Вы тут

Колькі каштуе гародніна на Камароўцы?


Вясна ў сталіцы пачынаецца на рынках — зяленіва цвіце і пахне, заманьваючы пакупнікоў. За сто грамаў пятрушкі, кропу ці зялёнай цыбулі просяць 80 капеек, парэй каштуе 3 рублі за кіло. Ахвотнаму набыць сто грамаў шпінату прыйдзецца аддаць 2 рублі, за такі ж аб'ём рукалы просяць 3,50. Размарын і чабор аддаюць па 5 рублёў за сто грамаў. Зялёная салата каштуе 2 рублі за такі ж аб'ём.


Павольна паўзуць уніз кошты на гародніну і садавіну. Так, вырашчаныя ў Ждановічах гуркі аддаюць па 2,50 рубля за кіло, таматы з гэтай жа гаспадаркі — па 2. За кіло белакачаннай капусты просяць 0,59 рубля, за каляровую — 3 рублі. Кілаграм кабачкоў аблегчыць кашалёк на 2 рублі, кіло баклажанаў — на 5 рублёў. Цэны на салодкія перцы вагаюцца ад 6,50 да 9,90 рубля. За кілаграм бульбы сорту «Уладар» просяць 0,53 рубля, кіло буракоў сорту «Бардо» абыдзецца ў 1,20 рубля. Цыбулю аддаюць па рублі, моркву — па 0,59, часнок аблегчыць кашалёк на 9,50 рубля. Падаюць кошты і на грыбы: шампіньёны каштуюць ад 3,50 да 4 рублёў, за кіло вешанак просяць каля 5 рублёў.

Заўважна патаннелі мандарыны, цяпер кілаграм гэтага фрукту каштуе ўсяго 2 рублі. Яшчэ танней можна набыць апельсін — егіпецкія аддаюць па 1,80 за кіло. Айчынныя яблыкі сорту «Алеся» адпускаюць па 1,30, «Лігол» — па 1,50. Вялікая груша гатунку «Генерал» скароціць бюджэт на 3,20 рубля. Вінаград «Рубін» абыдзецца ў 4,50 за кілаграм. Азербайджанскі гранат каштуе 3,80 рубля за кіло, ківі — 3,50. Эквадорскі банан аддаюць па 2,50. Калі хочацца экзотыкі, можна пакаштаваць манга па 2,50 за кілаграм ці, напрыклад, памела па 1,80.

Аматарам рыбы варта кіравацца да прылаўкаў з марожанымі «дарамі мора». Кілаграм скумбрыі абыдзецца ў 6,50 рубля, мінтая — 6,70 рубля, кефалі — 8 рублёў. Значна даражэй каштуюць фарэль і сёмга — 29 і 34 рублі за кіло адпаведна. Калі карціць пакаштаваць вэнджанай рыбы, можна ўзяць скумбрыю ці гарбушу, каштуюць яны аднолькава — 15,50 за кіло. 140-грамовая бляшанка ласасёвай ікры «пацягне» на 20 рублёў. А вось выбар свежай рачной рыбы зусім невялікі: або карп па цане ад 3,90 да 4,50 (у залежнасці ад памеру рыбіны), або таўсталобік па 3,21, або карась па 3,80.

Кілаграм свінога філею каштуе 19 рублёў, кумпяк — 9,50, за грудзінку просяць 7,80. Ялавічны філей абыдзецца нават танней — 18 рублёў, шыя — каля 10 рублёў, рэбры можна набыць за 7,90, а пячонку — за 10 рублёў. Аматарам дыетычнага мяса можна прапанаваць трусіка па 13,50 рубля за кіло або індычку па 14. Пры гэтым філей індычкі абыдзецца не нашмат даражэй — 16 рублёў. Курыца каштуе 13 рублёў за кіло, а самая дарагая птушка, як заўсёды, перапёлка — 30 рублёў за кіло. За кілаграм дамашняй паляндвіцы просяць 26 рублёў, салёнае дамашняе сала пацягне на 14,50. Курыны рулет з пятрушкаю аддаюць па 9,95 за кіло, столькі ж просяць за балыковую вяндліну. 7,99 рубля каштуюць кілаграм доктарскай каўбасы або цялячых сардэлек.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Калі прылаўкі «зелянеюць»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.