Вы тут

«Чарнобыльская» стратэгія


Карэкціроўку «чарнобыльскіх» законаў з улікам меркаванняў навукоўцаў і насельніцтва прапануюць зрабіць члены Савета Рэспублікі.

У Гомелі адбылося выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. Дэпутаты на практыцы вывучалі дзеянне нормаў законаў, якія датычацца так званых чарнобыльскіх праблем. Размова — пра закон «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва», які быў прыняты ў 1998 годзе, і «Аб рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС».


Сёння ніхто не адмаўляе, што чарнобыльская трагедыя аказала вельмі значны ўплыў на жыццё людзей ва ўсіх кірунках. Але ж час эмоцый даўно мінуў. 30 гадоў з моманту трагедыі — не толькі дата. Гэта лічба супадае з перыядам паўраспаду цэзію-137. І таму навукоўцы гавораць пра іншы перыяд жыцця, а значыць, і час для пераасэнсавання «чарнобыльскіх» законаў.

За 30 гадоў было многа зроблена ў межах Дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. І сёння не перабольшваннем будзе сказаць, што краіна дастаткова паспяхова спраўляецца з наступствамі радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя.

Падчас наведвання Інстытута радыялогіі і Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ўдзельнікі выязнога пасяджэння абмяркоўвалі ролю навукі ў адраджэнні і сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёнаў, вядзенне лясной гаспадаркі ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання, досвед працы па дыягностыцы і рэабілітацыі грамадзян, што пацярпелі ад наступстваў чарнобыльскай бяды.

Галоўны урач РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека Аляксандр РАЖКО дэманструе магчымасці сучаснай лабараторыі.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Папкоў адзначыў, што дзяржава прыкладае вялікія намаганні для вяртання пацярпелых тэрыторый да жыцця і росту сацыяльна-эканамічнага дабрабыту. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што беларускімі навукоўцамі для пераадолення наступстваў катастрофы на ЧАЭС, а таксама для ўстойлівага развіцця пацярпелых тэрыторый распрацавана шмат прапаноў.

Мікалай Цыбулька, намеснік начальніка Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь:

— Закон «Аб рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» вызначае заніраванасць тэрыторый радыеактыўнага забруджвання і аднясення населеных пунктаў да тых ці іншых зон. У нас за пасляаварыйны перыяд колькасць іх знізілася: з 3678 да 2193. Лічу, што паступова трэба сыходзіць ад паняцця «заніраванне тэрыторый». У нас ёсць зоны адчужэння, першачарговага, наступнага адсяленняў. Адсяленне людзей мы завяршылі яшчэ ў 2007 годзе. Нам трэба вызначыць іншыя паняцці, бо сённяшнія выклікаюць зашмат пытанняў у людзей. Наступны блок пытанняў датычыцца вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці. Адразу пасля аварыі ў нас было забруджана 1 млн 840 га земляў. Цяпер у абароце знаходзіцца больш за 900 тысяч га. Для атрымання нарматыўна чыстай прадукцыі праводзіцца комплекс ахоўных мерапрыемстваў. Асноўныя тыя, якія звязаны з павышэннем урадлівасці глебы: вапнаванне, прымяненне фосфарных і калійных угнаенняў. Гэта тое, што блакіруе паступленне цэзію і стронцыю па харчовым ланцугу: расліна — жывёла. Але ж у апошнія гады змяненне заканадаўства па закупках прывяло да таго, што мы маем нерытмічныя пастаўкі ўгнаенняў, а значыць, і іх нясвоечасовае ўнясенне ў глебу. У лясной гаспадарцы на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ёсць праблема з выкананнем супрацьпажарных мер. Там вядуцца санітарныя доглядныя работы ў лясным фондзе, але сродкаў не хапае, каб у поўным аб'ёме забяспечыць нармальны стан пад'язных шляхоў да вадаёмаў, дзе можна праводзіць забор вады. У Палескім запаведніку ў 2015 годзе адбыўся вялікі пажар. Пакуль не вырашана, што рабіць з гарэльнікам: зразаць і штабеляваць ці пакідаць як ёсць? Сёння вучоным дадзена заданне пралічыць, што рабіць у гэтай сітуацыі.

— На жаль, яны выкарыстоўваюцца ў рабоце не ў поўную сілу. Галоўная задача нашай камісіі — маніторынг выканання існуючага заканадаўства на пацярпелых у выніку аварыі тэрыторыях. Пасля вывучэння і абагульнення агучаных рэкамендацый на іх аснове, калі гэта неабходна, будзе выпрацавана абноўленая стратэгія дзеянняў. Вядома, што за 30 гадоў адбылося шмат змен, якія патрабуюць карэкціроўкі законаў. Сёння, калі ўжо зроблены крок ад пытанняў ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай бяды да пытанняў выкарыстання забруджаных тэрыторый і інтэнсіўнага іх развіцця, вельмі важна забяспечыць нармальнае пражыванне там людзей і выбудаваць правільную сацыяльную палітыку.

Леанід Марыніч, першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь:

— Меры, якія прымаліся на працягу апошніх гадоў, прывялі да таго, што сёння практычна няма паступлення радыенуклідаў у сельскагаспадарчую малочную і мясную прадукцыю, якая трапляе на перапрацоўку. Праз 30 гадоў пасля аварыі на ЧАЭС асноўная колькасць радыенуклідаў цэзія-137 і стронцыя-90 знаходзіцца ў тым пласце глебы, дзе карані раслін. Не выключана магчымасць таго, што небяспечныя рэчывы трапяць у расліны, а значыць, у корм жывёл і ўрэшце на стол чалавека. На пераход радыенуклідаў у прадукцыю раслінаводства значна ўплывае шчыльнасць забруджвання глебы і тыя мерапрыемствы, якія мы праводзім. Сёлета ў межах праграм з бюджэту выдзелены і размеркаваны 63,8 млн рублёў. З іх 41 млн рублёў — на набыццё фосфару і 22,8 млн — на набыццё калію. Вапнаванне кіслых глеб, унясенне павышаных доз мінеральных угнаенняў, падбор культур і сартоў з'яўляюцца найбольш эфектыўнымі з комплексу засцерагальных мер, якія прымяняюцца ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Выклікае заклапочанасць зніжэнне ўтрымання гумусу ў ворных глебах на забруджаных тэрыторыях, куды практычна не ўносяцца арганічныя ўгнаенні. Гэтую работу трэба праводзіць.

Старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Алег Барысенка нагадаў, што менавіта Гомельшчына больш за іншыя рэгіёны пацярпела ад наступстваў Чарнобыля. Але ж ён прывёў і станоўчыя прыклады адраджэння гэтых земляў:

— Скажу толькі пра самыя буйныя з увасобленых у жыццё праектаў. За апошнія гады ў нас створана вытворчасць сухой малочнай сыроваткі на прадпрыемстве «Палескія сыры» ў Хойніцкім раёне. Адбылася мадэрнізацыя і тэхнічнае пераўзбраенне завода жалезабетонных вырабаў у Хойніках. Мадэрнізаваны шчэбеневы завод у Глушкавічах Лельчыцкага раёна. Комплексна пераўзброена прадпрыемства «Чырвоны Мазыранін» у Нароўлі. На сяле пабудавана восем малочнатаварных фермаў, рэканструявана — 33. Пры наяўнасці чарнобыльскіх субвенцый пабудаваны і рэканструяваны свінафермы ў Ельскім, Лельчыцкім, Нараўлянскім, Чачэрскім раёнах. У Лоеве пабудавана самая сучасная бальніца. Праведзена рэканструкцыя паліклінічнага корпуса Гомельскага абласнога анкалагічнага дыспансера... Усе «чарнобыльскія» раёны атрымліваюць значную падтрымку ў аздараўленні дзяцей у розных санаторыях, у тым ліку за мяжой. Але ж сёння асноўная праблема, з якой мы сутыкнуліся, — стварэнне новых працоўных месцаў.

Марыя Гермянчук, начальнік Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь:

— Радыяцыйны маніторынг дазваляе не толькі атрымліваць ацэнку сітуацыі, але і яе прагназаваць. На сённяшні дзень адназначна можна сказаць, што існуе дастатковая навуковая нарматыўна-прававая база для фарміравання далейшай стратэгіі. Сёння для нас важна зразумець, што мы ўжо выйшлі з сітуацыі аварыйнага выпраменьвання, у якой жылі на працягу папярэдніх 30 гадоў, пакуль не адбыўся паўраспад цэзію-137. Мы стаім перад неабходнасцю зрабіць навукова-метадычнае інфармацыйнае абгрунтаванне пераходу ад сітуацыі аварыйнага выпраменьвання да становішча існуючага выпраменьвання. У ім мы будзем працягваць жыць наступныя дзесяцігоддзі. Сёння ўжо трэба казаць не пра «зоны», а пра іншую класіфікацыю тэрыторый. Гэты пераход павінен быць добра прапрацаваны на інфармацыйным узроўні. І ў прыняцці такога рашэння павінны браць удзел жыхары забруджаных тэрыторый, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўлады.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Алег Ядрынцаў на працягу некалькіх гадоў узначальвае Гомельскую гарадскую клінічную бальніцу №1. Ён падкрэсліў, што вынікам рэалізацыі папярэдніх Дзяржаўных праграм па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС стаў пераход ад мінімізацыі, рэабілітацыі чарнобыльскіх праблем да ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Пры гэтым як медык заклікаў не закрываць вочы на бяспеку людзей:

— У Гомельскай вобласці 1 180 000 чалавек стаіць на спецдыспансерным уліку. Гэта значная частка насельніцтва. Нам сёння трэба клапаціцца пра бяспечнае пражыванне людзей на забруджаных тэрыторыях. Гэта не так проста, бо чалавек карыстаецца дарамі лесу — як бы яму гэта не забаранялі. Працягваць актыўна растлумачваць наступствы — задача не толькі выканаўчай улады, але і сістэмы аховы здароўя, і нас, дэпутатаў. 4,5% ад тых дроў, якія выкарыстоўвае насельніцтва для ацяплення, з'яўляюцца радыеактыўна забруджанымі. Попел, які пасля іх застаецца, — гэта ж радыеактыўныя адходы. Яго дбайны гаспадар выкідае ў агарод. Якую прадукцыю ён у такім выпадку вырошчвае на сваім прысядзібным участку? Каб мінімізаваць уздзеянне гэтых адходаў пры ацяпленні, патрэбна ўжыванне альтэрнатыўных відаў паліва. Што датычыцца кадраў, якія трэба замацоўваць у гэтых раёнах, прапаную ўспомніць непапулярную меру — павелічэнне тэрміну адпрацоўкі выпускнікоў пасля заканчэння вучэбных устаноў хоць бы да трох гадоў.

Ірына Пруднікава, старшыня Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў:

— Сёння ў нашым раёне пражывае менш за 10 тысяч чалавек. Калі раней мы казалі пра праблемы з кадрамі, сёння гэта пытанне неактуальнае. Вось пытанне, якое мы не змаглі вырашыць. У нас у зоне адсялення знаходзіцца 48 грамадзянскіх могілак. Да Радаўніцы мы праводзім там санітарную ўборку. За кошт «чарнобыльскіх» грошай 5—6 могілак у зоне добраўпарадкоўваюцца. А на астатніх няма магчымасці праводзіць нейкія работы. Пры гэтым час ад часу там адбываюцца аварыйныя сітуацыі — напрыклад, у вёсцы Малы Осаў упала дрэва. Каб ліквідаваць аварыю — грошай не прадугледжана. Магчыма, некаторую частку сродкаў, якія выдзяляюцца, трэба накіроўваць на фінансаванне аварыйных работ.

— Магчыма, аздараўленчая палітыка, якую мы сёння праводзім, ужо не ў поўнай меры адпавядае сучасным патрабаванням, — адзначыў Аляксандр Папкоў. — Разам з навукоўцамі і медыкамі мы сёння павінны правесці маніторынг гэтых пытанняў і абмеркаваць, у якім кірунку рухацца і што трэба яшчэ зрабіць. Таму даводзіцца казаць не толькі пра пераспецыялізацыю сельскай і лясной гаспадарак, але і пра ўменне людзей жыць ва ўмовах малых доз радыяцыі, прафілактычную работу сярод насельніцтва, яго здароўе і іншае. Пры неабходнасці будзем уносіць адпаведныя змены ў заканадаўства.

Валерый Шаўчук, намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь:

— Сёння трэба адысці ад радыяцыйнай рэабілітацыі і прыйсці да рэабілітацыі эканамічнай. Я лічу, што «чарнобыльскія» грошы на абласным узроўні размываюцца. Трэба дабівацца, каб яны мэтанакіравана ішлі на забруджаныя тэрыторыі. Што тычыцца праблем на гэтых землях, сярод іх у тым ліку выкарыстоўванне забруджанай драўніны на паліва — 80% радыеактыўнасці, асабліва ў хваёвай драўніне, утрымліваецца ў кары. Найбольш небяспечным прадуктам для вяскоўцаў былі і застаюцца дары лясоў. Народ як хадзіў у лес, так і будзе хадзіць. Контрмера — толькі тлумачальная работа. Ёсць яшчэ адна важная тэма. Прапаную ў Гомелі стварыць музей, прысвечаны вялікай трагедыі XX стагоддзя. Няхай ён нагадвае пра тых людзей, якія фарміравалі дзяржаўную палітыку ў першыя постчарнобыльскія гады: Александра Грахоўскага, Мікалая Вайцянкова, Івана Кеніка, Марыю Худую...

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.