Вы тут

Як гэта — жыць на хутары?


Лісічкі за хлявом, журавіны за плотам і... уласны лес

Непатрэбныя хаты і пустыя вёскі, згубленыя сярод палёў і лясоў хутары, якія паціху руйнуе сама прырода ці калгасныя бульдозеры... Гэта адзін з магчымых сцэнарыяў развіцця беларускай вёскі. А па іншым — тыя, хто прагне яднання з прыродай, набываюць хаты менавіта ў аддаленых ад гарадоў ды аўтамагістраляў мястэчках і нават на хутарах. Бадай што самы багаты на такія мястэчкі для адасобленага жылля — Воранаўскі раён на Гродзеншчыне, дзе на 335 населеных пунктаў прыходзіцца больш за 800 хутароў. Тыя, хто застаўся гаспадарыць на іх, не пагаджаюцца прамяняць сваю «адзіноту» з гаючым паветрам і ляснымі скарбамі ні на якія гарадскія выгоды.


Яшчэ тая загартоўка

Для часткі Заходняй Беларусі, якая была калісьці пад польскай уладай, увогуле характэрная хутарская сістэма.

— Масава ўтварацца хутары сталі ў 1930-х гадах, калі палякі пачалі раздаваць зямлю людзям. Апрацоўваючы свае асабістыя гектары, вяскоўцы будавалі там хаты, пераязджалі на надзел жыць. Зямля цалкам стала прыватнай. Мой 92-гадовы бацька — сведка тых часоў. Ён успамінае, як цяжка давалася гэтая апрацоўка. Трапіцца табе ўчастак з лесам, і пакуль яго выкарчуеш на конях, пакуль разарэш... — расказвае Віктар РОІК, старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў, які сам вырас на хутары. — У нас людзі тут свабодалюбівыя, аднаасобнікі, можна сказаць, і ім так падабаецца жыць.

У Воранаўскім раёне калісьці было каля 1200 адасобленых адзін ад аднаго падворкаў, адлегласць паміж якімі ў некалькі кіламетраў лічылася «жыццём па-суседску». Хоць хутарам тут называюць і пасяленне з 3—5 хат, якія стаяць недалёка адна ад адной. Закінутае жыллё руйнуюць, забіраючы зямлю пад палі. А большасць з хутароў, якія яшчэ існуюць, — нежылыя. Аднак тыя, дзе жывуць людзі, здзіўляюць сваёй самавітасцю і наладжанай гаспадаркай.

Два разы на год кожны хутар наведвае аглядная камісія: старшыня сельскага Савета, прадстаўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях, энерганагляду, фельдшарска-акушэрскага пункта, сацыяльны педагог (калі ў доме жывуць дзеці).

Мар'­ян і Ге­ле­на Вінцкевічы.

— Кожны раз высвятляем, што патрэбна, абследуем жыллё. Адзінокім старым, калі трэба, бясплатна рамантуем печ і мяняем электраправодку. Тым, у каго ёсць дзеці, даём час на ўстараненне праблемы, — расказала пра сувязь з хутаранамі старшыня Гіркаўскага сельскага Савета дэпутатаў Святлана МУШЫНСКАЯ. — Той, хто мацнейшы з жыхароў, сам праблему вырашае ці спецыяліста выклікае. Заўжды трымаем сувязь з насельніцтвам — інакш нельга.

Школьнікаў два разы да абеду і адзін раз пасля ўрокаў возіць спецыяльны аўтобус. Дзяцей выводзяць у пэўныя месцы каля дарогі, адкуль іх забіраюць. Тры разы на тыдзень па цэнтральных дарогах паміж хутарамі ходзіць аўтакрама, спыняецца на скрыжаванні дарог. Прыватнікі ўвогуле да кожнага хутара пад'язджаюць.

— Тыя, каму цяжка перазімаваць аднаму, ездзяць да дзяцей або ўладкоўваюцца ў дамы кругласутачнага знаходжання, а вясной вяртаюцца дахаты. Гэта людзі старой загартоўкі. Пакуль рухаюцца — яны жывуць, — дадае старшыня Савета.

У гасцях у Яніны Станкевіч.

Сяджу, як у раі

82-гадовая Яніна СТАНКЕВІЧ — першая гаспадыня, на хутар якой мы завіталі. Адразу за яе падворкам растуць бярозы, навокал раскінуліся палі. Па дарозе, што вядзе да хаты, не кожная машына ўзімку ды па непагадзі праедзе. Апошні год (пасля таго, як у жанчыны здарылася праблема з пазваночнікам) тройчы на тыдзень яе наведвае супрацоўніца сацыяльнай службы. Пра яе хутаранка кажа: «Чэся глядзіць мяне добра. Калі дзеці не даедуць, яна заўжды тут. І пагаворыць, і прыбярэцца, і хлеба прынясе, і да хлеба».

Яніна Феліксаўна родам з Літвы, але выйшла замуж за мясцовага і ўсё жыццё правяла на беларускім хутары, нарадзіла двух сыноў і дачку. Саматканыя пакрывалы, накідкі на падушкі, дарожкі, ручнікі — усё зроблена яе рукамі.

Цяжкай вясковай працай дапамагала ўсім дзецям вучыцца і будаваць катэджы. «Ніводзін з граблямі не ходзіць, дала ім хлеб у рукі, хоць сама і непісьменная», — кажа яна. У вёску, бліжэй да людзей, Яніна Феліксаўна не хоча, бо «чужое там усё».

— Мне муж нябожчык казаў: «Янусенька, жыві ў сваёй хаце». Я і жыву, бо, як кажуць, там свой куток, дзе рэзаны пупок. А як кепска стане, выйду, падыхаю — і лягчэй мне. Дай божа жыць на прыродзе. Я кветак насаджу ўвесну і сяджу, як у раі, — расказвае жанчына.

Пры гэтым хутаранка не залежыць ад дзяцей і нават дапамагае ім.

— Каб вы летам паглядзелі, колькі тут грыбоў ды ягад. Я летась на 5 мільёнаў старымі грашыма здала лісічак. Выйдзеш за хлеў — уся зямля жоўтая, па 12 кілаграмаў збіраю. Яшчэ і агарод садзіла — хачу, каб кавалак хлеба ў мяне быў, бо дзеці мае сваіх дзяцей вучаць.

Летась жанчына сама накалола і злажыла ў павець два прычэпы дроў. Яна дагэтуль любіць спячы сабе булку, бо «свая ж смачнейшая», і сушыць грыбы ў печы. Летам, кажа, зноў у ягады пойдзе.

Не лянуйся — і ўсё будзе

Мар'ян і Гелена ВІНЦКЕВІЧЫ жывуць на хутары, дзе недалёка яшчэ пару хат, у тым ліку і будынак сына з нявесткай, якія даглядаюць старых. Абодвум гаспадарам пад 80.

Зямля ды хата дасталіся Вінцкевічам ад бацькоў гаспадыні. Колькі было гектараў, цяпер і не ўспомніць.

— Ад хаты і да лесу надзел з кіламетр, і яшчэ на вёсцы быў участак. Цяпер ужо той зямлі няма, лесам засадзілі, — кажа Гелена Янаўна.

З жыўнасці на хутары — свінні ды куры. «Індык у нас адзін, затое ён за курамі глядзіць, ад крылатых драпежнікаў бароніць», — жартуе Мар'ян Дамінікавіч.

Гаспадар дагэтуль ходзіць паляваць на зайцоў ды ліс і абкошвае падворак звычайнай касою. А на грыбы палюе з такім азартам, што жонка смяецца: «Аж злуюся на яго, што кошыкамі прыносіць, бо мне ж усё гэта перабіраць». СамА яна, дарэчы, яшчэ пяць гадоў таму бярозавік цягала з лесу — па 35 літраў.

— Жыць добра. Толькі здароўя няма. Рукі застудзіла ў мінулым годзе — мыла ў сцюдзёнай вадзе бульбу. Ранкам пальцы анямелі на адной руцэ. Думаю ў бальніцы паляжаць, можа, адагрэюць руку, бо хочацца яшчэ кароўку патрымаць, каб сваё малако мець і смятану. На зямлі ж як? Не лянуйся — і ўсё будзе, — кажа яна.

Тэ­рэ­са Дзянькоўская са сваёй гаспадаркай.

Хутар-катэдж

Наступны хутар, які мы наведалі, — сапраўдны катэдж звонку і ўнутры: вялікі, утульны, з ацяпленнем, санвузлом, ваннай з гарачай вадой і еўрарамонтам. Гаспадарам пашанцавала правесці сюды газ, бо лінію па полі цягнулі акурат за некалькі метраў ад хаты. Дзевяць гадоў Мечыслаў і Тэрэса ДЗЯНЬКОЎСКІЯ збіралі грошы, каб зрабіць з «хаткі на курыных лапках» ладны дом, а пасля яшчэ тры гады рамантавалі яго. На стале — яблыкі, мёд, таматны сок, клінковы сыр — усё сваё.

Гаспадар працуе інжынерам-механікам, на ім, кажуць, уся тэхніка ў калгасе трымаецца. Адвучыў работнікаў мехдвара піць і курыць. Гаспадыня — санітарка на палову стаўкі. Пры гэтым яны паспяваюць апрацоўваць тры гектары зямлі, трымаць дзвюх кароў, бычка, цялят, авечак і два вуллі. Хутаране набылі для сваёй гаспадаркі ўсю тэхніку: трактар і абсталяванне да яго, грузавік, бульбаўборачны камбайн.

Кароў Тэрэса доіць сама. Авечак гадуюць на продаж, толькі праблема, што няма куды воўну здаваць.

Сына-адзінаццацікласніка і сямікласніцу-дачку ў школу бацькі завозяць на мікрааўтобусе, назад дзеці вяртаюцца на школьным аўтобусе.

Ад бацькі і дзеда маладым засталіся яблыневыя сады. На продаж і сабе яны вырошчваюць расаду памідораў і самі таматы.

— Памідорамі я займаюся перш за ўсё для ўласнай уцехі, а не дзеля даходу. І муж лічыць, што грошы — не галоўнае ў жыцці, яму праца на зямлі прыносіць задавальненне, — кажа гаспадыня.

Акрамя таго, Тэрэса ў лесе збірае журавіны, брусніцы, грыбы.

— Лес — вунь жа ён, адразу за плотам — яшчэ свёкар каля дзесяці сотак елак ды бярозак калісьці насадзіў, — кажа яна. — І на Новы год куплялі заўжды елку, свае не ссякалі... Добра на хутары жыць, асабліва летам. Толькі што дзецям на канікулах сумна, бо сябры далекавата. А нам з мужам лепшага і не трэба, як тут.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@svіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: На хутары

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.