Вы тут

Бабруйскія ратавальнікі і іх прафесійны прывід


Бабруйск — горад асаблівы, гэта адзначалі яшчэ ў сваім славутым «Залатым цяляці» Ільф і Пятроў. Нават ратавальнікі тут не зусім падобныя на іншых — кіно здымаюць, карціны збіраюць і нават маюць свой прафесійны прывід. Кажуць, што як толькі ён з'явіўся, парадку стала больш. Думаеце, дзіцячыя гульні? Наадварот. Псіхалагічны прыём. Супрацоўнікі групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Бабруйскага гаррайаддзела па НС старшы інспектар Дзмітрый Сказаў і спецыяліст Уладзімір Бутко кажуць, што вельмі надакучыла чуць пра негатыў, звязаны з іх працай, — пажары, чалавечыя ахвяры... Таму вырашылі зрабіць стаўку на гульні і высокія матэрыі. Вядома, што на падсвядомым узроўні чалавек запамінае неабходную інфармацыю лепш, а значыць, бяда ніколі не застане яго знянацку.


Дзміт­рый Ска­заў і Ула­дзі­мір Бут­ко пры­ду­ма­лі Ту­шыл­кі­на,  каб ме­ней бы­ло ня­шчас­цяў.

Зоркі Ютуба

У аддзеле прапаганды ўсю сцяну займаюць фотаздымкі з вядомымі людзьмі, граматы і дыпломы. Асабліва бабруйскія ратавальнікі ганарацца сваімі спартыўнымі дасягненнямі. Тым больш што ёсць на каго раўняцца. Вядомы спартсмен Андрэй Багдановіч, алімпійскі чэмпіён у веславанні на байдарках і каноэ, у свой час працаваў у Бабруйскім гаррайаддзеле па НС. А колькі творчых праектаў тут рэалізавана! Узяць, напрыклад, поспехі ў кіно. Дзмітрый Сказаў з Уладзімірам Бутко «заснавалі» тэлеканал «Тушылкін» і папулярызуюць яго праз Ютуб. Героі — выхаванцы мясцовых дзіцячых садкоў і школ. Гэтых кінапрэм'ер юныя кіназоркі, іх бацькі і знаёмыя чакаюць не менш, чым навінкі мастацкага кіно.

Поспех у інтэрнэт-прасторы натхніў ратавальнікаў на новыя ідэі. Яны прыдумалі яшчэ адзін кінапраект — «Разважалкі з Тушылкіным». Асаблівасць яго ў тым, што дзеці не толькі спасцігаюць навуку жыцця ў бяспецы, але яшчэ і дарослых вучаць.

— Гэта нешта накшталт пазнавальнага шоу «Вуснамі дзіцяці», — удакладняе Дзмітрый. — Малыя з дзіцячага садка разважаюць пра той жа вогнетушыцель, навальніцу, іншыя прадметы і з'явы. Гэта так займальна, не адарвацца! Цяпер, калі мы нагадваем дарослым пра тое, што яны і так павінны ведаць, дэманструем яшчэ і гэтыя камічныя ролікі. Спрацоўвае лепей, чым павучальныя лекцыі. А галоўнае, лягчэй запамінаецца.

А яшчэ бабруйчане любяць, калі ратавальнікі дэманструюць свае спартыўныя і творчыя дасягненні. Бо ў гэтай службе працуюць чэмпіёны рэспублікі па варкаўце, альпіністы і нават артысты тэатра песні «Шынанай». Пасля акцый з іх удзелам ахвотных трапіць у аздараўленчы лагер «Мара», над якім шэфствуюць ратавальнікі, няма адбою. Там ёсць добрая магчымасць не толькі весела правесці час, але і сур'ёзна заняцца спортам. Дарэчы, палявы лагер юных ратавальнікаў з Бабруйска 4 гады запар займаў другое месца ў рэспубліцы.

У эфі­ры «Раз­ва­жал­кі з Ту­шыл­кі­ным»

Легенды Пажарнага завулка

Будынак аварыйна-ратавальнай часці №1 у Пажарным завулку Бабруйска — адзін з галоўных гістарычных аб'ектаў горада. Яму больш чым 110 гадоў. Менавіта там жыве той самы міфічны прывід. Пакуль ішлі да яго ў госці цераз бабруйскі Арбат, шмат чаго даведалася пра мясцовыя норавы. І нават часткова адчула іх уздзеянне на сабе. Калі б не мае спадарожнікі, засталася б без кашалька, трапіўшы на кручок махляркі. Не адразу разгледзела яе ў бездапаможнай на першы погляд бабульцы. Цэнтр Бабруйска наогул вельмі каларытная частка горада. Тут знаходзіцца рынак з помнікам бабру на ўваходзе, старадаўнія дамы з чырвонай цэглы, шмат маленькіх разнастайных крам. Нездарма расійскія кінематаграфісты так любяць выкарыстоўваць гэта месца для здымак. Тут у свой час ствараліся кінасцэны для вядомага тэлесерыяла «Паляванне на гаўляйтара». І некаторыя ратавальнікі нават падпрацоўвалі ў якасці артыстаў. Магчыма, што і будынак аварыйна-ратавальнай часці №1 неаднаразова трапляў у кадр. Бо ён таксама непадалёк ад рынку. Але ён славуты больш тым, што ў даваенны час частку яго плошчаў арандаваў гарадскі драматычны тэатр. Пад шырокай лесвіцай размяшчаўся «кабінет» дэкаратара, а на другім паверсе была глядзельная зала. Апошнія прыкметы тэатра зніклі ў 90-я гады, калі нарэшце прыбралі заслону, якая калісьці дзяліла прастору паміж сцэнай і глядзельнай залай. Тэатр даўно ўжо з'ехаў, але другі паверх ратавальнікі вырашылі пакінуць для мастацтва. Цяпер тут знаходзіцца карцінная галерэя. Усе яе экспанаты так ці інакш маюць дачыненне да прафесіі ратавальніка. Спадарожнікі паказваюць мне карціну, дзе па даху ідзе камінар. Гэта, аказваецца, і ёсць той самы прывід.

— Калісьці гэты раён быў сапраўдным пакараннем для нас, — расказвае Уладзімір Бутко. — Вакол стаялі драўляныя пабудовы, і пажары здараліся ледзь не кожную ноч. Жыў тут такі Мішка Бармалей, які вельмі часта прыбягаў да нас ноччу проста ў споднім і крычаў: «Гарым!» Мішка ўжо даўно з'ехаў у іншую краіну, цяпер камінар пакой сцеражэ.

— Добра, што верыце ў наш прывід, — усміхаецца начальнік пажарнай аварыйна-ратавальнай часці №1 Дзмітрый Гаўронскі. — Шмат хто не верыць, але ён не крыўдзіцца. Гэта наш анёл-ахоўнік. Вельмі добры.

— А чаму менавіта камінар? — Не разумею я, у чым усё ж такі сувязь паміж ратавальнікамі і чалавекам, які чысціць коміны.

Аказваецца, раней такія спецыялісты ўваходзілі ў склад пажарнай часці. Калі коміны ў парадку — пажараў значна менш.

Вобраз міфічнага прывіда або, як кажуць ратавальнікі, анёла-ахоўніка, матэрыялізаваўся на карціне ў 2008 годзе, калі адбыўся конкурс сярод мастакоў-прафесіяналаў. Дзеці адразу ж на ўра прынялі легенду. Гэта як Карлсан, якога ніхто не бачыў, але пра яго ўсе ведаюць. Ратавальнікі ж іх цікавасць падтрымліваюць. Маўляў, чуем, як ноччу пад яго нагамі скрыпяць масніцы. Легенда, але ж сёння ў гэтым раёне сапраўды амаль няма пажараў.

А яшчэ вельмі цікава паглядзець, якой была пажарная часць стагоддзе таму. Такую магчымасць даў таленавіты мясцовы мастак Аляксандр Салдаценка, які з вялікай дакладнасцю стварыў шыкоўную дыяраму. Нават ратавальнікі ў яго з характэрнымі для таго часу вусамі. Гэта быў іх сродак абароны ад з'едлівага дыму. Перад тым як зайсці ў палаючы дом, яны іх намочвалі вадой. Так лягчэй было дыхаць.

Ну, а сімвалам мужнасці і самаахвярнасці для супрацоўнікаў сённяшняй службы і падрастаючага пакалення служыць Мікалай Корань. Яму на выставе прысвечаны цэлы стэнд. Былы франтавік меў два медалі за адвагу — адзін за баявыя дзеянні, другі — за тушэнне пажараў. Для ратавальнікаў ён быў як родны бацька. Калі бачыў, што нехта прамок на пажары, нёс сваё адзенне і прымушаў пераапрануцца, каб той не прастудзіўся. Яго дом стаяў якраз побач з пажарнай часцю. І ён амаль увесь час быў на службе.

Аляк­сандр Сал­да­цен­ка пе­ра­даў эпо­ху ста­га­до­вай даў­ні­ны.

У прафесію праз мастацтва

Вось ужо трэці год запар ратавальнікі запрашаюць у карцінную галерэю на выстаўку, прымеркаваную да прафесійнай даты. Ім яе дапамагаюць рабіць выхаванцы дзіцяча-юнацкай узорнай студыі выяўленчага мастацтва «Вясёлка». Гэтыя часам не зусім дасканалыя дзіцячыя творы бываюць вельмі моцнымі па ўздзеянні. Дзмітрый Сказаў згадвае, як адзін малюнак прымусіў кінуць курыць сталага чалавека з амаль 60-гадовым стажам шкоднай звычкі. Унучка намалявала труну, а побач засмучаных родных. Дзеда гэта так кранула, што ён болей не браў цыгарэту ў рукі.

Не менш моцныя па ўздзеянні фота. Яны зроблены на месцах падзей, дзе эмоцыі самі гавораць за сябе. Тут і пажары, і паводкі, і дарожныя аварыі. А яшчэ акцыі, святы, спаборніцтвы. І вельмі часта наведвальнікі пазнаюць на гэтых здымках сябе. Вось нешта малююць маленькія ратавальнікі з 65-га садка, дарэчы, першага ў краіне з адмысловым ухілам. А гэта ўжо вучні 28-й школы, дзе існуе клас МНС. Сёлета яны занялі 1-е месца ў КВЗ па вобласці. Магчыма, нехта з іх праз некалькі гадоў прыйдзе ў Бабруйскі гаррайаддзел па НС ужо ў якасці супрацоўніка. Бо не ўлюбіцца ў гэтую прафесію, пабываўшы ў галерэі, проста немагчыма. Выстаўка працуе да сакавіка. Сумна тут дакладна не будзе. Дарэчы, кажуць, што той, хто дакранецца да карціны з выявай камінара, назаўсёды будзе застрахаваны ад усялякіх няшчасцяў. Галоўнае, не ствараць для іх умовы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Камінар з Пажарнага завулка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.