Вы тут

Дарогі расчысцілі за два дні


Спачатку людзі запанікавалі... Званкі паступалі адзін за адным.

Калі ў летні сезон асноўным клопатам сельскага Савета з'яўляецца работа па добраўпарадкаванні тэрыторый, скошванне травы, то зімой на першы план выходзіць стан дарог. Па дарозе нават у аддаленую вёску павінна заўсёды прыйсці аўтакрама, даехаць паштовая машына, не кажучы ўжо пра аўтамабіль хуткай дапамогі альбо іншы спецтранспарт экстранных службаў. Таму дарогі павінны быць расчышчаны заўсёды.


Пен­сі­я­нер­ка  Лю­боў Жаб­рун  і стар­шы­ня сель­ска­га Са­ве­та Алё­на Псты­га.

Зразумела, што гэта справа дарожна-будаўнічых арганізацый, але сельскі Савет заўсёды сітуацыю трымае на кантролі, калі трэба, падключаецца. Так, у Хараўскі сельсавет Пружанскага раёна ўваходзіць 20 населеных пунктаў. Некаторыя з іх — Харава, Кабылаўка, Калядзічы — з насельніцтвам пад 600 чалавек, а сем вёсак маюць менш за 15 жыхароў, ёсць і такія, дзе пражывае адзін чалавек. Паміж населенымі пунктамі пралягае больш за 100 кіламетраў дарог, якія трэба трымаць у парадку. На мінулым тыдні нарабіў клопату і страху цыклон «Эрыка», які прынёс у рэгіён моцныя снегапады. За суткі 8-9 лютага выпала месячная норма ападкаў. Дарогі аказаліся засыпаныя снегам.

— Спачатку людзі злёгку запанікавалі, — расказвае старшыня Хараўскага сельскага Савета Алёна ПСТЫГА. — Званкі паступалі адзін за адным. Асабліва перажывалі жыхары аддаленых вёсак, пыталіся, як жа ім прывязуць хлеб, іншыя прадукты. Найперш мы стараліся супакоіць людзей, тлумачылі, што адлегласці вялікія, дарожнікі не могуць даехаць да кожнай вёскі адразу, трэба крышачку пачакаць.

Два дні работнікі Пружанскага ДРБУ-140 працавалі асабліва інтэнсіўна. Ужо 9-га ранкам мне патэлефанавала адзіная жыхарка вёскі Бортнавічы Любоў Максімаўна Жабрун і паведаміла, што да яе хаты дарогу расчысцілі, — працягвае расказ Алёна Рыгораўна. — А вечарам гэтага ж дня я праехала ў бок вёсак Скорцы, Носкі, Залессе, Хвалевічы. Дарэчы, Хвалевічы — адна з самых аддаленых вёсак сельсавета. І паўсюль без цяжкасці прайшла легкавая машына. Дарогі былі не толькі прыбраныя ад снегу, але і пасыпаныя пяском. Так што ўсе гандлёвыя і паштовыя машыны маглі наведаць населеныя пункты.

А ўжо 10 лютага я размаўляла па тэлефоне з прадаўцом аўтакрамы, якая абслугоўвае напрамак у бок Хвалевічаў. Яна паведаміла, што машына гатовая да выезду. Адзінае, за што хвалявалася гандлёвы работнік, каб малако і смятана не падмерзлі, на тэрмометры ў дзевяць раніцы было 16 градусаў марозу.

На тэрыторыі Хараўскага сельсавета дзейнічаюць два сельгаспрадпрыемствы: «АграКалядзічы» і «Айчына». Трэба сказаць, што гаспадаркі дапамагаюць населеным пунктам спраўляцца са снегам, калі яго выпадае асабліва многа. Так, стараста вёскі Калядзічы расказаў, што ў вёсцы расчысцілі не толькі праезную частку, але і тратуары.

У такіх і падобных сітуацыях, якія правакуюць капрызы надвор'я, асаблівая ўвага ўдзяляецца тым вяскоўцам, якія маюць статус адзінокіх, а таксама пражываюць адзінока. Такіх па сельсавеце налічваецца 31 і 315 адпаведна. Пра былую даярку Любоў Жабрун ужо згадвалася ў газеце. Жанчына не толькі пражывае адзінока — яна адна на ўсю вёску Бортнавічы. І, як ужо сказана, наступствы снежных заносаў у яе вёсцы ліквідавалі ў першы ж дзень.

Пра адзінокіх людзей зімой, зразумела, трэба клапаціцца больш: ці дастаткова паліва, ці не замярзаюць. Тыя з іх, што становяцца зусім нямоглымі, атрымліваюць накіраванне ў бальніцу сястрынскага догляду. Дарэчы, у Хараве яшчэ ў савецкія часы тагачасны калгас імя Леніна абсталяваў адзіны ў раёне, а можа, і ў вобласці Дом ветэранаў такога кшталту. Адрамантавалі і добраўпарадкавалі пабудову 1960 года, набралі невялікі штат і змяшчалі на зіму адзінокіх ветэранаў калгаснай вытворчасці. Старыя людзі ішлі ў гэты дом ахвотна — бо ён жа знаходзіцца ў сваёй вёсцы, і супрацоўнікі, і суседзі па палатах знаёмыя. А вясной тыя, хто меў сілы, вяртаўся ў родную хату. Для эканамічна моцнага калгаса затраты на ветэранаў не выглядалі вялікімі... Потым развал Саюза, змена кіраўніцтва калгаса, страта гаспадаркай былой моцы — адным словам, сёння той будынак належыць да разраду пустуючых і, хутчэй за ўсё, неўзабаве будзе знесены. Некалькі чалавек з Хараўскага сельсавета цяпер знаходзяцца ў Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду...

Не так даўно сельвыканкаму давялося займацца пахаваннем адзінокага чалавека. І вось на якую акалічнасць звярнула ўвагу кіраўнік мясцовай улады. Цяпер у райцэнтры ёсць і дзяржаўнае, і прыватнае рытуальныя прадпрыемствы. Іх супрацоўнікі па заяўцы выязджаюць нават у самую аддаленую вёску і робяць усё, што патрэбна ў такіх выпадках. А яшчэ некалькі гадоў таму гэта нярэдка станавілася праблемай.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Пружанскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.