Вы тут

Усе пытанні можна вырашыць цывілізавана


Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава правяла выязны прыём грамадзян у Жодзінскім гарвыканкаме. Падчас яго былі ў тым ліку разгледжаны і звароты грамадзян па пытаннях рэалізацыі нормаў Дэкрэта №3.


— Прэзідэнт Беларусі паставіў перад намі дакладную задачу аб неабходнасці больш сур'ёзнай работы ў адносінах грамадзян. Звароты мы павінны разглядаць аператыўна і аб'ектыўна. Таму ў Адміністрацыі Прэзідэнта створана маніторынгавая група, якая будзе выязджаць у рэгіёны для таго, каб бачыць, як вядзецца работа на месцах, — адзначыла Наталля Качанава. — Не зусім правільна, калі людзі звяртаюцца ў вышэйстаячыя інстанцыі. Вырашаць праблемы павінны перш за ўсё кіраўнікі мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў, арганізацый. Канешне, сустракаюцца і такія пытанні, якія патрабуюць садзейнічання на рэспубліканскім узроўні. Але разам з тым, калі павялічваецца колькасць паўторных або калектыўных зваротаў у вышэйшыя інстанцыі, — гэта сігнал, што на месцах не дапрацоўваюць.

Адказваючы на пытанне, ці магчыма адмена Дэкрэта №3, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта заўважыла, што пачаўся толькі першы этап яго рэалізацыі. У далейшым будзе весціся маніторынг: «Мы пабачым, як працуе дакумент, якія вынікі. І пасля гэтага будзе прынята пэўнае рашэнне. У Дэкрэт ужо былі ўнесены змяненні і дапаўненні зыходзячы з тых зваротаў, якія паступалі з рэгіёнаў краіны».

Што датычыцца збору подпісаў за адмену дакумента, то, як лічыць Наталля Іванаўна, у нашай краіне мы можам добра чуць адзін аднаго. «Я думаю, мы ў стане ўсё вырашаць іншым шляхам — больш цывілізаваным. Тая работа, якая праводзіцца ў Беларусі са зваротамі грамадзян, сапраўды, вельмі сур'ёзная і няпростая. Прымаючы адпаведны закон, уносячы ў яго карэктывы, змяненні, мы зыходзім з жыцця. У нас працуюць «гарачыя» тэлефонныя лініі, на ўсіх узроўнях вядуцца прыёмы грамадзян: старшынямі аблвыканкамаў і абласных Саветаў дэпутатаў, рай-, гарвыканкамаў, райсаветаў. Кожную суботу праходзяць прамыя тэлефонныя лініі, куды можа звярнуцца любы жыхар нашай краіны і атрымаць кваліфікаваны і кампетэнтны адказ», — падкрэсліла Наталля Качанава.

Разам з тым яна засяродзіла ўвагу на тым, што прыём грамадзян — ніякая не піяр-акцыя. «Мы выязджалі на месцы і раней. І будзем надалей працягваць гэтую работу, калі ўбачым, што ў тым або іншым райцэнтры, населеным пункце найбольш востра стаяць нейкія пытанні. У найбліжэйшы час мы запланавалі калегію ў Адміністрацыі Прэзідэнта, дзе разгледзім пытанне аб звароце грамадзян. Таму сёння праводзім маніторынг, каб падчас яго даць дакладную ацэнку той рабоце, якая вядзецца ў краіне па выкананні палажэнняў Закона аб звароце грамадзян».

Адміністрацыя Прэзідэнта вывучае і аналізуе пытанні, якія хвалююць грамадзян, у тым ліку і працоўнай занятасці. На мясцовыя органы ўлады ўскладаецца задача па стварэнні новых рабочых месцаў, прадпрыемстваў, вытворчасцяў. Сёлета плануецца адкрыць 70 тыс. рабочых месцаў. «Але некаторыя людзі проста не хочуць працаваць. Дэкрэт не нацэлены на тое, каб прымусіць кагосьці працаваць. Размова ідзе пра тое, што ўсе грамадзяне павінны ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў. На сацыяльную сферу, адукацыю, медыцыну, ахову грамадскага парадку з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў выдаткоўваюцца значныя сродкі. Усім гэтым карыстаюцца ўсе жыхары краіны», — канстатавала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Грамадзяне, якія не працуюць, лічаць, што яны таксама ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржрасходаў: набываючы тавары і прадукты ў крамах, лекі ў аптэках, карыстаючыся мабільнікамі, запраўляючы палівам аўтамабілі. «Але мы маем на ўвазе іншыя моманты. У нашай краіне пабудавана вялікая колькасць аб'ектаў сацыяльнай сферы, культуры, аховы здароўя, школ, дашкольных дзіцячых устаноў. Да 2020 года запланавана адкрыць яшчэ 70 дашкольных устаноў», — адзначыла Наталля Качанава.

Яна паведаміла, што сёння мясцовым органам улады дадзена права аб вызваленні ад аплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў. Прычым крытэрыі цяжкай жыццёвай сітуацыі не вызначаны. Менавіта на месцах разглядаюцца ўсе канкрэтныя выпадкі і прымаюцца рашэнні. Па краіне дастаткова прыкладаў, калі пры звароце ў адпаведныя камісіі пытанне вырашалася на карысць чалавека. «Гэта работа будзе працягвацца, прычым актыўна, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Мы нацэльваем Міністэрства па падатках і зборах, падатковыя інспекцыі на месцах прыносіць прабачэнні тым людзям, якім памылкова былі накіраваны паведамленні. Але і тут ёсць адваротны бок. Грамадзяне атрымлівалі і «ліпавыя» паведамленні, да якіх інспекцыі не маюць дачынення. Мае месца яшчэ і нейкая спекуляцыя на гэтым пытанні з боку нядобрасумленных людзей».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Пачуць адзін аднаго

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».