Вы тут

Чаму людзі вяртаюцца ў вёску?


Спрадвеку гэта вёска знаходзілася ў месцы, дзе нярэдкімі гасцямі былі падарожнікі або гандляры. Адсюль і назва Гудзевічы, бо народ тут увесь час гудзе. Сёння аграгарадок з такой назвай знаходзіцца паміж Гроднам і Ваўкавыскам. Здавалася б, моладзь непазбежна павінна кіравацца ў гарады — па працу і статус, але вёска не меншае. Наадварот, штогод тут з'яўляюцца новыя дамы.


Марына і Іван Лука засталіся ў вёсцы і не шкадуюць.

Вяртанне да родных ніў

Усяго Гудзевіцкі сельсавет налічвае 17 населеных пунктаў. Вёскі Пілкі, Радзявічы даволі вялікія, але не ідуць у параўнанне з аграгарадком Гудзевічы, дзе сёння жыве 734 чалавекі — больш за палову ўсяго насельніцтва сельсавета.

У самім аграгарадку ёсць адзінае прадпрыемства ЗАА «Гудзевічы», што спецыялізуецца на сельскай гаспадарцы. Туды ж працаўладкоўваецца абсалютная большасць прыезджых. Іншыя шукаюць работу ў навакольных вёсках, і толькі адзінкі выпраўляюцца на працу ў раённы цэнтр Масты, што знаходзіцца за 30 кіламетраў ад сельсавета.

— У асноўным у нас замацоўваюцца спецыялісты, — расказвае Пётр Дзенісевіч, старшыня Гудзевіцкага сельскага Савета дэпутатаў. — Гэта і моладзь, якая атрымала размеркаванне пасля вучобы, а потым засталася на пастаяннае месца працы, і больш вопытныя работнікі, якія адпрацавалі пэўны тэрмін у іншым месцы, а потым вярнуліся на радзіму. Таксама шмат людзей прыязджаюць сюды пасля выхаду на пенсію. Такіх цягне ў родную вёску, да бацькоўскай хаты. Яны з ахвотай займаюцца сельскай гаспадаркай, ладзяць агароды, гадуюць на падворках свойскую жывёлу. Вядома, ёсць яшчэ і сезонныя жыхары, дачнікі.

Наогул жыллё, на думку старшыні, — асноўны спосаб прыцягнуць моладзь у аграгарадок. Канешне, абласны цэнтр спакушае магчымасцямі, але кватэру атрымаць там складана. А ў Гудзевічах малады спецыяліст адразу пераязджае на выдзеленыя ад прадпрыемства квадратныя метры. Можна ўладкавацца ў аднапавярховым катэджыку (пасёлак штогод «прырастае» на тры-чатыры падобныя будынкі), можна пасяліцца ў кватэры гарадскога тыпу. У хуткім часе ў аграгарадку якраз павінен з'явіцца трохпавярховы дом на 12 кватэр. Звычайна работнікі, якія даўно прыехалі ў вёску, выкупляюць часовы прытулак у прыватную ўласнасць. Старшыню сельскага Савета гэта радуе: значыць, чалавек стала замацоўваецца на месцы.

Аўтобус для першакласніка

Для жыхароў суседніх вёсак паездка ў Гудзевічы можа стаць альтэрнатывай падарожжу ў райцэнтр. У аграгарадку ёсць крамы, дом культуры, кафэ-бар, лазня. Медыцынскую дапамогу жыхарам аказваюць у амбулаторыі.

Асаблівае месца ў тутэйшай інфраструктуры займае дзіцячы садок. Напачатку ён размяшчаўся ў прыстасаваным будынку — былой панскай сядзібе. Умовы там былі не самыя спрыяльныя, а новую ўстанову для дашкольнікаў будавалі доўга, работа ўвесь час прыпынялася.

— Аднойчы ў Мастах праходзіла акцыя, калі можна было задаць пытанне губернатару. Я пацікавілася, ці быць у нашай вёсцы дзіцячаму садку, — і праз месяц будоўля аднавілася. А ў канцы чэрвеня 2012 года мы ўжо святкавалі наваселле, — расказвае Таццяна Калыхан, загадчыца Гудзевіцкага дзіцячага садка.

Будынак стаў сапраўдным падарункам мясцовым жыхарам. Разлічаны ён на 78 месцаў. Абсталяваны сучаснай мэбляй, ёсць уласная пральня, харчблок, музычная і спартыўная залы, асобныя кабінеты для педагога-псіхолага і педагога-дэфектолага. У пакоі для тэхнічнага персаналу работнікі могуць адпачыць, паабедаць. Тут жа, пад адным дахам, знаходзіцца медпункт з ізалятарам для хворых малых.

Па словах Таццяны Калыхан, штогод у садзік ідзе прыблізна адна і тая ж колькасць выхаванцаў — 37—38 дзяцей. А налета плануецца папаўненне да 45 чалавек. Такі «прырост», на думку загадчыцы, выкліканы сем'ямі, што прыехалі ў вёску на пастаяннае месца жыхарства. Многія з іх становяцца шматдзетнымі.

Недалёка ад дзіцячага садка знаходзіцца яшчэ адна ўстанова адукацыі. У Гудзевіцкай сярэдняй школе Таццяна Ніканава працуе чатыры гады. Пра тое, што застануцца ў вёсцы, з будучым мужам вырашылі яшчэ да вяселля. Цяпер яна — сацыяльны педагог і адначасова настаўнік матэматыкі, а муж Генадзь — галоўны аграном на прадпрыемстве.

Но­вы дзі­ця­чы са­док у Гу­дзе­ві­чах.

Цуд усяго раёна

У 1968 годзе настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алесь Белакоз разам з вучнямі адкрыў школьны музей. Экспанаты траплялі туды рознымі шляхамі і былі рознага кшталту: ад прадметаў традыцыйнага побыту да асабістых рэчаў знакамітых беларускіх пісьменнікаў.

— У 1990 годзе музей набыў статус дзяржаўнага, а ў 2012-м тут было ўжо 13 экспазіцыйных залаў і этнаграфічны аддзел «хатка», — вядзе экскурсію дырэктар музея Кацярына Басінская. — Захоўваем як адметныя для нашай мясцовасці экспанаты, так і прадметы, што будуць цікавыя наведвальніку з любога куточка краіны. Напрыклад, ліст роднага брата Якуба Коласа. Або экспазіцыя, прысвечаная Ларысе Геніюш, з асабістымі рэчамі паэтэсы.

За мінулы год у музеі пабывала каля 8 тысяч чалавек. Арганізатары разумеюць, што кожная турыстычная група хоча пабачыць як мага болей, і прыязджаць толькі ў Гудзевічы — для падарожнікаў не самы выгадны варыянт. Затое прыпынак у Мастоўскім раёне можа стацца цікавым для груп, што едуць па вялікім маршруце ў Ваўкавыск ці Гродна... А для гэтага неабходна прадставіць гатовы турыстычны «прадукт».

— Трэба, каб людзі тут маглі адпачыць, перакусіць, і каб усё было ў крокавай даступнасці. Аднак змены патрабуюць сродкаў. Пакуль жа мы можам прапанаваць ім толькі мясцовыя крамы, — кажа Кацярына Басінская.

— Вядома, нельга сказаць, што жыццё ў Гудзевічах зусім без праблем, — падводзіць вынікі вандроўкі па аграгарадку Пётр Дзенісевіч. — Так, вуліца Азёрная да гэтага часу не заасфальтавана. Насельніцтва летам скардзіцца на пыл, але прывесці дарогу ў парадак у сельвыканкама не стае сродкаў. Трэба чакаць дапамогі ад іншых інстанцый. Яшчэ пытанні выклікае якасць вады. Каб вырашыць праблему, ужо запланавана будаўніцтва станцыі абезжалезвання. Будзем чакаць, што з гэтага атрымаецца. Наогул жа лічу, што вёска як была перспектыўнай, так і застанецца. Чаму? Таму што тут імкнуцца ствараць камфортнае жыццё.

З гэтым цяжка не пагадзіцца. Людзям ёсць дзе жыць, ёсць дзе працаваць, ёсць куды схадзіць... А галоўнае — яны адчуваюць, што іх чуюць, да іх праблем ставяцца неабыякава.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Загаловак у газеце: Другое прышэсце

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.