Жыхарку Рагачова Валянціну Чарнышову вызвалілі ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў непасрэдна ў кабінеце, дзе вёў выязны прыём першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім РЫЖАНКОЎ.
Жанчына ў 2015 годзе працавала на розных часовых пасадах на замене ў дзіцячым садку, але ў яе не хапіла 9 дзён да 183, якія, згодна з Дэкрэтам №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», трэба было адпрацаваць, каб не плаціць збор.
— У мяне зарплата дворніка зараз 230 рублёў. У мужа — 260. Мы выплачваем спажывецкі крэдыт, які бралі на рамонт водаправода і ацяплення. Я прыйшла ў фінансавы аддзел з усімі даведкамі. Прыходзілі да мяне людзі, вывучалі жыллёвыя ўмовы, працавалі ўважліва. Але ж рашэнне прымалася без мяне — мне даслалі ліст па пошце — пра тое, што мне адмоўлена.
Максім Рыжанкоў каментуе расказ для чыноўнікаў раённага ўзроўню, якія знаходзяцца тут жа, у кабінеце, дзе ідзе прыём грамадзян:
— Я разумею літару закона, але ж мясцовай уладзе дадзены ўсе правы, каб да кожнага пытання ставіцца больш з душой. Ва ўлад ёсць права вызваляць людзей ад гэтага збору. Тым больш у такім выпадку, калі чалавеку не хапіла ўсяго некалькі дзён, з улікам таго, што ён працаваў на момант прыняцця закона. Я не магу зацвярджаць рашэнне вашай камісіі, але для мяне гэта падстава, каб зразумець становішча чалавека. Нельга сказаць, што Валянціна Васілеўна недавыконвае сваю сацыяльную функцыю перад дзяржавай. У мяне просьба да ўлад адносіцца больш гнутка да людзей.
Калі Валянціна Васілеўна выходзіць з кабінета, на яе вачах — слёзы ўдзячнасці.
— Я ноч не спала. У мяне гэтыя месяцы была дэпрэсія. Мне даслалі ліст — выплаціць 293 рублі 30 капеек. Я ж з 1998 года працую. Я свой дзіцячы садок вельмі люблю. Стараюся там нешта ўпрыгожваць сваімі рукамі. Нават тады, калі не працавала афіцыйна, туды прыходзіла, проста бясплатна.
А вось рагачоўцу Аляксандру Аляксандравічу індульгенцыю ад падатку на ўтрыманства не выдалі. Максім Рыжанкоў распытваў яго гісторыю і ўдакладняў акалічнасці ў спецыялістаў райвыканкама.
— Я ў 2015 годзе працаваў крыху больш за 2,5 месяца, — расказвае жыхар Рагачова. — Да гэтага працаваў у будаўнічай арганізацыі, адкуль звольніўся па заканчэнні кантракта. Потым работу не мог знайсці. Мы жылі са свайго агарода. Дапамагалі сваякі. Тры гады таму я пачаў будаваць дом.
Намеснік старшыні Рагачоўскага райвыканкама Руслан Смірноў каментуе сітуацыю так:
— Мы дасканала вывучалі дакументы і жыццёвыя абставіны заяўніка і не знайшлі падстаў вызваліць яго ад выплаты збору за 2015 год. Як ён знайшоў магчымасць будаваць дом і пры гэтым не працаваць? Здаецца, вы нам нешта не дагаворваеце пра тое, што вы рабілі ў 2015 годзе.
Максім Рыжанкоў слухае абодва бакі і кажа, што ў выпадку Аляксандра не пачуў аргументацыю, каб аспрэчваць рашэнне раённай камісіі:
— Сапраўды, вы нешта не дагаворваеце. Вы змаглі сабе дазволіць амаль год нідзе не працаваць. І ваша жонка таксама. Згадзіцца на працу ў 3—4 тагачасныя мільёны вам здавалася немагчымым. Вам хапала зберажэнняў жыць і будаваць дом. Дзяржава дапамагае чалавеку ў рэалізацыі яго імкненняў. Але ж і людзі павінны быць адказнымі.
Дарэчы, на прыём у Рагачоўскі райвыканкам прыйшло 14 чалавек, прычым двое прыехалі з суседняга, Буда-Кашалёўскага раёна. За дзве з паловай гадзіны Максім Рыжанкоў пагутарыў з усімі, прычым па самых розных пытаннях:
— Выязны прыём паказаў, што сёння вельмі актуальныя тэмы працаўладкавання, выканання Дэкрэта №3, бытавога характару. Значнай крытыкі наконт дэкрэта №3 не прагучала, за выключэннем аднаго чалавека, які ўвогуле не захацеў размаўляць. Проста прыйшоў, сказаў, што дрэнна ўсё, і пайшоў. Сёння ёсць механізм абароны людзей, якія апынуліся ў складанай сітуацыі. Ёсць выканкам, адпаведныя камісіі, але ж многія людзі ў іх не звяртаюцца. Яны хочуць, каб чалавек з Мінска ўсе іх пытанні адразу рашаў. Пачынаем разбірацца і высвятляецца, што многа можна было вырашыць. Многія пытанні не вырашаюцца таму, што людзі хітруюць. Утрыманская пазіцыя ў некаторых застаецца. Нам бы хацелася, каб раённая вертыкаль менш аглядалася на Мінск ці на Гомель. Усе інструменты вырашэння пытанняў у іх ёсць. Але ж не заўсёды яны гатовыя іх прымяніць, бо хвалююцца, што пяройдуць нейкую мяжу сваіх паўнамоцтваў. У мясцовых улад заўсёды застаецца магчымасць напісаць у цэнтр сваё меркаванне па тым ці іншым пытанні і вызначыць нейкія праблемы, якія патрабуюць пэўнай рэгуліроўкі. Ад гэтага будуць выйграваць усе.
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў адзначыў, што агульная сума збору па фінансаванні дзяржрасходаў у маштабах бюджэту будзе невялікай.
— Галоўная ідэя Дэкрэта №3 — стымуляваць людзей выплачваць падаткі, паказваць свае прыбыткі. Адміністрацыя Прэзідэнта імкнецца праехаць па рэгіёнах, паглядзець сітуацыю са зваротамі грамадзян з акцэнтам на самыя актуальныя пытанні, якія датычацца рэалізацыі Дэкрэта №3, камунальных плацяжоў, сацыяльна-эканамічнай палітыкі і інш. Людзі, якія працуюць і не паказваюць свае прыбыткі, не дармаеды. Яны ствараюць прадукцыю з дабаўленай вартасцю, прыносяць краіне пэўную карысць. Іншае пытанне, што яны не ўдзельнічаюць у пакрыцці сацыяльных выдаткаў. Дзяржава дае кожнаму сацыяльныя гарантыі, але частку сацыяльнай адказнасці людзям трэба браць на сябе, у тым ліку шляхам сумленнай выплаты падаткаў.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».