Вы тут

Да вясны здымныя бюджэтныя кватэры могуць яшчэ патаннець


Зіма на другасным рынку прыватнай арэнды ніколі не была спрыяльным сезонам для кватэраздатчыкаў. Сёлета халодны перыяд стаў увогуле складаным для ўласнікаў свабоднага жылля, бо колькасць кліентаў у гэты час не павялічваецца, заробкі ў патэнцыйных кватарантаў не растуць, больш таго — менавіта ў студзені павялічыліся тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Пералічаныя фактары падштурхоўваюць удзельнікаў рынку арэнды да далейшага патаннення здымнага жылля.

Пра сённяшнюю сітуацыю на сталічным рынку арэнды і прагнозы на найбліжэйшую перспектыву карэспандэнту «Звязды» расказала начальнік аддзела арэнды агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Маргарыта Пачыцкая.


Гаспадары згаджаюцца на зніжкі

За апошнія паўтара года цэны на арэнду стандартнага жылля ў Мінску абваліліся амаль у два разы. Так, калі вясной 2015-га звычайныя аднапакаёвыя кватэры прапаноўваліся ў самым лепшым выпадку (для кватарантаў) за 300 долараў, то сёння падобнае жыллё здаецца не даражэй чым за 160—170 «баксаў». Больш таго, цяпер спецыялісты адзначаюць, што менавіта гэтай зімой на рынку назіраецца павольная тэндэнцыя далейшага патаннення сярэдніх па якасці кватэр, стаўкі па якіх раней былі вышэйшыя, чым у бюджэтным сектары жылля. Гэта не імгненнае патанненне, а хутчэй карэкціроўка цэннікаў. Так, спачатку гаспадар утульнага жылля выстаўляе яго ў агульным каталогу па адной цане, але праз два-тры тыдні (калі кватэрай ніхто не цікавіцца) уласнікі ўжо згаджаюцца на зніжку ў памеры 10—20 долараў ад стартавай стаўкі.

Сціплая аднапакаёўка — 150 долараў

Мінімальныя цэны на аднапакаёвыя кватэры ў агенцтвах нерухомасці цяпер пачынаюцца са 150 долараў. Гэта невялікая кватэра з не вельмі сучаснай мэбляй або без мэблі, але з рамонтам. Такія варыянты сёння сустракаюцца не толькі ў Фрунзенскім і Заводскім раёнах або ў Шабанах. Але менавіта там іх бывае больш.

Існуюць сёння на рынку часам і ўвогуле танныя варыянты маленькіх кватэр, якія прапануюцца нават за 130—140 долараў. Гэта так званыя слабенькія кватэры на апошніх паверхах пяціпавярховых дамоў з мэбляй савецкіх часоў, са старой бытавой тэхнікай або абстаўленыя толькі часткова. Звычайна жыллё такога цэнавога ўзроўню сустракаецца ў Чыжоўцы, мікрараёнах Сухарава і Шабаны. Падобных варыянтаў сёння няшмат, але яны ёсць. Нягледзячы на таннасць гэтых аб'ектаў, попыт на іх невялікі, бо кліент часцей гатовы дадаць яшчэ 20—30 долараў, але дакладна жыць у камфортным і больш якасным жыллі.

Сучасны мінскі кватарант з большай цікавасцю разглядае варыянты кватэр цалкам укамплектаваных нестарой мэбляй, дзе сярод бытавых прыбораў абавязкова прысутнічае пральная машына. Сярэдні цэннік арэнды падобных апартаментаў у галоўным мегаполісе краіны складае 180 долараў. Сярод амаль аднолькавых па якасці і кошце кватэр прыярытэт аддаецца жыллю ў новабудоўлях з развітой інфраструктурай. Аднапакаёвая кватэра за 200 долараў будзе мець не толькі сучасны тэлевізар і халадзільнік, але і прыстойную кухню, а таксама даволі прымальны рамонт.

Шматпакаёўкі таннеюць хутчэй

У Мінску сёння на рынку прыватнай арэнды можна знайсці бюджэтныя варыянты двухпакаёвых кватэр, мінімальны цэннік на якія пачынаецца са 180 долараў. Зразумела, што добрай мэблі і якаснага рамонту за такія грошы ў падобных кватэрах не будзе. Сярэдні цэннік ліквідных двухпакаёвых кватэр, якія карыстаюцца стабільным попытам у кліентаў, складае цяпер ад 210 да 220 долараў. Ёсць у наяўнасці на рынку і цалкам падрыхтаваныя для камфортнага жылля двухпакаёўкі. Такія варыянты з усім наборам бытавой тэхнікі і мэблі прапануюцца ўжо за 250 долараў.

Мінімальная цана арэнды трохпакаёвых кватэр (без мэблі ці часткова з ёй) у новабудоўлях з кухняй, але без мэблі, складае каля 230 долараў. У старых дамах падобнае жыллё можа трапіцца нават за 220 долараў. Сярэдняя цана стандартных па якасці трохпакаёвых кватэр складае 250—260 долараў. Сапраўды якасныя трохпакаёвыя кватэры ў спальных раёнах сталіцы (укамплектаваныя мэбляй і бытавой тэхнікай) здаюцца цяпер да 280 долараў у месяц плюс аплата камунальных паслуг. Тут трэба заўважыць, што варыянтаў бюджэтных шматпакаёвак на рынку нямнога, але і попыт на іх невялікі.

Займаюцца агенцтвы нерухомасці і пошукам для кліентаў асобных пакояў. Цэны на іх таксама істотна знізіліся. Цяпер гэта ўжо не 100 долараў, як было раней, а толькі ад 50 да 80 «зялёных». Ад сябе асабіста адзначу, што рынак здымных пакояў сёння яшчэ не стаў цалкам празрыстым. Уласнікі такога жылля звычайна не рэгіструюць сваіх кватарантаў, каб не плаціць падаткі. Таму пакоі ў большасці выпадкаў прапануюцца знаёмым у прыватным парадку. Пакойчык па такой схеме будзе каштаваць ужо меней. Такса складае прыкладна 30—40 долараў у месяц плюс пэўная частка кватэрнай платы за жыллёва-камунальныя паслугі.

Кватэры класу люкс

Да такіх кватэр адносяць жылыя памяшканні з параўнальна дарагім рамонтам і адпаведнай якаснай мэбляй. Зразумела, што ў сённяшні няпросты час людзі нават з нядрэннымі заробкамі пачалі больш скрупулёзна лічыць грошы. Таму год назад яны нават пачыналі пераязджаць у больш таннае стандартнае жыллё. А ў выніку гаспадары і дарагіх кватэр былі вымушаны зніжаць свае апетыты. Цяпер аднапакаёвыя кватэры гэтага класу можна знайсці на рынку за 250—400 долараў, двухпакаёўкі прапануюцца ў дыяпазоне ад 300 да 500 долараў, а трохпакаёвыя кватэры — ад 500 долараў і вышэй. Тут трэба адзначыць, што нават не вельмі вялікія, але сапраўды якасныя кватэры ў новых элітных дамах (абавязкова з паркоўкай) або ў прэстыжных раёнах горада (звычайна ў цэнтры) маюць і цяпер цэннік да 700 долараў.

Катэджы патаннелі на 30%

Гэта на першы погляд здаецца, што аб загарадным жыллі ў лютым думаць зарана. Спецыялісты адзначаюць, што гэты тып арэнднага жылля вясной і летам карыстаецца стабільным попытам, нягледзячы на фінансавыя складанасці. Менавіта гэтыя складанасці часам і вымушаюць людзей камфортна адпачываць не на замежных курортах, а на прыродзе і недалёка ад уласнага жылля і працы. Так, сезон пікнікоў і першых адпачынкаў такога кшталту пачнецца ў красавіку-маі, але цікавіцца варыянтамі і цэнамі людзі пачнуць ужо ў сакавіку. У другой палове сакавіка ў кліента будзе магчымасць і зарэзерваваць гэтую нерухомасць, зразумела, што пры пэўных варыянтах перадаплаты.

Спецыялісты адзначаюць, што бюджэтныя варыянты катэджаў за час апошняга крызісу патаннелі прыкладна на траціну. Сёння невялікі ўтульны цалкам падрыхтаваны для адпачынку катэдж (3—4 пакоі з мэбляй і кухня) з газонам і альтанкай будзе каштаваць ад 400 долараў у месяц. Маюцца на ўвазе менавіта добраўпарадкаваныя катэджы, а не звычайныя вясковыя хаткі ці садовыя домікі, якія прапануюцца ў разы танней.

Ёсць на рынку і сапраўды шыкоўныя загарадныя апартаменты з басейнамі, саўнамі, спецыяльнай сістэмай аховы і г. д. Аднак кошт арэнды падобных катэджаў вагаецца ўжо ад 500 і недзе да 3000 долараў. Такую нерухомасць таксама здымаюць, але вельмі рэдка і выключна для VІР-кліентаў.

Дагавор, і пажадана на некалькі гадоў

Сярод новых нюансаў у сферы арэнды сталі патрабаванні кватарантаў, каб у іх здымнай кватэры быў абавязкова нехта прапісаны (зарэгістраваны), а таксама, каб з уласнікам кватэры быў заключаны афіцыйны дагавор у ЖЭСе. Гэтыя патрабаванні цалкам зразумелыя, бо ў кватэры, дзе ніхто не зарэгістраваны, «жыроўка» за ацяпленне зімой можа дасягаць шалёных лічбаў. Заключэнне дагавора (дзе агучаны памер аплаты) у час амаль мінімальных цэннікаў на арэнду дадае кватаранту ўпэўненасці, што ўжо заўтра тарыф арэнды гаспадар кватэры істотна не павялічыць.

Цяпер істотна змянілася і само стаўленне ўласнікаў жылля да сваіх патэнцыйных кватарантаў. Калі раней гаспадары свабоднага жылля даволі скрупулёзна выбіралі сабе пастаяльцаў, то сёння іх палітыка наконт гэтага стала больш гнуткай. У большасці выпадкаў адсутнічае катэгарычнае табу на сем'і з малымі дзецьмі, кампанію з двух-трох студэнтаў, а таксама на аматараў кошак і сабак. Гаспадары зусім не супраць свойскіх жывёл, але пры наяўнасці ў кватэры дарагіх шпалер яны могуць патрабаваць у кватарантаў пакінуць пэўную суму задатку на выпадак псавання маёмасці. Звычайна памер такога задатку складае цану месячнай арэнды жылля або палову ад такой стаўкі. У гэтым выпадку спецыялісты рынку арэнды раяць патэнцыйным кватарантам загадзя агаворваць падобныя нюансы з уласнікамі жылля і фіксаваць такія дэталі ў дагаворы.

Рынак пачне ажываць летам

На самай справе больш цікавіцца рынкам прыватнай арэнды патэнцыйныя кватаранты пачнуць ужо вясной. Гэта будуць «прасунутыя» бацькі будучых студэнтаў-першакурснікаў, афіцыйна зарэгістраваныя сем'і і маладыя спецыялісты, якія атрымаюць размеркаванне ў сталіцу. Сапраўдная хваля вялікай колькасці кватарантаў чакаецца ўжо ў сярэдзіне ліпеня і ў жніўні. У мінулыя гады на рынак арэнды паўплывала і актыўнасць сезонных несталічных работнікаў, якія ехалі на цёплы перыяд у сталіцу за доўгім рублём. Сёлета нейкага сур'ёзнага наплыву менавіта сезоннікаў эксперты не чакаюць, бо цяпер добрай працы з сур'ёзнымі заробкамі не зусім хапае і мясцовым жыхарам.

Павелічэнне попыту на рынку звычайна правакуе і рост цэн, аднак... Сёлета падобная карэкціроўка цэн на арэнду будзе залежаць ад памеру магчымага ажыятажу з боку кліентаў. Напрыклад, летась у сезон студэнцкага буму моцнага ажыятажу практычна і не было. Іншагароднія проста хуценька «павымывалі» з рынку самае таннае аднапакаёвае жыллё. Потым кліенты былі вымушаны здымаць і больш прывабныя кватэры ўжо па сярэдняй цане. Таму эксперты лічаць, што і гэтым летам цэны часова павялічацца максімум на 10—20 долараў, а магчыма, і застануцца на сённяшнім узроўні.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Кватарантаў ізноў не хапае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вольга Рацэвіч аб літаб’яднаннях і конкурсе «БрамаМар»

Вольга Рацэвіч аб літаб’яднаннях і конкурсе «БрамаМар»

«Эксперыменты дапамагаюць набыць літаратурную вопытнасць».

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.