Вы тут

Спадчына Урфін Джуса


У Старым Свеце на поўным сур'ёзе рыхтуюцца да "паўстання робатаў".

Гэтая навіна засталася па-за ўвагай сусветных інфармагенцтваў і прайшла амаль незаўважанай. Я думаю, дарэмна. Мяркуйце самі: дэпутаты Еўрапарламента (ЕП) рыхтуюцца да магчымага захопу робатамі ўлады над людзьмі. Як вам загаловак? Нешта з "Тэрмінатара" скажаце, але між тым насамрэч гэта канстатацыя факту.


Ход паседжання ЕП, як казаў вядомы кінагерой Давід Гоцман у выкананні непаўторнага Уладзіміра Машкова, — гэта проста "карціна маслам".  Прынамсі аб усім па парадку. У Еўрапарламенце  прайшло галасаванне па дакладзе, які змяшчае прапановы, закліканыя перашкодзіць паўстанню  разумных машын. Пры гэтым прыхільнікі роботакаліпсісу перамаглі з вялікай перавагай: 396 супраць 123 пры 85 адсутных дэпутатах. Праўда, некалькі прапаноў, што змяшчаліся ў першапачатковым тэксце дакладу, такіх, напрыклад, як падатак на робатаў і асноўны базавы даход для людзей, якія страцілі працу з-за робатаў, прыйшлося прыбраць з-за супраціву скептыкаў з правага крыла ЕП. Левае крыло, якое ўсведамляе небяспеку разумных машын для чалавецтва, сустрэла падрыўныя дзеянні «робатаўскага» лобі абуранымі крыкамі, свістам і тупатам. 

Такім чынам, еўрапарламентарыі прагаласавалі за меры, якія павінны захаваць кантроль чалавека над робатамі і прадухіліць іх паўстанне. Заканадаўцы спадзяюцца абараніць еўрапейцаў, стварыўшы спецыяльнае кантынентальнае агенцтва, якое будзе займацца ўсімі пытаннямі, звязанымі з робатамі. Акрамя гэтага, дэпутаты хочуць падвесці пад гэтую барацьбу юрыдычную базу. Яны прапануюць надзяліць разумныя машыны юрыдычным статусам, які дазволіць караць іх у тым выпадку, калі яны будуць сябе дрэнна паводзіць або што-небудзь зламаюць. 

Галоўны аўтар дакладу, сацыяліст з Люксембурга Мэдзі Дэлво выказала расчараванне ў сувязі з адмовай большасці калег ад адкрытага абмеркавання наспеўшай праблемы. Зрэшты, і тых, хто вырашыў выступіць, як трапна выразіўся адзін з журналістаў, аказалася дастаткова для аматараў сюррэалізму. Так, Сільвія-Івона Каўфман пайшла далей Дэлво і папярэдзіла прысутных не толькі аб небяспецы крадзяжу робатамі працоўных месцаў у людзей, але і пра рэвалюцыі разумных машын. Такая рэвалюцыя, упэўнена яна, прывядзе да масавага беспрацоўя і паглыбіць разрыў паміж беднымі і багатымі. 

Парламентарыі запатрабавалі ад Еўракамісіі як мага хутчэй распрацаваць збор правілаў і законаў, здольных утаймаваць робатаў. Хоць, вядома, гэта, хутчэй, не патрабаванні, а рэкамендацыі. Як няцяжка здагадацца, пераважную іх большасць выканаўчая ўлада Еўропы проста праігнаруе. Вядома, еўрапарламентарыі далі парады не толькі калегам з ЕК, але і навукоўцам і інжынерам, якія непасрэдна прыдумляюць і ствараюць ўсё новых і новых робатаў. Вельмі важна выключыць магчымасць выкарыстання робатаў у выглядзе зброі. У ідэале яшчэ на стадыі праектавання варта прадугледжваць адмысловую кнопку (функцыю) "не забі". Еўрадэпутатаў трывожыць і перспектыва таго, што з цягам часу робаты дасягнуць настолькі высокай ступені развіцця, што стануць непрадказальнымі. Гэтую небяспеку рэзка ўзмацняе і магчымасць таго, што машыны пачнуць самастойна збіраць інфармацыю — вучыцца аўтаномна ад чалавека. Такое некантралюемае пазнанне рэчаіснасці можа прывесці да непрадказальных наступстваў. 

Вядома, у прыхільнікаў робатакаліпсіса ёсць і праціўнікі. Адзін з такіх "сяброў" робатаў, член ЕП ад Эстоніі Кая Калас заўважыла ў інтэрв'ю часопісу Politico: «Калі мы думаем пра робатаў, зыходзячы з інфармацыі, атрыманай з "Зорных войнаў" і "Тэрмінатара", то мы памыляемся". Зрэшты, нават сярод амаль чатырохсот еўрапарламентарыяў, якія прагаласавалі за тое, каб прыняць даклад аб прадухiленнi магчымасці захопу ўлады робатамі, нямала такіх, хто лічыць страхі моцна перабольшанымі. Напрыклад, еўрадэпутат ад Мальты Тэрэза Камадзіні Кашыя раскрытыкавала прапанову надзяліць робатаў правамі, бо якімі б аўтаномнымі яны ні сталі і якімі б фенаменальнымі здольнасцямі да навучання ні валодалі, у іх усё роўна няма асноўных характарыстык, уласцівых жывым людзям.

Зрэшты, пры ўсім сюррэалізме агульнай тэмы апасенні рэальныя. Некалькі месяцаў таму робат упершыню напаў на чалавека. Гэта адбылося на выставе ў Кітаі. Пікантнасць здарэнню надае тое, што робат Little Chubby («Маленькі таўстун») быў створаны для навучання... дзяцей 4-12 гадоў. Ён па незразумелых прычынах разбіў вітрыну і напаў на мужчыну, які знаходзіўся побач. Таго давялося шпіталізаваць. Як пракаментаваў здарэнне спецыяліст-робататэхнік, такія напады будуць адбывацца і надалей. Разумныя машыны ўкараняюцца ва ўсе сферы і рэальна адсоўваюць людзей. Узяць тую ж Паднябесную. Кітайская кампанія Changying Precision Technology Company, якая спецыялізуецца на вытворчасці мабільных тэлефонаў, замяніла 90% сваіх супрацоўнікаў на робатаў і аўтаматызаваныя сістэмы. Завод карпарацыі праектаваўся з улікам персаналу ў 650 чалавек, цяпер там засталося 60, пры гэтым прадукцыйнасць прадпрыемства павялічылася на 250%! Каб ацаніць эфект ад развіцця тэхналогій і аўтаматызаваных сістэм на сучасных фінансавых рынках, дастаткова ўзгадаць банкаўскага гіганта Goldman. У 2000-я, калі банк быў на піку свайго поспеху, яго трэйдарскі аддзел штаб-кватэры ў Нью-Ёрку ўмяшчаў 600 супрацоўнікаў, якія куплялі і прадавалі акцыі для інстытуцыйных кліентаў.  Цяпер у офісе засталося толькі два трэйдары  па каштоўных паперах. 

Таму, калі чуеце чарговае паведамленне пра верагоднае паўстанне робатаў, не спяшайцеся падносіць палец да скроні. А ў якасці магчымага "рэцэпту" супрацьстаяння разумным машынам можна прапанаваць правераны варыянт з дзяцінства -- з вядомай казкі Аляксандра Волкава. Памятаеце якім чынам паступілі жыхары Зялёнай і Фіялетавай краін з лютымі дубаломамі Урфіна Джуса пасля таго, як перамаглі войска нелюдзімага цесляра? Правільна, выразалі драўляным "робатам" усмешкі на тварах. І дубаломы рэзка памяняліся — сталі добразычлівымі паштарамі, а іх камандзір Лан Пірот і ўвогуле "перакваліфікаваўся" ў выкладчыка танцаў. Быў яшчэ варыянт з робатам Вертэрам з "Госці з будучага", але гэты зусім іншая гісторыя. З вясной усіх!

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.