Вы тут

Як Жодзіна развівае адносіны Беларусі і Пакістана


Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Пакістанам сёння развіваецца паскоранымі тэмпамі. У кастрычніку 2016 года паміж дзяржавамі быў падпісаны пакет дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах, а некалькі тыдняў таму Прэзідэнт заявіў, што да 2020 года ўзаемны тавараабарот можа дасягнуць 1 млрд долараў.


У пачатку лютага дэлегацыя Пакістана на чале са старшынёй Сената парламента Міянам Раза Рабані наведала нашу краіну. У рамках праграмы госці адправіліся ў Жодзіна. Наш карэспандэнт пагутарыў са старшынёй Жодзінскага гарадскога Савета дэпутатаў Наталляй СУШКО пра вынікі гэтага візіту.

— Наталля Міхайлаўна, якім чынам сёння супрацоўнічаюць Жодзіна і Пакістан?

— Узаемадзеянне з Пакістанам у нас ідзе праз наша горадаўтваральнае прадпрыемства БелАЗ. Яго супрацоўніцтва з будаўнічымі і здабываючымі пакістанскімі кампаніямі пачалося яшчэ ў 1968 годзе. Тады ў Пакістан была адпраўлена буйная партыя нашых самазвалаў — гэта дваццаць шэсць адзінак БелАЗ-540 грузападымальнасцю 27 тон. Гэтыя легендарныя машыны з'яўляюцца папярэднікамі 30-тонных кар'ерных самазвалаў, якія запатрабаваны ў пакістанцаў на сучасным этапе адносін. У 2008 годзе таксама быў здзейснены візіт кіраўніцтва Пакістана на Беларускі аўтамабільны завод, адбылася сустрэча з дырэктарам Пятром Пархомчыкам, дзе бакі спрабавалі знайсці пункты судакранання і абмяркоўвалі далейшае супрацоўніцтва. Мы працуем сумесна ўжо доўгія гады, але і сёння развіваем нашы адносіны.

— Два тыдні таму парламенцкая дэлегацыя Пакістана наведала БелАЗ. Як сустракалі высокіх гасцей?

— Дэлегацыю мы сустрэлі хлебам і соллю, пасля чаго павялі іх у музей, каб пазнаёміць з падзеямі ў гісторыі нашага галоўнага прадпрыемства. Дарэчы, у 2018 годзе БелАЗу споўніцца 70 гадоў — гэта сур'ёзны юбілей, да якога рыхтуюцца ўсе. Таму мы палічылі неабходным паказаць гасцям усе віды тэхнікі, якія вырабляюць і выраблялі на нашым прадпрыемстве. Дэлегацыю сапраўды здзівіў 450-тонны кар'ерны самазвал БелАЗ-75710, занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса. У канцы візіту старшыня Сената парламента Міян Раза Рабані сказаў, што ўсю нашу тэхніку трэба занесці ў Кнігу рэкордаў — настолькі ён быў уражаны. Сам кіраўнік Сената парламента вельмі глыбока ўнікаў ва ўсе аспекты гэтай экскурсіі, пастаянна задаваў пытанні. Пасля гэтага адбыліся перамовы.

— Пра што дамовіліся бакі?

— Спачатку дырэктар Пётр Пархомчык прадставіў інфармацыю аб прадпрыемстве, аб планах і перспектывах кампаніі, а таксама пра тое, якія сёння выпускаюцца мадэлі і якія перадавыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца пры іх стварэнні. Асобна мы расказалі і пра горад — пра асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця Жодзіна, дэмаграфічную сітуацыю, пра развіццё сацыяльнай інфраструктуры. Таксама членам Сената было цікава даведацца пра арганізацыю работы Савета дэпутатаў базавага ўзроўню і кампетэнцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў. Справа ў тым, што за 2015—2016 гады падпісаны чатыры дакументы аб супрацоўніцтве БелАЗа з Пакістанам, у тым ліку пагадненне аб пастаўцы двух кар'ерных самазвалаў
БелАЗ-75135, таму візіт быў хутчэй азнаямленчым, каб дэлегацыя змагла знутры пазнаёміцца з вытворчасцю машын, якія потым запрацуюць на іх кар'ерах.

— Сёння паміж Беларуссю і Пакістанам таксама заключаны шэраг пагадненняў аб узаемным супрацоўніцтве ў сферы адукацыі. У прыватнасці, падпісаны дагавор паміж БНТУ і Лахорскім універсітэтам інжынірынгу і тэхналогій. А Жодзінскі дзяржаўны політэхнічны каледж — філіял БНТУ — працуе з Пакістанам?

— Мы былі б рады, каб студэнтаў нашай навучальнай установы нейкім чынам далучылі да гэтага супрацоўніцтва, і з задавальненнем паказалі б пакістанскім студэнтам нашу матэрыяльна-тэхнічную базу. Магчыма, хто-небудзь выказаў бы жаданне навучацца тут. Мы адкрыты і заўсёды гатовы разгледзець любыя прапановы. Аднак пакуль, наколькі мне вядома, наш політэхнічны каледж не чакае студэнтаў з Пакістана.

— У перспектыве ваш політэхнічны каледж можа дамовіцца аб супрацоўніцтве. Жодзінскія навучэнцы гатовы да вучобы ў незнаёмай дзяржаве?

— Пакуль мы не ведаем, чым пакістанскі бок можа быць прывабным для нас. Але пачынаць зносіны трэба. Няхай пакістанскія студэнты прыедуць у Жодзіна, паглядзяць, як тут праходзіць працэс навучання. Узаемаабмен — гэта таксама вучэнне. Размаўляючы з грамадзянамі іншай дзяржавы, іншага менталітэту і іншай культуры, мы ўсё роўна штосьці для сябе здабываем.

— Каб у Жодзіна пастаянна прыязджалі патэнцыйныя інвестары, трэба быць да гэтага гатовымі. Якія найбольш вострыя праблемы сёння існуюць у горадзе і як яны вырашаюцца?

— Глабальная праблема — гэта тое, што гораду няма куды развівацца. Ён у нас вельмі шчыльна забудаваны, вакол знаходзяцца землі сельскагаспадарчага прызначэння Смалявіцкага раёна. Сёння ў нас ёсць праект дэталёвай планіроўкі і генеральныя планы, па якіх асобныя мікрараёны, калі б гэты дазвол быў атрыманы, маглі б забудоўвацца. Больш за пяць тысяч чалавек у Жодзіне маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, таму для нас вельмі важнае будаўніцтва жылля, а таксама развіццё сацыяльнай інфраструктуры. Адпрацоўка гэтых пытанняў сёння вядзецца на самым высокім узроўні.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Унёсак рэгіёнаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?