Вы тут

Споўнілася 28 год ад моманту вываду войск з Афганістана


У кожнага воіна-інтэрнацыяналіста ёсць рэчы, якія нагадваюць пра афганскія падзеі.

У адной з зал Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якая расказвае пра пасляваенныя ўзброеныя канфлікты, экспануецца кіцель Віктара Каралёва. Колішні намеснік камандуючага 40-й агульнавайсковай арміі па ўзбраенні, генерал-лейтэнант у адстаўцы — адзін з тых, хто адказваў за вывад войскаў з Афганістана.


На працягу чатырох гадоў воін-інтэрнацыяналіст быў не толькі ў цэнтры афганскіх падзей, а і меў да іх непасрэднае дачыненне — даводзілася распрацоўваць баявыя аперацыі. А двойчы, што называецца, і сам быў паміж жыццём і смерцю. Падчас аблёту ў кастрычніку 1987 года гарнізонаў яго верталёт урэзаўся ў іншы самалёт. На шчасце, намеснік камандуючага абышоўся толькі страсеннем мозга, яго памочнік загінуў... Пашанцавала і тады, калі трапіў пад моцны абстрэл. Напамінам аб тых падзеях для Віктара Каралёва з'яўляюцца два ордэны Чырвонай Зоркі, медаль «За адвагу» і... карта, па якой камандуючы 40-й арміі генерал Громаў выводзіў савецкія войскі з Афганістана.

Карту, якая ў свой час лічылася абсалютна сакрэтнай і была бясцэннай для ворага, можна ўбачыць у музеі ў межах часовай экспазіцыі, прымеркаванай да 28-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Тут і ўнікальная калекцыя дзяржаўных узнагарод СССР, Афганістана, юбілейных медалёў і памятных знакаў воінаў-інтэрнацыяналістаў Беларусі, Расіі, Казахстана, Украіны, Літвы і Малдовы, сабраная палкоўнікам у адстаўцы Уладзімірам Шокавым. І серыя карцін інваліда афганскай вайны Юрыя Стасюка, які падчас аперацыі пад Кандагарам атрымаў цяжкае раненне, у выніку чаго амаль страціў зрок. Некалькі агітацыйных лістовак, прадстаўленых на выставе, належаць воіну-інтэрнацыяналісту Ігару Шалудкову. У Афганістан ён трапіў маладым капітанам.

— Для мяне гэта не было нечаканасцю, — прызнаецца падпалкоўнік запасу. — Праз ваюючы Афганістан планавалася прапусціць максімальную колькасць кадравага складу арміі. Папярэдзілі пра гэта дзесьці за паўгода. Так што пра раптоўныя зборы казаць нельга. Можа, і былі адзінкавыя выпадкі, пра якія цяпер пішуць, але я такога не помню. Па-першае, строга сачылі, каб сям'я таго, хто з'язджае ў Афганістан, была забяспечана жылплошчай. Па-другое, усе праходзілі паглыбленую медыцынскую камісію для службы ў краінах з гарачым кліматам. Тых, хто, як кажуць, спрабаваў «закасіць» па здароўі, таксама не ўспомню.

У складзе 5-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі Ігар Шалудкоў служыў на захадзе Афганістана — прыкрываў іранскую мяжу, але часта ўдзельнічаў у баявых аперацыях і па ўсім поўдні. «Ваяваць з мінімальнымі стратамі навучыліся хутка, — кажа воін-інтэрнацыяналіст. — Людзей бераглі, напралом ніхто не лез. Але вайна ёсць вайна. Больш за ўсё страт было ад падрыву на мінах. Што асабліва страшна, у асноўным гэта была моладзь...»

Службовая камандзіроўка ў Афганістан стала першай і апошняй для Ігара Адамава. На вайну ён трапіў будучы студэнтам 3-га курса Інстытута краін Азіі і Афрыкі. Выходзячы на чарговае баявое заданне, разам з ваенным саветнікам і радыстам ваенны перакладчык трапіў у засаду... Яго маці перадала ў музей трафейную амуніцыю і кабуру, якія належалі сыну, лістоўкі, што засталіся з далёкага 1981-га.

Куратар выставы Міхаіл Паваляеў таксама ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане. Служыў у разведвальным батальёне. «Акрамя таго, што мы неслі службу на заставах, даводзілася ахоўваць дарогі, аэрадром, трубаправод, — расказвае воін-інтэрнацыяналіст. — Пастаўка паліва адбывалася штодзень. Асабліва асцярожнасць трэба было праяўляць, калі ішла авіяцыйная газа. Яна вельмі выбухованебяспечная, а душманы абстрэльвалі і днём, і ноччу. Страты былі велізарныя...»

Пазнаёміцца з лёсамі іншых ветэранаў вайны ў Афганістане праз іх асабістыя рэчы можна па 6 сакавіка ўключна. Дастаткова толькі прад'явіць білет у музей.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Памяць і боль

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».