Вы тут

«Белавія» плануе істотна знізіць тарыфы на «летнія» маршруты


«Белавія» плануе істотна знізіць тарыфы на «летнія» маршруты, расказаў генеральны дырэктар авіякампаніі Анатоль ГУСАРАЎ. У ліку кірункаў, па якіх вядзецца работа, знаходзяцца, напрыклад, Балгарыя, Іспанія, Турцыя — самыя запатрабаваныя месцы адпачынку ў беларусаў.


— Летась мы таксама планамерна праводзілі работу па зніжэнні тарыфаў па ўсіх напрамках, — адзначыў гендырэктар «Белавія». — У сярэднім цэны на ўсе нашы маршруты зменшыліся на 10 працэнтаў. Спадзяёмся, што гэта тэндэнцыя будзе працягвацца і сёлета, нават у выпадку росту цэн на паліва.

Адной з галоўных падзей мінулага года стала прадстаўленне новай фірменнай ліўрэі кампаніі. Сёлета рэбрэндынг працягнецца — начальнік службы бортправаднікоў кампаніі Сяргей ЛАТУШКІН анансаваў конкурс на распрацоўку новай формы для бортправаднікоў і лётных экіпажаў. Удзел у стварэнні яе дызайну можа ўзяць кожны ахвотны, тэхнічнае заданне будзе апублікавана пазней. Але ўжо вядомы прыз для пераможцы — паездка на Тыдзень моды ў Мілан з наведваннем усіх мерапрыемстваў.

Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара «Белавія» па інфармацыйных тэхналогіях Уладзіміра БАРКУНА, ужо ў гэтым годзе плануецца даць магчымасць карыстальнікам сайта кіраваць сваімі браніраваннямі з асабістага кабінета, праводзіць у сеціве працэдуры абмену і вяртання білетаў, запамінаць даныя крэдытных картаў, а таксама браніраваць гасцініцы і аўтамабілі.

Не менш важны кірунак працы «Белавія» датычыцца бяспекі палётаў. Ужо цяпер нацыянальны перавозчык займае першае месца сярод авіякампаній СНД і адно з найвышэйшых у Еўропе па каэфіцыенце SАFА (Sаfеtу Аssеssmеnt оf Fоrеіgn Аіrсrаft). Паводле слоў камандзіра авіяцыйнага атрада «Белавія» Алега САЛТОЎСКАГА, галоўная задача на перспектыву — амаладжэнне лётных экіпажаў. Цяпер сярэдні ўзрост пілотаў нацыянальнага авіяперавозчыка складае каля 40 гадоў.

Ужо 27 красавіка будзе адкрыты новы рэйс авіякампаніі — у Брусель. «Белавія» дамовілася пра сур'ёзную зніжку на абслугоўванне сваіх самалётаў у прымаючым аэрапорце (Брусель-Шарлеруа), таму білет будзе каштаваць прыкладна на 100 еўра менш, чым у іншыя гарады рэгіёна (Франкфурт-на-Майне і Амстэрдам). Прапрацоўваюцца пытанні адкрыцця рэйсаў у Кішынёў і Ніжні Ноўгарад, аднаўлення авіязносін з Ерэванам. Флот кампаніі ў 2017-м плануецца папоўніць двума новымі самалётамі Еmbrаеr.

У 2016 годзе авіякампанія адкрыла тры новыя рэйсы: у Палангу, Львоў і падмаскоўны аэрапорт «Жукоўскі». Таксама «Белавія» павялічыла частату палётаў па іншых папулярных напрамках, такіх, як Кіеў, Адэса, Алматы, Ашгабад, Батумі. Усяго летась было перавезена амаль 2,5 мільёна пасажыраў, гэта практычна ў два разы больш, чым у 2012 годзе.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Танна, калі з «Белавія»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».