Вы тут

Гарналыжніца Марыя Шканава: Спускацца са схілу — задавальненне


На ХХVІІІ Сусветнай зімовай Універсіядзе ў Алматы наша зборная заваявала 6 медалёў і замкнула дзясятку наймацнейшых краін у агульным заліку топ-турніру. Роўна палова ўзнагарод на рахунку беларускай гарналыжніцы Марыі Шканавай. Дзяўчына сабрала поўны камплект медалёў, выйграўшы «золата» ў слаламе, «серабро» ў суперкамбінацыі і «бронзу» ў гіганцкім слаламе. У самым разгары сезона, напярэдадні важных стартаў чэмпіянату свету, спартсменка знайшла час пагутарыць з карэспандэнтам «Звязды».


— Адразу пасля завяршэння спаборніцтваў у Казахстане мы паляцелі ў Швейцарыю на планетарнае першынство, старты прызначаныя на 16 і 18 лютага, — расказвае Марыя.

— Настрой пасля паспяховай Універсіяды добры?

— Вядома, такі эмацыйны ўздым, можа быць, дапаможа выступіць добра і на чэмпіянаце свету. У прынцыпе, я ведала, што здольная выйграць медаль у Алматы, вельмі хацелася менавіта залаты, і вось у апошні дзень спаборніцтваў мне гэта ўдалося. Хоць на Універсіядзе сабралася шмат моцных спартсменак у нашым відзе — гэта і расіянкі, і немкі, і аўстрыйкі, наогул, было з кім спаборнічаць. Траса была падрыхтаваная вельмі добра, таму ўсе ўдзельніцы былі ў роўных умовах, што спрыяла добрай барацьбе.

Наогул, вельмі спадабалася арганізацыя спаборніцтваў, было відаць, што праведзена сур'ёзная падрыхтоўка. Зрабілі выдатную алімпійскую вёску, цудоўна працавалі валанцёры. На жаль, не ўдалося паглядзець сам горад, таму што ў наш адзіны выхадны было дрэннае надвор'е.

— Калі-небудзь ужо ўдавалася атрымліваць медалі ўсіх проб на адным турніры?

— Не, такога яшчэ не было. Пасля добрых выступленняў атрымала вельмі шмат віншаванняў, у першую чаргу ад трэнераў, нашай дэлегацыі, потым ужо ад сяброў, бацькоў і федэрацыі. На самай справе нават не чакала такой увагі.

— Як увогуле для вас складаецца сёлетні перадалімпійскі сезон?

— Заўсёды хочацца лепшага, заўсёды ўсяго мала, але ў прынцыпе ён складаецца досыць нядрэнна. На Кубку свету я ўпершыню ў кар'еры трапіла ў першую трыццатку, палепшыла свае пазіцыі, заваявала тры ўзнагароды на Універсіядзе — гэта добры вынік. Цяпер яшчэ засталося добра выступіць на чэмпіянаце свету — і можна быць задаволенай сабой.

— За плячыма ўжо дзве Алімпіяды, пачалі падрыхтоўку да трэцяй?

— Выступленне ў Ванкуверы і Сочы разглядаю ў першую чаргу як каласальны і вельмі каштоўны вопыт. Алімпійскія гульні — гэта спаборніцтвы, якія немагчыма параўнаць з якімі-небудзь іншымі. Кожны спартсмен марыць выступіць на іх і выйграць там медаль, я не выключэнне. Таму, вядома, ужо пачалі падрыхтоўку да Пхенчхана. У гарналыжным спорце ёсць рэйтынг, па якім спартсмены адбіраюцца на Гульні, па ім я праходжу на Алімпіяду-2018, і, думаю, наўрад ці нешта можа змяніцца.

— Родам вы з Расіі?

— Так, нарадзілася я ў Санкт-Пецярбургу, а потым жыла ў Магнітагорску. Дзесьці ў 8 гадоў мама паставіла мяне на лыжы, а ў 18 прапанавалі пераехаць у Беларусь. Пагадзілася практычна адразу, таму што гэта быў самы лепшы варыянт для працягу маёй кар'еры. Так, ужо 8 гадоў выступаю за Беларусь.

— Мама не была супраць?

— Не, яна дала магчымасць мне самой выбіраць гэты шлях. Спачатку, вядома, вельмі сумавала, а цяпер ужо прывыкла. Я вельмі рэдка лётаю ў Магнітагорск, усяго раз на год, але мама сама прылятае ў Мінск.

— Натуралізацыя — заўсёды спрэчнае пытанне, могуць узнікаць крыўды і непаразуменні ў абедзвюх краін.

— Мяне гэта неяк абышло. Я і цяпер выдатна кантактую з гарналыжнікамі з Расіі, ды і тут на мяне не глядзелі коса, быццам я заняла нечае месца. Можа быць, таму што ў Беларусі на той момант было вельмі мала людзей у гэтым відзе спорту. Я лёгка і вельмі хутка ўлілася ў маленькі гарналыжны калектыў.

— Цяпер ужо адчуваеце сябе беларускай?

— Вядома! Заўсёды з упэўненасцю адказваю на гэтае пытанне. Калі пытаюцца, з якой я краіны, не задумваючыся адказваю, што з Беларусі. Сёння ўсё маё жыццё ў асноўным праходзіць у Мінску, я вельмі люблю гэты горад. Нягледзячы на тое, што гэта сталіца, але ён не такі, як Масква, дзе ўсё бяжыць, вар'яцкія заторы, людзі заўсёды кудысьці спяшаюцца. Мінск — прыемны, спакойны горад. Яшчэ я паспела палюбіць дранікі (смяецца).

— Трэніруецеся вы не ў Беларусі?

— Наш настаўнік са Славеніі, таму мы шмат часу праводзім там, а трэніруемся ў асноўным у Аўстрыі. Праводзім у гэтай краіне шмат часу, ужо прывыклі да яе. Праўда, мала што бачым, каб даведацца падрабязней пра краіну, і маем зносіны ў асноўным толькі са спартсменамі.

— У нашай краіне гарналыжны спорт не папулярны, даводзіцца сутыкацца з праблемамі ў ходзе работы?

— Узнікаюць нейкія пытанні з фінансаваннем, але грошай ніколі не бывае шмат. У прынцыпе, апошнімі гадамі нам забяспечваюць падрыхтоўку на нармальным узроўні, таму не скардзімся.

Вядома, наўрад ці ў Беларусі горныя лыжы ў хуткім часе стануць папулярнымі, тут няма асаблівай базы, «Сілічы», «Сонечная даліна» — гэтага недастаткова. Калі казаць пра іншыя еўрапейскія дзяржавы, то найбольш папулярныя горныя лыжы ў альпійскіх краінах, такіх, як Швейцарыя, Францыя. Тут дзяцей на лыжы ставяць ужо ў 2-3 гады.

— Вы займаецеся досыць траўманебяспечным відам спорту, не страшна?

— Страх быў, напэўна, толькі ў дзяцінстве, а калі ты ўсё жыццё гэтым займаешся, то атрымліваеш ад спуску са схілу толькі задавальненне. Вядома, здараюцца сур'ёзныя траўмы, і мяне яны таксама не абышлі бокам. Былі праблемы са спінай — міжпазваночная грыжа. Два гады таму рабілі аперацыю, але, спадзяюся, што цяпер усё будзе нармальна.

— Чым займаецеся ў рэдкія свабодныя ад трэніровак гадзіны?

— Люблю і іншыя зімовыя віды спорту, назіраю за біятлонам, цяпер хварэем за нашу, беларускую, каманду на чэмпіянаце свету. Сачу за скачкамі з трампліна і лыжнымі гонкамі. У вольны час стараюся вучыць нямецкую мову, англійскую і славенскую ўжо ведаю, хацелася б валодаць яшчэ адной.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?