Вы тут

Народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга павіншавалі з 70-годдзем


Так здараецца: аднойчы западуць у душу гукі — і ніяк ад іх не пазбавіцца. Утаймаваць толькі адным шляхам: далучыцца. Логіка музыканта. Яна падпарадкавала свядомасць хлопчыка, які жыў у маленькім горадзе. Што было рабіць з ім? Рос у простай сям'і, але бацькі зразумелі: трэба падтрымаць, калі гэта сур'ёзна, то нешта можа атрымацца. Першай прыступкай да прафесіі стала музычная школа ў Мазыры. Горад свайго пачатку Міхаіл Фінберг будзе апякаць ужо стаўшы вядомым дырыжорам: безліч канцэртаў адыграе ўжо разам з аркестрам, створаным 30 гадоў таму.


І гэта яшчэ адна любоў, якая ідзе з ім па жыцці, — аркестр. Іх было некалькі, калі лічыць ад таго, дзе атрымаў першае музычнае выхаванне: пры ваенным аркестры. Марыў стаць «генералам» у гэтай справе, ужо ў Акадэміі музыкі вучыўся як дырыжор. І паступова разумеў, у чым асаблівасць такога калектыву, як аркестр, дзе ў сугуччы розных інструментаў павінна нарадзіцца музыка. Некалькі гадоў іграў у аркестры Беларускага радыё і тэлебачання. І вялікую частку жыцця — ужо як дырыжор — прысвяціў аркестру беларускага цырка. Тады ўжо загучала імя дырыжора. Але хацелася іграць сваю музыку — тое, што адчувалася патрэбным, і тое, што магло б прадэманстраваць майстэрства музыкантаў.

30 гадоў таму яму далі магчымасць стварыць асобны калектыў. Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі. Вядомы як канцэртны. Цяпер — нацыянальны і акадэмічны. Яго гісторыя пра тое, як любоў даказваецца пастаяннай працай. Штодзённай і даволі напружанай. Гэта толькі па тэлетрансляцыі выглядае ўсё прыгожа і проста. Але калі слухаеш адзін канцэрт, то не думаеш, што мог быць яшчэ канцэрт учора, пазаўчора ці тыдзень таму. Прадстаўляць шмат розных праграм за год — гэта дзіўная здольнасць аркестра пад кіраўніцтвам Фінберга, які іграе папулярныя мелодыі і джаз, здольны паказаць сусветную акадэмічную класіку і прадставіць беларускую музыку так, каб яна надоўга заставалася, жыла ў грамадстве. Каб прыйшла любоў да яе.

Таму што, каб палюбіць, трэба ведаць, якая яна, кім стваралася. Слухаць — і разумець, чаму такая. Гэта тое, што стала часткай вялікай асветнай дзейнасці Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, які фактычна стварыў сетку камерных фестываляў у розных кутках краіны. Падчас канцэртаў музыку не толькі іграюць, яе прадстаўляюць як зорку, расказваюць пра аўтараў і тлумачаць кантэкст, у якім яна стваралася. Таму што для нашай культуры разуменне кантэксту мае выключнае значэнне.

У Міхаіла Фінберга адчуванне беларускага кантэксту вельмі тонкае. Час стварэння аркестра супаў з вялікім пераўтварэннямі. І праца гэтага калектыву нібыта апявала стварэнне краіны. Аркестр Фінберга прапанаваў праграмы на вершы беларускіх паэтаў: ад класікаў — Купалы, Коласа, Багдановіча да сучаснікаў — Барадуліна, Гілевіча... Дзейнасці гэтага калектыву і яго кіраўніка наша краіна абавязана існаваннем Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. І калі б аркестр рабіў толькі гэты фестываль, то гэта ўжо была б дастатковая падстава для павагі. Але іх значна больш — ад маленькіх камерных да міжнародных. Больш музыкі, у якой няма падману. І народная любоў. Кветкі і апладысменты.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Яго любоў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.

Грамадства

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні будзе карыснае ўменне аналізаваць сітуацыю і паводзіны людзей і рабіць правільныя высновы. Паспрабуйце быць гранічна сумленнымі з самімі сабой, зніміце ружовыя акуляры. Цяпер пажадана не эпаціраваць навакольных экстравагантнасцю і рэзкімі развагамі. 

Грамадства

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

У летні час так хочацца на мора, ці, хоць бы ў падарожжа...