Вы тут

Вандроўкі па Беларусі: што паглядзець, колькі плаціць


Экскурсіі па Беларусі папулярныя ўжо шмат гадоў, але па-ранейшаму нямала людзей, якія ўпэўненыя, што акрамя Міра, Нясвіжа і Хатыні ў нас "няма чаго паглядзець". Але хто паездзіў па роднай краіне, той ведае, што палац у Жылічах можа супернічаць з нясвіжскім, што мемарыял Леаніда Левіна ў Красным Беразе не саступае яго ж Хатыні. З чаго складаецца кошт экскурсіі па Беларусі? Ці заўсёды выгадна падарожнічаць у складзе тургруппы? Пра ўсё гэта - у нашым аглядзе.


Радашковічы, Троіцкі касцёл.

Без гламура

У нашай краіне ёсць некалькі шырока вядомых турыстычных маршрутаў: Мір, Нясвіж, Белавежская пушча, Гервяты, Мосар, Дудуткі, Жыровічы, нядаўна да іх далучылася адрэстаўраваная сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі. Кожная кампанія, якая займаецца ўнутраным турызмам, прэзентуе гэтыя маршруты.

Некаторыя фірмы прапануюць наведаць нерастыражаваныя месцы. І гэта самыя цікавыя вандроўкі! Таму што руіны часам гавораць пра веліч нашай краіны нават больш, чым іншы рэканструяваны будынак.

Напрыклад, у апошнюю нядзелю студзеня турыстычная кампанія "Куфэрак падарожжаў" правяла экскурсію "Вакол Гарадка Маладзецкага". Мы пабывалі ў Радашковічах, Красным, Гарадку, Дуброве, Хоўхлаве, Палачанах. У такія месцы добра ехаць з скрупулёзным экскурсаводам, які, вобразна кажучы, ведае не толькі праспекты, але і завулкі.

Не спыняючыся на архітэктурнай каштоўнасці касцёла ў Радашковічах, нагадаем, што ў ім хрысцілі Янку Купалу. У савецкі час касцёл ператварылі ў цэх завода мастацкай керамікі. У пачатку 90-х храм вярнулі вернікам, але і па сённяшні дзень няма магчымасці аднавіць страчаныя інтэр'еры.

"Вядомы тры спосабы знішчэння помнікаў гісторыі і архітэктуры, - сказаў старшыня ГА "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры" Антон Астаповіч, які і вёў экскурсію. - Першы - фізічнае знішчэнне помніка, другі - рэканструкцыя да непазнавальнасці і трэці - самы цынічны - узвядзенне гаспадарчых пабудоў вакол жамчужыны архітэктуры". Менавіта так паступілі з касцёлам у Радашковічах. Прыехаўшы самастойна ў гэты гарадскі пасёлак, касцёл прыйшлося б доўга шукаць.

Увогуле, наведваць не самыя вядомыя або цяжкадаступныя месцы лепш з добрым экскурсаводам. Дарэчы, кошт згаданай экскурсіі - 25 рублёў.

Вёска Дуброва, руіны касцёла Узнясення Дзевы Марыі.

Папулярныя месцы

А зараз вернемся да знакамітага Міру і Нясвіжу. Напрыклад, кампанія "Віаполь" прапануе маршрут "Помнікі Міра і Нясвіжа". Кошт экскурсіі на аднаго чалавека - 75 рублёў. Гэта плата за ўваходныя квіткі ў музей Мірскага замка і Нясвіжскага ансамбля, агляд Фарнага касцёла ў Нясвіжы, абед у рэстаране, фірмовы сувенір. Кошт тура, падаецца, вялікі, але давайце будзем памятаць, што ўваходны квіток для дарослых у Нясвіжскі палацавы ансамбль каштуе 13 рублёў, для школьнікаў і студэнтаў - 6,50 рубля, у Мірскі замак кошт дарослага білета - 10 рублёў, школьнікам і студэнтам - на 50% танней, плюс паслугі гідаў музеяў, разлічанага на ўсю групу.

Што датычыцца абедаў, то ў 2013 годзе, зайшоўшы ў рэстаран "Гетман" у нясвіжскім палацы, здзівілі ў меню салаты аліўе і селядзец "пад шубай", а таксама бязлітасны цэннік. Магчыма, цяпер там па-іншаму, але ўдакладняць няма жадання. Бываючы ў Нясвіжы штогод, ні разу не ўдалося трапіць у "Страўню", якую многія хваляць, але часцей за ўсё яна абслугоўвае групы. У тым жа 2013 годзе пабывалі ў рэстаране "Ратуша" і засталіся ад яго ў захапленні. Цяпер ён называецца "Скарбніца" і знаходзіцца насупраць ратушы. Выдатная кухня, прыязны персанал і прыемныя кошты - гэта ўражанні мінулага лета, калі ў горадзе праходзілі "Вечары Вялікага тэатра ў Нясвіжы".

Прымяраючы ролю патэнцыйнага турыста, патэлефанавала ў кампанію "Віаполь", а там адмовіліся паведаміць, у якім менавіта рэстаране будзе абед, маўляў, усё яны добрага ўзроўню.

Вёска Дуброва, бровар.

Экскурсійнае бюро "Вежа" прапануе паездку ў Мір і Нясвіж на такіх жа ўмовах, акрамя фірмовага сувеніра, за 69 рублёў для дарослых і 63 рубля для дзяцей.

"Экскурсія ў Нясвіж і Мір атрымліваецца адной з самых дарагіх, нягледзячы на ​​тое, што ад Мінска не вельмі вялікая адлегласць. У дадзеным выпадку на кошт істотна ўплывае плата за ўваходныя білеты і экскурсійнае абслугоўванне ў замках. Другі вялікі складнік кошту - транспарт, - тлумачыць дырэктар кампаніі "Куфэрак падарожжаў" Юрась Меляшкевіч. - Акрамя замкаў у Міры і Нясвіжы, мы паказваем у гэтай экскурсіі яшчэ два аб'екты. Кошт экскурсіі каля 50 рублёў атрымліваецца. Што датычыцца харчавання, то яго мы не заказваем. І не таму, што для нас гэта дадатковая праца, а таму, каб у людзей быў выбар: кафэ, рэстаран або фастфуд - што каму падабаецца, - гэта калі мы заязджаем у абласны ці раённы цэнтр. У нас шмат і такіх экскурсій, калі паесці можна толькі ў кафэ на запраўцы, турыстаў пра гэта папярэджваем, і людзі бяруць ежу з сабой".

Зрэшты, вядомыя турыстычныя месцы можна лёгка наведваць самастойна і, акрамя таго, што няма абмежавання па часе, такое падарожжа пры належнай арганізацыі атрымліваецца з невялікімі фінансавымі выдаткамі.

Аграгарадок Хоўхлава, касцёл Дзевы Марыі.

Самы бюджэтны варыянт

У кожным музеі ёсць традыцыя - адзін дзень у месяц бясплатны ўваход. У замкавым комплексе "Мір" гэта апошні аўторак месяца, у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Нясвіж" апошні панядзелак месяца наведванне ўсіх сектараў бясплатна. Гэтую інфармацыю варта ўдакладняць на сайтах музеяў.

Кожны аўтамабіліст сам разлічыць кошт паліва, мы ж падкажам цэны на аўтобусныя квіткі: ад цэнтральнага аўтавакзала Мінска ў Нясвіж можна даехаць за 8,12 руб. Праезд у Мір каштуе 6.06 руб.

Аксана ЯНОЎСКАЯ, фота аўтара 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».