Якуб Колас быў заўзятым грыбніком, любіў мочаныя яблыкі і сам гатаваў настойкі. Цяпер наведвальнікі маюць магчымасць зазірнуць у склеп сям'і Міцкевічаў і пабачыць, якія прадукты там захоўваліся зімою і былі на стале ў класіка. Незвычайная экспазіцыя, якая так і называецца — «Склеп», працуе ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Таксама да 135-годдзя песняра адкрылася выстаўка фотаздымкаў 1901—1956 гадоў з фондаў музея, тут знакаміты паэт зноў жа паўстае простым, хатнім.
— У маім уласным светаадчуванні, бачанні беларускай літаратуры і культуры ў цэлым я не магу падзяліць Коласа і Купалу. Так, яны, безумоўна, розныя: кожны са сваёй стылістыкай, але разам з тым працавалі дзеля дасягнення адной агульнай мэты, — падзяліўся міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ. — Кожны ішоў сваім шляхам. Колас падымаўся ад зямлі, а Купала кіраваў позірк у нябёсы. Але разам спрыялі таму, каб беларуская мова, беларускае слова гучалі ў свеце. Постаць Якуба Коласа, яго асоба, лад жыцця і творчы набытак яшчэ раз пацвярджаюць нам, якім можа і павінен быць сапраўдны беларус.
Сёлета, у юбілейны для Коласа год, яго асобе і творчасці будзе прысвечана мноства выставак, імпрэз.
— Святкаваць 135-годдзе класіка мы пачалі з праекта «Дарогамі Якуба Коласа», які стартаваў і зараз праходзіць у Літве. Прыпынкамі ўжо сталі Вільнюс і Клайпеда, потым выстаўка будзе працаваць у Друскінінкаі, — кажа дырэктар літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ. — Пра Коласа будуць распавядаць і ў Маскве, Варшаве. Мы прыкладаем намаганні, каб слова класіка шырока гучала не толькі ў нашай краіне, каб яно запальвала сэрцы прадстаўнікоў іншых народаў.
Адным з крокаў пашырэння кола прыхільнікаў Песняра можа стаць з'яўленне новых перакладаў яго твораў. У гэтым кірунку ўжо сёлета працуюць сябры Беларусі з іншых краін свету. Многія госці Міжнароднага сімпозіума літаратараў, які не так даўно прайшоў у сталіцы, пасля наведвання дома Коласа былі неверагодна натхнёныя і паабяцалі перастварыць на іх родных мовах творы нашага паэта. Дарэчы, плён гэтай працы ўжо ёсць. Як расказала першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена СТЭЛЬМАХ, ужо зроблены пераклад некаторых вершаў Коласа на балкарскую мову.
— Я чытаў амаль усе творы, але найлепшымі застаюцца дзве вялікія паэмы «Сымон-музыка» і «Новая зямля». Мой асобнік «Сымона-музыкі» суправаджаў мяне паўсюль: у войску, у розных працоўных кабінетах. Мы нават равеснікі: выданне, якое маю, пабачыла свет у 1968 годзе ў серыі «Школьная бібліятэка», — расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, доктар гістарычных навук Ігар МАРЗАЛЮК. — Якуб Колас — гэта космас беларускай душы, ён, як грамнічная свечка, ачышчаў, асвятляў шлях нашага слова, нашай мовы. Вобраз песняра ўвасабляе фундаментальнасць, арганічнасць нашага народа, яго трывалыя карані і жаданне быць гаспадаром на ўласнай зямлі, у сваёй хаце.
Што ж пабачым у «Склепе»?
— Гэта самая старая пабудова на тэрыторыі коласаўскай сядзібы. Калі сям'я Міцкевічаў пасялілася тут пасля Вялікай Айчыннай вайны, былі толькі склеп і драўляная хатка, дзе ў гады вайны жыў намеснік кіраўніка нямецкага шпіталя. У склепе сям'я паэта захоўвала бульбу, яблыкі і дамашнія нарыхтоўкі. Мы паспрабавалі аднавіць яго па ўзоры 1950-х гадоў. Тут зроблена лядоўня для захоўвання мяса і малочных прадуктаў, дзе нават улетку была мінусавая тэмпература, — расказала вядучы навуковы супрацоўнік Коласаўскага музея Юлія КІШКУРНА.
На паліцах можна пабачыць тое, што любіў есці сам Колас. Ён быў заўзятым грыбніком, таму заўсёды ў доме меліся нейкія нарыхтоўкі з грыбочкаў. А паколькі з-за хворага страўніка Канстанцін Міхайлавіч не мог есці мясныя і вострыя стравы, то ён любіў мочаныя яблыкі і кіслую капусту, салёныя агуркі. На паліцах прадстаўленыя і настойкі. Яны падрыхтаваныя па адмысловым рэцэпце сям'і Міцкевічаў. Нават і сёння малодшы сын Коласа Міхась Міцкевіч працягвае традыцыю бацькоў. Ён выдатна гатуе, сам робіць настойку «Міхасёўку».
Марына ВЕСЯЛУХА
Фота Кастуся ДРОБАВА
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.