі і дзе яны сочаць за парадкам.

Рабочы дзень у старшыні сельвыканкама і дырэктара прадпрыемства пачынаецца з планёрак, дзе вылучаюцца прыярытэты. «Мне пашанцавала з дырэктарам КУПа. Юрый Сафронаў — свой, мясцовы, яму знаёмы кожны куточак, кожная вуліца, кожны завулак. Ён ведае, што трэба рабіць, з чаго пачынаць у першую чаргу», — кажа Жанна Варабей.

Сама Жанна Аляксандраўна на пасадзе старшыні сельвыканкама амаль два гады. Жыве ў Бараўлянах з 1992 года. Аб мясцовым жыцці і праблемах таксама добра ведае. «Калі не рэагуе ўлада, адрэагуюць людзі. Таму імкнёмся працаваць на апярэджанне, — сцвярджае яна. — У канцы дня з Юрыем Іванавічам абмяркоўваем, што ўдалося зрабіць, а што не паспелі, ставім задачы на некалькі дзён наперад».

— КУП — гэта вельмі патрэбная структура, асабліва ў такім вялікім сельскім Савеце, як наш, — лічыць Юрый Сафронаў. — Сельвыканкам — асноўны заказчык работ, спачатку выконваем яго патрабаванні, а ўжо потым аказваем платныя паслугі садовым таварыствам, гаражным кааператывам ці кааператывам індывідуальнай забудовы. Палова з іх заключыла з намі дагаворы на ачыстку тэрыторый ад снегу, на касьбу пустазелля. Яны ведаюць, што пры сельвыканкаме ўжо шмат гадоў існуе аўтарытэтнае прадпрыемства, якое своечасова і якасна выканае ўсе работы.

У камунальным унітарным прадпрыемстве працуюць 15 чалавек. Усе яны прыйшлі сюды з пачатку заснавання КУПа.

— Калі не сакрэт, якая ў работнікаў зарплата? — пытаюся ў Юрыя Сафронава.

— Ніякага сакрэту, 600—800 рублёў, — адказвае ён. — Пад бокам Мінск, таму і даводзіцца трымаць высокую планку. Ды і не сядзім на месцы, заўсёды імкнёмся знайсці новыя заказы. Што датычыцца тэхнікі, то ў нас ёсць усё неабходнае. Нядаўна ўзялі ў лізінг МАЗ, што значна аблегчыць вываз габарытнага смецця.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Надзеі Бужан

Загаловак у газеце: Калі не рэагуе ўлада, адрэагуюць людзі, таму КУП «Бараўляны-сэрвіс» працуе на апярэджанне праблем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».