Вы тут

Правы патрабавальнікаў і судовых выканаўцаў пашырацца


Паэтапны пераход да цалкам электроннага дакументаабароту пры правядзенні абавязковай юрыдычнай экспертызы ведамасных актаў, а таксама прыняцце двух законаў аб прымусовым выкананні — гэта адны з найважнейшых падзей мінулага года ў працы міністэрства, зазначыў міністр юстыцыі Беларусі Алег СЛІЖЭЎСКІ.


— Важны для нас накірунак — дзейнасць органаў прымусовага выканання. У 2016 годзе яны спагналі 1,6 млрд дэнамінаваных беларускіх рублёў, што амаль у два разы больш, чым у 2015-м, — расказаў міністр. — Для зніжэння нагрузкі на судовых выканаўцаў карэктуецца заканадаўства і ствараюцца неабходныя арганізацыйныя ўмовы. Перш за ўсё гэта ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у дзейнасць органаў прымусовага выканання. У нарматыўным плане мы ўскладаем сур'ёзныя надзеі на законы аб судовых выканаўцах і прымусовым выкананні, якія запрацуюць у маі.

Адно з новаўвядзенняў прынятых у 2016 годзе законаў — заяўны прынцып завядзення выканаўчай вытворчасці, калі справа будзе распачынацца пры наяўнасці заявы патрабавальніка. Выключэнні датычацца выпадкаў, калі дакументы накіроўваюцца судом у частцы маёмасных спагнанняў па крымінальных справах і аб адміністрацыйных правапарушэннях.

З мая патрабавальнік доўгу зможа самастойна, без судовага выканаўцы, накіроўваць выканаўчы дакумент па месцы працы даўжніка, калі сума доўгу не перавышае 10 базавых велічынь.

Пашырацца правы судовых выканаўцаў: ім будзе дазволена самастойна замяняць бок прымусовага выканання, выносіць пастанову аб прыводзе ці затрыманні даўжніка (пакуль гэта могуць рабіць толькі суддзі), аб'яўляць неплацельшчыка ў пошук і здзяйсняць шэраг іншых паўнамоцтваў.

— Прадугледжана стварэнне і вядзенне банка даных прымусовых выкананняў. Рэестр даўжнікоў ужо працуе, праўда, пакуль што не ў тым фармаце, які мы чакаем. У далейшым плануецца, што бакі прымусовага выканання змогуць ствараць у рэестры свой асабісты кабінет, праз які патрабавальнік будзе сачыць за дзеяннямі судовага выканаўцы па спагнанні доўгу, — дадаў міністр.

Нарматворчыя органы на працягу 2016 года прадстаўлялі акты на экспертызу ў папяровым і электронным варыянтах. Сёлета з 1 студзеня пры юрыдычнай экспертызе рашэнняў міністэрстваў, абласных выканкамаў і Саветаў дэпутатаў папяровыя носьбіты з дакументаабароту выключаны.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Хто ў рэестры даўжнікоў?

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».