Вы тут

Сёлета «Славянскі базар у Віцебску» адбудзецца з 13 па 17 ліпеня


XXVІ Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» будзе не меней разнастайны і насычаны падзеямі, чым мінулы. Афіцыйна ён пройдзе з 13 па 17 ліпеня. Сёлета юбілей у дзіцячага конкурсу «базару»: адбудзецца 15-ты раз!


Улічваючы, што фэст №1 на прасторах былога СССР даўно стаў заслужана «народным», арганізатары стараюцца, каб «дэмакратычным» быў кошт білетаў. У прыватнасці, плата за задавальненне ўбачыць некаторыя праекты на ўзроўні пазамінулага года. Што цікава, па традыцыі самыя дарагія білеты купляюць у першую чаргу.

— Як заўсёды, да пачатку фестывалю і пасля сканчэння адбудуцца канцэрты. Сёлета: 11—12 і 18—19 ліпеня, — расказвае кіраўнік дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі фестываляў Аляксандр Сідарэнка.

Пачаўся першы этап продажу білетаў на канцэрты: урачыстага адкрыцця і закрыцця, другога дня фіналу XXVІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск». Як і на сольныя канцэрты: Рыгора Лепса, Стаса Міхайлава, Валерыя Меладзэ, Рыгора Крыда, гурта «Руки вверх», сатырычнага шоу «Аднойчы ў Расіі», гурта «Сплин».

З 20 лютага білеты можна набыць не толькі ў Віцебску, але і на www.tіcketpro.by і www.kvіtkі.by.

Адрозненне чарговага фестывалю ў тым, што пераможцаў XV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск» вызначаць да цырымоніі афіцыйнага адкрыцця «базару». І віншаванне запланавана арганізаваць на сцэне Летняга амфітэатра. Ужо другі год запар у конкурсе прымуць удзел па адным прадстаўніку ад краін-заснавальніц фэсту: Беларусі, Украіны і Расіі.

Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі конкурс маладых спевакоў. У паўфінале яны выканаюць «нацыянальны хіт» (папулярныя песні краін-удзельніц конкурсу на мовах гэтых краін). У першы дзень фіналу — «славянскі хіт» (песні славянскіх аўтараў на славянскіх мовах у суправаджэнні аркестра). А ў другі дзень фіналу — песні на свой выбар з ліку вядомых усім хітоў. Узнагароджанне пераможцаў можна будзе ўбачыць на цырымоніі закрыцця фестывалю.

Сёлета дырэкцыя ўводзіць новую паслугу для прыхільнікаў згаданага вышэй конкурсу — абанемент на ўсе падзеі. Ён дае права наведвання трох мерапрыемстваў.

А на ўсе праекты фестывалю можна набыць падарункавыя сертыфікаты наміналам 10, 20, 30, 50 і 100 рублёў. Гэта можна зрабіць і праз інтэрнэт. Абмяняць іх на білеты можна ў касах Віцебска, Гомеля і Мінска па 19 ліпеня (уключна).

Па добрай традыцыі падчас «базару» адбудуцца Дзень моладзі, канцэрт у рамках Дня Саюзнай дзяржавы, праекты: «Лялечны квартал», «Тэатральныя сустрэчы»...

У гэтым годзе трэці раз арганізуюць фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», дзе можна будзе ўбачыць інтэрактыўныя выступленні вулічных тэатраў, музыкантаў, перформераў, лялечных тэатраў і артыстаў.

Працягваючы традыцыю супрацоўніцтва з фестывалямі розных краін, плануецца правесці ІІІ Міжнародную канферэнцыю «Фестывальны рух. Традыцыі і інавацыі». На яе запросяць арганізатараў фестываляў. Арганізуюць і пасяджэнне савета Сусветнай асацыяцыі фестываляў (САФ).

«Базар» — гэта месца, куды хочацца вяртацца зноў. На думку кіраўніка дырэкцыі, адмена віз для замежнікаў паспрыяе павелічэнню колькасці турыстаў з іншых краін. Фестываль можа стаць такім жа брэндам, як славуты бразільскі карнавал. Уявіце сабе: толькі на галоўнай фестывальнай пляцоўцы — у Летнім амфітэатры — плануецца правесці 17 канцэртных праграм. У тым ліку дзве начныя. Агульную колькасць мерапрыемстваў складана падлічыць.

Віцебск падчас насычанага фестывальнага марафону толькі некалькі часоў адпачывае ад падзей. Амаль што круглыя суткі тут працуюць кірмашы, спяваюць, танцуюць...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Базар» здзівіць ізноў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».