Вы тут

Дэпутат Валянціна Курсевіч правяла прыём грамадзян


Прыём грамадзян у Бараўлянскім сельвыканкаме правяла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валянціна КУРСЕВІЧ. Яна разам са сваімі памочнікамі Станіславам БУКО, Уладзімірам БУЛЫНЁНКАМ, Ігарам КОБРЫНЫМ і намеснікам старшыні Мінскага райвыканкама Аляксандрам МЯКІННІКАМ, а таксама дырэктарам ЖКГ Мінскага раёна Андрэем БЕКЕТАМ, дырэктарам дзяржаўнага прадпрыемства «Жыллёвік Міншчыны» Арцёмам ЯФРЭМАВЫМ, намеснікам старшыні Бараўлянскага сельвыканкама Сяргеем КАНДРАШЫНЫМ разбіраліся ў праблемах грамадзян.


Чыя маёмасць?

На сустрэчу з дэпутатам прыйшлі 15 чалавек. Звярталіся па розных пытаннях. Некаторыя з іх вырашаліся адразу, напрыклад, калі людзі цікавіліся, ці будзе шматкватэрны дом будавацца з дзяржпадтрымкай. У астатніх разбіраліся — і грамадзяне пакідалі пісьмовыя заявы. Так, у пасёлку Лясным вада пасля дажджу даходзіць амаль што да пад'ездаў. Дэпутат паабяцала разабрацца ў гэтым пытанні разам са службамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Частка праблем падымаецца ўжо не першы раз. Так, каля бараўлянскай сярэдняй школы № 2 у час пік машын на дарозе столькі, што дарослыя баяцца за школьнікаў. Пад'езд пабудаваны такім чынам, што там няма дзе зрабіць паркоўку. Намеснік старшыні Мінскага райвыканкама Аляксандр Мякіннік адказаў, што яшчэ раз разгледзіць гэту сітуацыю разам з дырэктарам школы.

Адным з балючых стала пытанне зямлі. У вёсцы Валяр'янава суседзі не змаглі падзяліць участак, які прылягае да іх уласных надзелаў. На ім вырошчвалі гародніну адразу некалькі сем'яў. З цягам часу даглядаць зямлю засталіся толькі двое, і яны папрасілі перадаць гэты ўчастак ім пад уласную падсобную гаспадарку. І быццам бы ўсе інстанцыі пайшлі ім насустрач. Але ў апошні момант сітуацыя ўскладнілася, да таго ж на зямлю сталі прэтэндаваць іншыя суседзі, якія вырашылі зрабіць там яшчэ адзін пад'езд да свайго дома. У выніку на гэты час рашэнне пытання затрымліваецца, да разбору падключыліся дзяржаўныя органы.

Сваімі сіламі

У вёсцы Дроздава частку ўчасткаў атрымалі сем'і, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, іншыя купілі іх на аўкцыёне па нежартоўных цэнах — ад $40 000 да $120 000. А ў выніку ўсе сутыкнуліся з надзённымі праблемамі. Дарога Дубаўляны — Малінаўка, калі растане снег, выглядае нібы «пасля бамбёжкі»: адны выбоіны. Жыхары спрабавалі яе рамантаваць разам з сельвыканкамам: падсыпалі асфальтагранулят, але яго хапіла толькі на два гады. Дарога зноў патрабуе рамонту. Аляксандр Мякіннік адзначыў, што гэта пытанне накіруюць у дарожна-рамонтнае будаўнічае ўпраўленне і ўключаць у план гэтага года.

Яшчэ адна праблема вёскі — колькасць нітратаў у вадзе, якая перавышае норму ад 2 да 6 разоў, — вада не прыгодная для піцця. Па праекце ў вёсцы павінны быць дзве свідравіны, якія бралі б ваду на глыбіні 200 метраў. А іх няма, бо не хапае фінансавання. У выніку людзі бураць уласныя свідравіны, якія бяруць ваду не так глыбока. На прыёме прыйшлі да высновы, што гэта пытанне будзе разглядацца, але вырашыць яго ў хуткім часе наўрад ці магчыма.

Хто вінаваты і што рабіць?

Сусед Дроздава — пасёлак Сонечны — пакутуе з-за безадказнага забудоўшчыка. У таварыстве ўласнікаў восем дамоў. І адразу два з іх выходзяць за межы населенага пункта: атрымалася, што літаральна два метры знаходзяцца на дарозе Мінскаблдарбуда, якая існуе толькі на паперы. Любоў Калашнікава гаворыць, што звярталіся з гэтым пытаннем ва ўсе інстанцыі, у тым ліку ў Дзяржаўны камітэт па маёмасці. Частку праблем знялі, але трэба мяняць план, каб гэту плошчу ўзаконіць. На прыёме высветлілі, што пытаннем павінен займацца забудоўшчык. Але калі з аднаго боку пасёлка, па вуліцы Сасновай, змена плошчы населенага пункта знаходзіцца ў кампетэнцыі сельсавета, то па вуліцы Мірнай дом №2 стаіць на ворных землях. Тут для пашырэння плошчы патрэбен дазвол кіраўніка дзяржавы, і гэтыя дакументы ўжо рыхтуюцца для накіравання ў Адміністрацыю Прэзідэнта.

Іншая праблема — дарогі. Па плане — уездаў два, насамрэч — адзін. Прычым гэты адзіны ўезд для машын у Сонечны, Дроздава і лагістычны цэнтр. Жыхары хвалююцца: калі склады запрацуюць на поўную моц, фуры ўвогуле перакрыюць дарогу. Да таго ж на гэтым участку адбываецца даволі шмат аварый. Зноў жа па плане там павінен быць святлафор, якога на справе няма. Ёсць нават кабель, які для гэтага пракладвалі. Жыхары Сонечнага за свае грошы паклалі двух «спячых паліцэйскіх», паставілі знакі абмежавання хуткасці і ўзгаднілі іх з ДАІ.

У забудоўшчыка «Вігеўрабуд» засталіся і іншыя нявыкананыя праекты. Яго неаднойчы імкнуліся прыцягнуць да адказнасці. У лістападзе 2015-га нават стварылі камісію і запрасілі ў Мінскі аблвыканкам, дзе «Вігеўрабуд» абавязалі заключыць інвестыцыйны дагавор на будаўніцтва школы і сада. Далі год на выкананне. А воз усё там жа...

Усе звароты былі аформлены ў пісьмовым выглядзе і перададзены дэпутату на разгляд.

Быць адказным

Праблема ёсць і ў жыхароў пасёлка Лясны. Ларыса Махамад, старшыня ЖБСК «Бараўлянскі», расказала: калі перакрывалі рух з-за будоўлі новага дома побач, увесь транспарт праязджаў праз іх двор, заходзячы на тратуарную плітку. У выніку яна прыйшла ў аварыйны стан, прычым гэта тэрыторыя лічыцца месцам агульнага карыстання, таму рамантаваць яе павінны мясцовыя ўлады. На прыёме вырашылі, што яе можна ўключыць у план па добраўпарадкаванні Ляснога. А таксама абавязаць інвестара яе адрамантаваць, бо ён абяцаў зрабіць новую дзіцячую пляцоўку, а на месцы старой пабудаваў аптэку, а ў выніку старую пляцоўку знёс, а новай да гэтага часу няма. Цяпер за тое, што не выканаў работу ў тэрмін, яму даручаць займацца і дарожкамі каля дома...

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Зямля, вада, дарогі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».