Вы тут

Міжнародны дзень роднай мовы адсвяткавалі ў кнігарні «Вянок»


Тут правёў сустрэчу з чытачамі доктар філалагічных навук, прафесар, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Іван Саверчанка.


— Сёлета мы ўпершыню запрашаем да сябе аўтара. Падобныя сустрэчы — гэта асветніцкая справа як для супрацоўнікаў кнігарні, так і для слухачоў, — распавядае загадчыца кнігарні Наталля ЧЫЖЭЎСКАЯ. — Спадзяюся, што з кожным разам іх фармат будзе толькі пашырацца.

Асноўны напрамак дзейнасці прафесара — філалогія, гісторыя і філасофія. Ён праводзіць навуковыя даследаванні, піша літаратурна-мастацкія і гістарычныя творы.

— Мая праца падобная да працы філолага. Яна марудная і цяжкая. Я вывучаю архівы, гартаю старажытныя дакументы. Шмат часу займае асэнсаванне прачытанага, — распавядае Іван Васілевіч. — Каб добра валодаць тэмай, трэба мець шырэйшыя веды. Раней было больш часу, каб займацца творчай працай і знаходзіць новыя звесткі. Зараз вольнага часу менш, але з'явіліся вопыт і грунтоўныя веды ў параўнанні з тым, што было ў маладыя гады.

Асаблівае месца ў скарбонцы аўтара займае работа «Старажытная паэзія Беларусі XVІ — першай паловы XVІІ ст.». У кнізе сабраны звесткі пра літаратуру таго часу: асноўных пісьменнікаў і іх творы.

— Наяўнасць паэзіі сведчыць пра цывілізаванасць народа, — адзначае Іван Васілевіч. — На нашых землях існавала вялікая культура, у якой гарманічна перапляталіся сацыяльныя і рэлігійныя падзеі. Гэта перыяд поспехаў у гісторыі краіны.

Зусім нядаўна ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыла свет новая гісторыка-мастацкая кніга даследчыка «Улада пячаткі». У ёй узноўленыя падзеі старажытнай гісторыі Беларусі, якія звязаны з постацямі Рагвалода, Рагнеды, Усяслава Чарадзея, Міндоўга.

Цудоўнай магчымасцю задаць пытанні госці сустрэчы скарысталіся ў поўнай меры. Пыталіся пра творчыя планы і мары, поспехі падчас вучобы ва ўніверсітэце, цяжкасці працы, навіны ў вобласці літаратуры. Асабліва іх цікавілі праблемы змяншэння колькасці чытачоў і зніжэння ўвагі да новых кніг.

— Літаратура — гэта ўніверсальны інструмент для набыцця ведаў, — адказаў Іван Саверчанка. — Мне падаецца, што чытаць не перастаюць. Толькі змяняецца фармат, форма ўспрымання зместу літаратурнага твора.

Вікторыя СМАРЫГА

Загаловак у газеце: Паміж прозай і навукай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?