Вы тут

Ці варта бедаваць па тым, што знікла?


Неяк занесла мяне журналісцкая доля на чарговы круглы стол. Тэмы дакладна не памятаю, але гаворка ішла аб праблемах вёскі. І ўсе выступоўцы, нібы змовіўшыся, пачыналі стагнаць, што вёска вымірае і што трэба з гэтым нешта рабіць. Прысутныя чыноўнікі, журналісты і актывісты са спачуваннем ківалі галовамі. Маўляў, трэба. А то старыя паміраюць, моладзь з'язджае, і заўтра не будзе каму кароў падаіць ды бульбу выкапаць. І хат вунь колькі пустых стаіць. І агароды пустазеллем зарастаюць. Жудасць!


Але ж няма роду без выроду. І сярод спагадлівых людзей знайшоўся цынік, які з хаўтурнага плачу па вёсцы толькі пасмейваўся. Гэтым цынікам быў я. Удосталь наслухаўшыся «песень жальбы», я задаў прысутным адзінае пытанне: «А хто з вас гатовы кінуць сваё гарадское жыццё і заўтра адправіцца паднімаць сяло?» На колькі секундаў стала чуваць, як зумкае муха, наразаючы кругі пад столлю. Паненкі ўтаропіліся ў свае дагледжаныя пазногцікі, а мужчыны міжволі сталі папраўляць гальштукі. Аматараў заглыбіцца ў аграрамантыку сярод тых, хто бедаваў пра выміранне вёскі, не аказалася...

Давайце глядзець у вочы гістарычнай праўдзе. Жыць з сялянскага мазаля заўсёды было невыносна цяжка. Таму падаваліся вяскоўцы хто ў горад на завод, хто ў войска. Бо іншых сацыяльных ліфтаў не існавала. А калі пры «кукурузным» генсеку сялянам сталі нарэшце выдаваць пашпарты, то апусценне вёсак стала пытаннем часу. Бо ўсе мы людзі, усім хочацца камфорту. Каб вада з крана, а не са студні. І цёплая прыбіральня ў хаце, а не «шпакоўня» на сямі вятрах. І не жылы рваць за плугам, а сядзець ва ўтульнай канторы... А ў тэхнічна «прасунутым» XXI стагоддзі абязлюджванне сельскай мясцовасці пайшло яшчэ хутчэй. Паводле Белстата, у 2005 годзе ў вёсках пражывала болей за 2,7 мільёна беларусаў. А ў 2015-м вяскоўцаў засталося 2,1 мільёна. Запомнім гэтыя лічбы.

А цяпер звернемся да іншай статыстыкі. Белстат сведчыць, што вытворчасць мяса і птушкі за тыя ж дзесяць гадоў вырасла з 1024 да 1662 тысяч тон. Малака — з 5676 да 7047 тысяч тон. Яек — з 3103 да 3816 мільёнаў штук. Нелагічна неяк выходзіць: вёска вымірае, а вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі расце! Хаця з пункту гледжання абывацельскай логікі мусіць быць наадварот. Дык што гэта: памылкі, прыпіскі? Не. Проста — новыя тэхналогіі.

Прагрэс робіць сваю справу. І на ферме, дзе трымаюць тысячы галоў свіней, можа быць толькі пяць работнікаў на змене. І яны спраўляюцца! Аўтаматызацыя і механізацыя, спадарства! Сучаснай сельскай гаспадарцы не патрэбна столькі працоўных рук, як яшчэ паўстагоддзя таму. Адпаведна, адпадае неабходнасць у шматлікім вясковым насельніцтве. І пераважная большасць людзей канцэнтруецца ў гарадах. Падобнае назіраецца ва ўсіх развітых краінах. І Беларусь тут, як той казаў, у трэндзе.

Многім вёскам наканавана знікнуць з аб'ектыўных эканамічных прычын. І рабіць «штучнае дыханне» бесперспектыўным населеным пунктам — дорага і немэтазгодна. Застаецца толькі забяспечваць прадугледжаныя законам сацыяльныя стандарты тым жыхарам, хто вырашыў дажываць там свой век.

А насельніцтва, занятае ў сельскай гаспадарцы, таксама хоча больш камфортных умоў пражывання. Каб не горш, чым у горадзе: камунальныя выгоды, а таксама банк, пошта, добры магазін, школа, дзіцячы сад... Так, гэта канцэпцыя аграгарадкоў, якая даўно рэалізуецца ў нашай краіне. Натуральна, узнікаюць яны не ў чыстым полі, а на базе вёсак, што ў сілу эканамічных фактараў аказаліся мацнейшымі, дзе ўжо была нейкая інфраструктура. А раз вёска абслугоўвае сельгаспрадпрыемствы, што зарабляюць грошы, то яе існаванне эканамічна апраўдана. І ўкладанні ў яе развіццё так ці інакш акупяцца.

Гэта быў чыста эканамічны аспект. Сухі і безэмацыянальны, нібы старонка бухгалтарскай справаздачы. А што да эмоцый... Знікненне любой вёскі — гэта, вядома, трагедыя. Сыходзяць у нябыт не толькі людзі, але і культура. Бо кожная вёска — гэта асобны невялічкі сусвет. І чалавеку, які вырас у гэтай мясцовасці, які памятае кожнае дрэўца, кожную хату, надзвычай балюча бачыць пустку замест роднага сяла.

Але прагрэс не зважае на эмоцыі. Ён рухаецца імкліва і няўмольна. З яго пункту гледжання, знікненне вёсак — гэта не выміранне, а аптымізацыя колькасці. І ладзяць гэтую аптымізацыю не чыноўнікі, а само Жыццё. А з ім спрачацца немагчыма. Якія асабістыя эмоцыі нас не перапаўнялі б, трэба разумець, што на двары XXI стагоддзе. І цывілізацыя даўно пераскочыла і сельскагаспадарчы, і нават індустрыяльны этап свайго развіцця. І ў інфармацыйным грамадстве з яго інавацыйнай, інтэлектуальнай эканомікай «класічнай» вёсцы практычна не засталося месца. Хіба што ў выглядзе музеяў пад адкрытым небам.

Валянцін БОЙКА

boіka@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Выміранне ці аптымізацыя?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.