Вы тут

Падведзены вынікі конкурсу маладых літаратараў


10 самых лепшых маладых паэтаў і 10 маладых празаікаў сталі пераможцамі літаратурнага конкурсу «Першацвет». Іх урачыстае ўзнагароджанне адбылося падчас ХХІV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.


Конкурс, закліканы падтрымаць маладых аўтараў, сёлета праходзіў упершыню. На яго было даслана 160 работ з розных куткоў Беларусі. Пра тое, што ў гэтай ініцыятывы будзе добрая перспектыва, расказаў намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч:

— Вельмі прыемна вітаць пераможцаў конкурсу «Першацвет», які быў заснаваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Выдавецкім домам «Звязда», выдавецтвам «Мастацкая літаратура» пры вельмі творчай, жывой падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мне здаецца, што якраз гэты альманах — плён вашай творчай штодзённай работы, якую вы праводзіце разам з натхненнем, разам з вашымі музамі, ствараючы вершы, прозу ці драматургічныя творы. «Першацвет» — гэта слова, якое вядзе да першаснасці, гаворыць пра нейкі пачатак. Мне здаецца, што ў конкурсу з такой прыгожай назвай будзе вельмі цікавая перспектыва. Я ўпэўнены ў гэтым. І што следам за альманахам паўстане сур'ёзная бібліятэка твораў маладых літаратараў. Спадзяюся, многія сёлетнія ўдзельнікі дашлюць свае творы і на другі этап конкурсу, які распачнецца ўжо 1 сакавіка. Найлепшыя творы будуць надрукаваныя не толькі ў альманаху «Першацвет», але і на старонках газеты «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Маладосць», «Нёман» і іншых літаратурна-мастацкіх і грамадска-палітычных выданняў краіны.

Работы маладых аўтараў прайшлі ацэнку прафесійнага журы. Адным з тых, хто вызначаў пераможцаў, быў галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» паэт Віктар ШНІП:

— Калі агульны ўзровень дасланых работ ацэньваць па 100-бальнай шкале, то я б паставіў 65. Бо некаторыя ўдзельнікі, напрыклад, дасылалі творы, напісаныя пра вайну, — а ў гэтай тэматыцы сказаць штосьці новае вельмі складана. Іншыя накіроўвалі творы, напісаныя адмыслова для «Першацвету», — і гэта таксама адчувалася. Хацелася б, каб наступны раз маладыя аўтары не рабілі так, а адбіралі самае лепшае з напісанага апошнім часам... Выбрана толькі 10 самых яскравых паэтаў і 10 празаікаў, але насамрэч таленавітай моладзі было нашмат больш — я б адзначыў 30 таленавітых паэтаў і 25 празаікаў, вартых быць надрукаванымі ў зборніку. Конкурс быў адкрытым — імёны ўдзельнікаў не хавалі ад журы, таму мы чыталі як знаёмых, так і незнаёмых нам маладых творцаў. Але калі, напрыклад, мы ведалі некага як добрага аўтара, а на конкурс ён прадставіў не самыя лепшыя свае творы, то, натуральна, ён не стаў пераможцам. Галоўнае, каб у паэзіі адчувалася сапраўднае паэтычнае слова, а ў прозе — мастацкая літаратура.

Цікава, што ў адной з пераможцаў у намінацыі «Проза» Валерыі Саротнік ужо дзве ўласныя кнігі паэзіі! Як той казаў, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Яшчэ адна «празаічная» пераможца Аліна Длатоўская — таксама ўжо досыць паспяховы аўтар. Колькі гадоў таму яна заняла першае месца ў намінацыі «Проза» на конкурсе «БрамаМар». А сёлета ёй прысудзілі другое месца ў конкурсе перакладаў «Зразумей Украіну». У васьмі нумарах часопіса «Бярозка» друкавалася аповесць гэтай маладой аўтаркі «Арнаменты» — фантастычны твор для малодшых падлеткаў.

— Перамога ў «Першацвеце» яшчэ раз даказвае мне, што не трэба нічога баяцца, трэба заўсёды рухацца наперад, рызыкаваць, і рана ці позна ты атрымаеш тое, чаго хочаш, і твае жаданні спраўдзяцца, — расказала
Аліна Длатоўская карэспандэнту «Звязды». — У пэўным сэнсе я рызыкавала, калі падавала твор на конкурс, бо не была ўпэўнена ў яго якасці — вельмі доўга вычытвала, рэдагавала, перапісвала — і ўсё адно не была спакойная, што зрабіла ўсё, што магла... Часцей за ўсё я пішу ў метро, калі еду на працу. Менавіта там да мяне прыходзіць натхненне і вельмі добра прыдумваецца. Спачатку я занатоўваю на тэлефоне, а начамі пераношу ў сшытак ці на камп'ютар. Насамрэч я больш люблю пісаць ад рукі, бо так лепш прадумваеш тое, што пішаш, але цяпер, на жаль, не заўсёды ёсць такая магчымасць.

Літаратурны конкурс для маладых аўтараў сёлета толькі распачынаецца. Наперадзе — шмат новых кніг і новых імёнаў, якія запаляцца на небасхіле беларускай маладзёжнай літаратуры.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Пераможцы конкурсу "Першацвет":

Паэзія

  • Алейчанка Юлія Аляксандраўна
  • Баламут Наталля Геннадзьеўна
  • Гарэлава Ганна Юр’еўна
  • Еўдакімовіч Яна Аляксандраўна (Аліса Мініна)
  • Карэліна Ірына Ігараўна
  • Логвін Юлія Міхайлаўна
  • Нарваткіна Кацярына Андрэеўна
  • Федарук Ганна Вікенцьеўна
  • Хмель Анастасія Аляксандраўна
  • Чарняўская (Мяцеліца) Ірына Сяргееўна

Проза

  • Длатоўская Аліна Аляксандраўна
  • Значонак Дар’я Аляксандраўна
  • Карповіч Кацярына Юр’еўна
  • Латышкевіч Маргарыта Юр’еўна
  • Саротнік Валерыя Васільеўна
  • Цімафеева Алёна Анатольеўна
  • Філон Надзея Міхайлаўна
  • Чараухін Уладзімір Васільевіч
  • Шынкееў Аляксей Віктаравіч
  • Якушаў Андрэй Юр’евіч

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Першацвет» як пачатак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».