Вы тут

Пётр ШОСТАК: Галоўнае – наладзіць канструктыўны дыялог


Кіраўнік Ленінскага раёна пра спецыфіку сваёй працы.

На чале адміністрацыі Ленінскага раёна горада Мінска Пётр ШОСТАК не так даўно, крыху больш за чатыры месяцы. Аднак досвед папярэдняй работы дазволіў яму хутка асвоіцца на новым працоўным месцы. У інтэрв'ю газеце «Звязда» кіраўнік Ленінскага раёна падзяліўся сваім поглядам на тое, на якія сферы ў сучасных рэаліях неабходна акцэнтаваць увагу, як наладзіць канструктыўны дыялог з насельніцтвам і якія змены неабходныя раёну.


— Пётр Мікалаевіч, Вы доўгі час стаялі на чале Рэчыцкага раёна. Якая работа вам падалася больш складанай: кіраваць раёнам у межах вобласці або адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай сталіцы?

— Ведаеце, гэта няпростае пытанне: усюды ёсць свае асаблівасці. Там менавіта пытанням сельскай гаспадаркі была прысвечана большая частка майго працоўнага часу, тут на першым месцы, зноў жа, — эканоміка, але ў дачыненні да прамысловасці. Пры гэтым больш за ўсё пытанняў выклікае камунальная гаспадарка. Нельга забываць і пра будаўніцтва — гэта тая сфера, важнасць якой не раз падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы. У цэлым работа ўпраўленца на любой пасадзе вельмі напружаная, і гэта правільна, бо толькі так можна дамагчыся станоўчых вынікаў.

— Чым вылучаецца Ленінскі раён сярод іншых раёнаў сталіцы?

— Сам па сабе раён невялікі, вельмі кампактны, але ў развіццё горада ўносіць значны ўклад. Яго можна назваць валаўтваральным, бо на яго долю прыпадае каля 24% ад агульнага аб'ёму прамысловай вытворчасці сталіцы. Не сказаць, што ў нас ёсць прамысловыя гіганты, але сумарны ўклад усіх прадпрыемстваў годны: на выдаткі мы аддаём толькі сёмую частку таго, што зарабляем, астатняе ідзе ў казну горада. Гэта звязана з тым, што на тэрыторыі раёна размешчаны некаторыя горадаўтваральныя прадпрыемствы (напрыклад, «Мінскэнерга»), якія абслугоўваюць усю сталіцу і нават Мінскую вобласць.

І, вядома, кажучы пра асаблівасці раёна, нельга не адзначыць тое, наколькі ён «зялёны». Трэць воднай роўнядзі горада прыходзіцца на наш раён, а там, дзе вадаёмы, там і зоны рэкрэацыі.

— Калі вы прыйшлі на новую пасаду, як пачалі выстройваць сваю работу?

— Першачарговая задача, якую я перад сабой бачыў, — развіццё рэальнага сектара эканомікі, нашых прамысловых прадпрыемстваў, бо ад іх залежыць узровень жыцця насельніцтва ў цэлым. Я пачаў з таго, што асабіста наведаў кожнае прадпрыемства, пастараўся разабрацца ў асаблівасцях яго функцыянавання, выслухаў справаздачы, даведаўся аб планах і праблемах. Мяне парадавала, што няма прадпрыемстваў, кіраўнікі якіх не бачаць перспектывы развіцця.

Пры гэтым сцвярджаць, што ў нас ёсць цалкам мадэрнізаваныя прадпрыемствы, я не магу. Растлумачу чаму: каб адпавядаць сучасным тэмпам развіцця, абнаўленне абсталявання неабходна праводзіць кожныя 3—4 гады, так што гэта перманентны працэс.

— Арганізацыю работы якіх прадпрыемстваў можна прымаць за ўмоўны ўзор?

— Прадпрыемствы з высокай доляй выпуску інавацыйнай прадукцыі можна назваць найбольш паспяховымі. Сярод іх СААТ «Камунарка», ААТ «Мінск Крышталь» — кіруючая кампанія холдынга «Мінск Крышталь Груп», СЗАТ «Фідмаш», ААТ «Дражджавы камбінат», УП «Новік».

Напрыклад, прадпрыемства «Фідмаш» адносіцца да прыватнай формы ўласнасці, і яму ўдалося знайсці сваю нішу — вытворчасць абсталявання для здабычы нафты — практычна 100% якога ідзе на экспарт. УП «Новік», наогул, зусім невялікае прадпрыемства, якое займаецца паліграфіяй, а па аб'ёмах прадукцыі блізкае да ААТ «Камволь». Для мяне гэта прыклад таго, як трэба працаваць.

Дарэчы, ААТ «Камволь»: у мінулым годзе тут была завершана рэалізацыя інвестыцыйнага праекта, гэта значна пашырыла асартымент і павялічыла вытворчую магутнасць — зараз рэальна вырабляць 6 мільёнаў пагонных метраў тканін за год. Мы наладжваем супрацоўніцтва з замежнымі прадпрыемствамі з Турцыі і Італіі, якія дапамогуць не толькі засвоіць новыя тэхналогіі, але і рэалізаваць гатовую прадукцыю.

Нават больш значна, чым павышаць аб'ёмы вытворчасці, шукаць новыя рынкі збыту. Ні ў якім разе нельга засяроджвацца на адной нейкай дзяржаве, інакш лёс прадпрыемства можа быць непрадказальным.

— Што, акрамя развіцця эканомікі, для кіраўніцтва раёнаў павінна выходзіць на першы план?

— Важны напрамак работы, які я адразу ж для сябе адзначыў, — гэта наладжванне сувязі з насельніцтвам. На маю думку, мы павінны надаваць гэтаму больш увагі: праводзіць максімальную колькасць сустрэч, прамых тэлефонных ліній, прыёмаў грамадзян, прычым у зручны для іх час. Ва ўсіх дзённых сустрэчах прысутнічаў пэўны фармалізм, таму мы перанеслі іх на вечар, калі большасць людзей вызваляецца пасля працы.

Плануем «узмацніць» і прамыя тэлефонныя лініі: з лютага кожную суботу можна паразмаўляць з кіраўнікамі ЖЭУ, акрамя таго, прадстаўнікі адміністрацыі «выйдуць на сувязь» з грамадзянамі і па будных днях.

— З якімі пытаннямі прыходзяць да Вас на асабісты прыём?

— Хачу адзначыць, што, спадзяюся, дзякуючы актыўнай працы з насельніцтвам, на асабісты прыём прыходзіць не так шмат людзей. Апошні раз, напрыклад, абмяркоўвалі толькі тры пытанні. Сярод наведвальнікаў — кіраўнік ветэранскай арганізацыі напярэдадні яе юбілею, двое незадаволеных працай упраўляючых гаражна-будаўнічым кааператывам і грамадская актывістка, якая змагаецца за недапушчэнне вырубкі зялёных насаджэнняў. Яна збіраецца зарэгістраваць грамадскую арганізацыю і шукае для яе прыдатную «прапіску».

Галоўнае — наладзіць канструктыўны дыялог. Тая ж грамадская актывістка некалькі гадоў таму выступала супраць высякання дрэў дзеля будаўніцтва гасцінічнага комплексу. Маўляў, яго ўзвядуць, а вакол парадку не будзе. Але ў выніку засталася задаволеная, хоць я і бачу моманты, якія трэба дапрацаваць. Ці яшчэ адзін выпадак: доўгі час у тым жа парку не было асвятлення, паскардзіліся на гэта падчас сустрэчы з насельніцтвам — на наступны дзень уключылі. І тут жа — падзячная публікацыя ад жыхароў у сацыяльных сетках. Відаць, што людзі гатовы да супрацоўніцтва.

Звычайна да мяне на прыём прыходзіць па некалькі чалавек. Да 70% усіх пытанняў датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкавання. Заўважыўшы гэтую тэндэнцыю, я вырашыў правесці сустрэчы з усімі старшынямі таварыстваў уласнікаў і жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператыў, на чарзе — кіраўнікі калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Пры гэтым агульная колькасць зваротаў грамадзян у гэтым годзе пачала ісці на спад.

— Якія змены чакаюць раён?

— Ленінскі раён хоць і адносна малады — летась ён адзначыў 65-годдзе, — але ўжо сфарміраваны. Ён умоўна дзеліцца на чатыры часткі: цэнтральную — ад праспекта Незалежнасці да Чырвонаармейскай вуліцы, раён Велазаводскі, Серабранку і Лошыцу. Калі цэнтр і Серабранка ўжо амаль цалкам уладкаваны, то у раёне Велазаводскім мы плануем ушчыльніць забудову за кошт зносу малаэтажных жылых дамоў, а ў Лошыцы і наогул з'явіцца яшчэ каля мільёна квадратных метраў жылля. А гэта каля 70 тысяч насельніцтва, адпаведна, будзе развівацца і інфраструктура. Хутка з'явіцца басейн, веласіпедная і пешаходная дарожкі звяжуць Лошыцу з Серабранкай. Самыя значныя, але пакуль аддаленыя па часе перамены — адкрыццё трэцяга транспартнага кальца і новай лініі метро. Вось тады раён можна будзе назваць ідэальна зручным для жыцця, а гэта менавіта тое, да чаго мы імкнёмся!

Загаловак у газеце: «Галоўнае – наладзіць канструктыўны дыялог»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.