Вы тут

Пісьменнік Анатоль Сульянаў згадвае мастака Міхаіла Савіцкага


Народнага мастака СССР і Беларусі ўжо некалькі гадоў як няма на гэтым свеце. Але яго імя па-ранейшаму на слыху. Беларускаму мастаку №1 мінулага стагоддзя, як яшчэ пры жыцці называлі Міхаіла Андрэевіча, прысвячаюць мастацкія творы і публікацыі, яго карціны ўпрыгожваюць музейныя экспазіцыі, ладзяцца персанальныя выставы майстра. Пра Савіцкага не перастаюць гаварыць сябры і калегі, з цеплынёй Героя Беларусі ўспамінаюць тыя, каму пашчасціла хоць раз бачыць ці нават размаўляць з геніем.


Пісьменнік Анатоль Сульянаў з Міхаілам Савіцкім сябраваў. Ён і сёння памятае, аб чым былі доўгія размовы ў майстэрні мастака, дзе часта даводзілася назіраць за тым, як безаблічныя палотны становяцца творамі мастацтва. А аднойчы і сам стаў героем карціны — на адзін з юбілеяў пісьменніка Міхаіл Савіцкі падарыў сябру яго партрэт, які і дагэтуль упрыгожвае кватэру Сульянава. Сёння, у дзень 95-годдзя народнага мастака, Анатоль Канстанцінавіч успамінае тыя каштоўныя часіны, праведзеныя побач з ім.

Пазнаёміліся ў майстэрні

З Міхаілам Савіцкім яго звёў Васіль Быкаў. «Калі вас цікавіць тэма вайны, добра было б пазнаёміцца з Савіцкім», — сказаў ён аднойчы Сульянаву.

Вядома, на той момант Анатоль Канстанцінавіч чуў аб таленавітым мастаку. З яго творчасцю пазнаёміўся падчас наведвання выставы, якая ладзілася ў Цэнтральным доме Савецкай Арміі імя Фрунзе, што ў Маскве. А з падачы Быкава неўзабаве сустрэўся і з мастаком. Адбылося гэта ў майстэрні Савіцкага.

— Па твары Міхаіла Андрэевіча было бачна, што ён не вельмі задаволены нашым прыходам, — успамінае Анатоль Сульянаў першую сустрэчу. — Я толькі потым зразумеў, што мы перашкаджалі яму працаваць. Але работу над чарговай карцінай усё ж прыйшлося спыніць. Савіцкаму і Быкаву было што абмеркаваць. Перада мной стаялі два байцы, прычым з пярэдняга краю! Яны гаварылі аб сваім, а я пайшоў глядзець палотны. Упершыню быў у майстэрні Савіцкага, увогуле ў майстэрні вялікага мастака. Без перабольшвання — хадзіў з адкрытым ротам!

Калі Анатоль Канстанцінавіч папрасіў Савіцкага расказаць пра вайну, той прамовіў: «Давайце іншым разам. Я сёння не настроены».

— Праўда, падчас сустрэчы так ці інакш гэтую тэму закранаў, — гаворыць Анатоль Сульянаў. — Мне падалося, што, у адрозненне ад Быкава, ён не ўсё расказвае. І я зразумеў: у яго была іншая вайна, чым у Быкава...

«Я цярплю — ён жа Вялікі!»

Наступным разам у майстэрню да мастака Сульянаў прыйшоў адзін. «Міхаіл Андрэевіч стаў Вялікім для мяне з першых дзён знаёмства, — гаворыць Анатоль Канстанцінавіч. — Падчас такіх сустрэч ён не аб творчасці расказваў, а аб тым, што перажыў на вайне. Такія людзі нараджаюцца рэдка: столькі перажыць і захаваць дабрыню...»

— Каб сустрэцца з Савіцкім, я заўсёды прасіў дазволу, — успамінае Анатоль Сульянаў. — Быкаву дастаткова было сказаць, што я выязджаю. З Савіцкім трэба было знаходзіць момант, каб не перашкаджаць: мастак вельмі не любіў, каб перарывалі яго творчасць. Праўда, Міхаіл Андрэевіч мог і падчас размовы ўзяць пэндзаль і адхіліцца да карціны. Недапісаных, толькі пачатых работ у майстэрні была вялікая колькасць...

Анатоль Сульянаў прыязджаў у майстэрню да мастака не часта, але калі сустракаліся, то гутарылі гадзінамі. «Я баяўся дрэннага настрою Міхаіла Андрэевіча, — прызнаецца сябра. — Бывае, скажа нешта злосна, я цярплю — ён жа Вялікі! Пап'ём гарбаты, гляджу, куды мастак пойдзе — у крэсла або да станка. Ён мной камандаваў. Вялікіх нельга доўга затрымліваць. Калі яны хочуць працягнуць размову, то прапаноўваюць гарбату. У Савіцкага ж наадварот: ставіць гарбату — трэба закругляцца».

Мі­ха­іл СА­ВІЦ­КІ і Ана­толь СУЛЬ­Я­НАЎ пад­час су­стрэ­чы з кур­сан­та­мі ва­ен­на-па­лі­тыч­на­га ву­чы­лі­шча ў Мін­ску.

Сустрэча з курсантамі

— Міхаіл Андрэевіч настолькі цураўся ўсіх прапаноў, што калі я аднойчы папрасіў яго выступіць перад курсантамі ваенна-палітычнага вучылішча, нават падумаць не мог, што той пагодзіцца, — працягвае Анатоль Сульянаў.

Сустрэча з курсантамі доўжылася амаль дзве з паловай гадзіны. Міхаіл Савіцкі расказваў пра вайну, задаваў юнакам пытанні, казаў, што вайна — жудасная справа. І ён гэта ведаў як ніхто. Мастак не раз паўтараў: зразумеў, што такое вайна, толькі тады, калі трапіў у палон. Калі б ваяваў на фронце, па яго словах, гэта было б цудоўна.

— Я ўпершыню прысутнічаў у аўдыторыі, дзе нават скрыпу не было чуваць, — прызнаецца пісьменнік. — Спрабаваў запісаць усё сказанае, але Савіцкі гаварыў так страшна, што рука не дзейнічала.

Праз шмат гадоў пасля той сустрэчы Анатоль Сульянаў убачыўся з некаторымі выпускнікамі вучылішча, ужо афіцэрамі. І на пытанне, што яны больш за ўсё запомнілі з вучобы, усе ў адзін голас згадвалі сустрэчу з Савіцкім.

«Я не чакаў яго смерці...»

Анатоль Сульянаў называе Міхаіла Савіцкага вялікім псіхолагам, выхавацелем. Мастак нават імкнуўся змяніць сістэму адукацыі. Лічыў за ўзор французскае школьнае навучанне. Савіцкаму не падабалася, што савецкія настаўнікі прымушалі дзяцей вучыцца. На яго думку, вучань сам павінен цягнуцца да ведаў. Пытанні былі і па дысцыпліне. Лічыў, што школьніку неабавязкова падчас урока падымаць руку, калі яму неабходна выйсці. Са сваімі прапановамі нават прарваўся да Пятра Машэрава, але нічога не атрымалася. Пісьменнік мяркуе, што, магчыма, штосьці і вырашылася б, але ў Машэрава было шмат ворагаў.

— А ці былі яны ў Міхаіла Савіцкага? — пытаюся ў Анатоля Канстанцінавіча.

— Як у кожнага вялікага... Калі яго карціна трапіла ў Траццякоўскую галерэю, Савіцкага выключылі з Беларускага саюза мастакоў. Праўда, пасля прынялі ў Саюз мастакоў СССР.

...Аб сваіх праблемах са здароўем Савіцкі мала каму расказваў. «Апошнім часам вочы яго глядзелі не на карціну, якую ён пісаў, а ў іншы бок. Раней я такога не заўважаў», — прызнаецца Анатоль Сульянаў.

— А ці памятаеце апошнюю сустрэчу? — пытаюся ў пісьменніка.

— Не. Я не чакаў яго смерці... Незадоўга да таго я патэлефанаваў Міхаілу Андрэевічу і спытаў, ці можна да яго прыйсці. Мастак сказаў, што цяпер не трэба, і паклаў трубку. Ён хварэў...

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота з архіва Анатоля СУЛЬЯНАВА

Загаловак у газеце: «Столькі перажыць і захаваць дабрыню...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?