Вы тут

На Міжнародным сімпозіуме ў Мінску сустрэліся літаратары з 17 краін


Калі ў адным месцы збіраюцца калегі-пісьменнікі з розных краін свету, можа адбыцца што заўгодна – з’явяцца новыя творчыя задумкі, створацца тандэмы аўтараў і перакладчыкаў, пачнецца шматгадове сяброўства. Так неаднаразова жартам ці ўсур’ёз разважалі самі ўдзельнікі Міжнароднага сімпозіума літаратараў “Пісьменнік і час: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання як частка сусветнай кніжнай гісторыі”. Пленарнае пасяджэнне гэтага вялікага форуму прайшло ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і сабрала прадстаўнікоў 17 літаратур свету. Арганізатарамі сімпозіума выступілі Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом “Звязда”, выдавецтва “Мастацкая літаратура” і Нацыянальная бібліятэка.


І сапраўды, для паспяховага развіцця і кожнай нацыянальнай літаратуры, і стварэння агульнай творчай прасторы для розных краін і народаў такія сустрэчы, гутаркі, пагадненні проста неабходныя. Таму Мінск вось ужо трэці раз гасцінна прыняў на сімпозіуме паэтаў і празаікаў, даследчыкаў літаратуры і перакладчыкаў, якія прадстаўляюць розныя творчыя традыцыі.

– Вельмі прыемна, што наш сімпозіум прывітаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, – заўважыла міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ. – Мы вельмі цэнім тыя літаратурныя кантакты, гуманітарныя праекты, якія рэалізуюцца нашай краінай з іншымі дзяржавамі. Сёлета для нас надзвычай важная дата 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Можна сцвярджаць, што ўнёсак Францыска Скарыны з Полацка – здабытак не толькі нашай краіны. Гэта вялікае свята – яшчэ адна нагода падкрэсліць ролю асоб планетарнага маштаба, якія ёсць у гісторыі кожнай краіны.

Падрабязней пра пытанні, якія абмяркоўваліся падчас пленарнага паседжання Міжнароднага сімпозіума літаратараў, чытайце ў заўтрашнім выпуску "Звязды".

Як падкрэсліў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, доктар педагагічных навук Раман МАТУЛЬСКІ, Скарына ў свой час быў чалавекам свету. На карце тагачаснай Еўропы можна адзначыць мноства гарадоў, так ці інакш звязаных з яго лёсам і справамі. Таму цалкам лагічна, што і сёння слова нашага першадрукара, яго постаць яднае многія краіны і народы.

Сімвалічна, што беларуская зямля вось ужо шмат гадоў з'яўляецца выдатнай пляцоўкай для сустрэч літаратараў. Варта згадаць міжнародныя круглыя сталы, якія ўжо на працягу дзесяцігоддзя праходзяць падчас святкавання Дня беларускага пісьменства, штогадовыя кніжныя кірмашы ў беларускай сталіцы і — новы значны крок супрацоўніцтва — сімпозіумы літаратараў. Як адзначыў пісьменнік з Кітая Шы ІФЭН, вельмі часта, фарміруючы сваё ўяўленне пра чалавека, народ і цэлую краіну, мы кіруемся ўжо складзенымі стэрэатыпамі. Але ж важна самому пазнаёміцца з культурай, пабачыць усё на свае вочы.

Відавочна, што ўдзел замежных аўтараў у беларускіх міжнародных праектах — выдатная нагода найперш пабываць у нашай краіне, паглядзець, як і чым жывуць іх калегі тут. А ўжо потым — з першых вуснаў расказваць пра нас свету.

Таму не выпадкова многія літаратары ў сваіх выступленнях гаварылі пра адказнасць пісьменніка перад сваімі сучаснікамі і будучымі пакаленнямі, інтэрпрэтавалі тэму «Пісьменнік і час» праз прызму ўласнага ўспрымання масткоў паміж мінулым і будучыняй. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ заўважыў: «Падчас такіх сустрэч мы можам разважаць пра многае — літаратуру, мастацтва, адметнасці нашага часу. Літаратура — стрыжань у адносінах паміж краінамі і дзяржавамі. Час сёння нялёгкі, але варта памятаць, што ад нас, творцаў, залежыць многае, трэба толькі не саромецца гучна выказваць свае думкі, і іх пачуюць».

З якім настроем завіталі да нас госці з розных краін? Якія ўражанні павязуць на радзіму? Гэтыя пытанні мы задалі замежным удзельнікам сімпозіума. Некаторыя з іх з'яўляюцца добрымі сябрамі Беларусі, а некаторыя завіталі ў Мінск упершыню.

Марат АХМЕДЖАНАЎ, дырэктар выдавецтва Hertfordshіre Press, Вялікабрытанія:

— Летась я прымаў удзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Рагачове, атрымаў вялікае задавальненне ад знаёмства з беларускай культурай, выдавецкай справай вашай краіны. Я быў здзіўлены ўзроўнем развіцця беларускай літаратуры і тым, наколькі моцна дзяржава падтрымлівае нацыянальных аўтараў. На Захадзе, асабліва ў Вялікабрытаніі, мы маем вельмі слабую падтрымку дзяржавы, уся літаратура пабудавана на камерцыйным падмурку. На жаль, праз гэта ў Вялікабрытаніі пра беларускіх аўтараў ведаюць вельмі мала. Таму я і працую — каб знайсці тут тых творцаў, якія пішуць высокамастацкія вершы і прозу і могуць быць камерцыйна паспяховымі.

Марка ВЕСКАВІЧ, старшы саветнік Міністэрства культуры і інфармацыі Сербіі:

— Урачыстае адкрыццё Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і сённяшняе пленарнае пасяджэнне сімпозіума літаратараў яшчэ раз даказваюць, што ў Беларусі кніга — важны элемент культуры, важны аспект жыцця сучаснага грамадства. Відаць, што традыцыя пісьменніцтва, кнігадрукавання тут вельмі даўняя.

Касім БУХГІА, пісьменнік, літаратуразнаўца, прэзідэнт Пакістанскай акадэміі літаратуры:

— Я вельмі рады быць тут, сустрэцца з беларусамі і прадстаўнікамі іншых краін. На сімпозіуме я даведаўся, што беларускае кнігадрукаванне мае 500-гадовую гісторыю. Гэта вялікі вопыт і вялікія веды, прадстаўленыя ў калекцыі старажытных кніг і манускрыптаў. Не так даўно Пакістанская акадэмія літаратуры падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. І ў межах гэтага пагаднення ўжо адбываецца абмен перакладнымі творамі.

Сімпозіум літаратараў — гэта не толькі дыялог літаратур, краін і культур, гэта яшчэ і дыялог пакаленняў творцаў. Таму не выпадкова чарговы раз у межах вялікага форуму прайшоў семінар маладых літаратараў, пэўнага кшталту школа для пачаткоўцаў, якая дала магчымасць пабачыць, пачуць і навучыцца новаму ў старэйшых калег. Таму можна быць упэўненымі, што Мінскі фармат сустрэч, які спрыяе наладжванню дыялогу, будзе актуальны яшчэ многія гады.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesialuha@zviazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Друкаванае слова – мост паміж краінамі і часамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?