Вы тут

Як камунальнікі Кобрына змагаюцца з адходамі


Ідзеш на працу і — раз! — нібы мячык у кошык, кідаеш пакет са смеццем у кантэйнер... Для жыхароў Кобрына, дзе дамы не маюць смеццеправодаў, вынас адходаў — рытуал такі ж звыклы, як паход у краму. Каля 85 тысяч чалавек у раёне штогод адпраўляюць у «апошні палёт» прыкладна 35 тысяч тон згаданых пакецікаў. Але падарожжа смецця заканчваецца не тады, калі зачыняецца вечка кантэйнера. Што з ім адбываецца далей — расказваюць спецыялісты прадпрыемства «Кобрынская ЖКГ» і нашы карэспандэнты.


На стан­цыі сар­та­ван­ня ўсё робяць уруч­ную.

«Танцы» на самазвалах

Уладзімір Харламаў кіруе шматтонным грузавіком з упэўненасцю чалавека, які адпрацаваў на тэхніцы 34 гады. Пасля арміі ён уладкаваўся на аўтабазу, а потым перавёўся кіроўцам на ўчастак санітарнай ачысткі і добраўпарадкавання Кобрынскай ЖКГ. Вось і цяпер мы едзем забіраць чарговы груз у раён шматпавярховак. Жыхароў там многа, таму на пляцоўцы ўсталяваны вялікі дванаццацікубовы кантэйнер. Працэс загрузкі займае ад сілы хвілін пяць. З грузавіка на зямлю апускаецца пусты металічны бак, а на яго месца механічная «лапа» мультыліфта зацягвае напоўнены кантэйнер. З 17 машын гаспадаркі падобнае ноу-хау пакуль маюць тры.

У павароты Уладзімір упісваецца філігранна, хоць навічку тут давялося б папацець. Праезд, асабліва ў кварталах старой забудовы, вельмі вузкі, а тут яшчэ і ўладальнікі машын застаўляюць двары так, што да пляцоўкі са смеццем не падабрацца.

— Часам прыедзеш — і ўсё, застапарыўся, бо пакуль знойдзеш гаспадара машыны, пройдзе шмат часу. Раз'язджацца «ўпрытык»? Дык боязна пашкодзіць чужую маёмасць. — кажа Уладзімір. — Вырашаць праблемы такога кшталту вучышся з часам. Звычайна цяжкасці з праездам здараюцца ў больш старых раёнах. Каля новабудоўляў праекціроўшчыкі пакідаюць месца для манеўраў.

Па горадзе смеццявозы выязджаюць штодзень. У вёскі экіпаж з кіроўцы і грузчыка адпраўляецца раз на тыдзень. Калі вёсачка глухая і народу там жыве мала, то камунальнікі забіраюць кантэйнер па меры назапашвання адходаў — прыкладна адзін раз на месяц.

Нас усіх трэба вучыць

На ўездзе на тэрыторыю ўчастка санітарнай ачысткі грузавік узважваюць. Напоўнены вялікі кантэйнер змяшчае 1,2 — 1,9 тоны бытавых адходаў, і ўсе яны становяцца часткай рознакаляровай гары, што высіцца перад станцыяй сартавання. Пра асобны збор смецця ў нас ведаюць нават дзеці, вось толькі па змесціве кантэйнераў гэтага не скажаш.

— Заўсёды ёсць 10 працэнтаў людзей, што сартуюць смецце і будуць рабіць гэта далей. Ёсць 10 працэнтаў, якіх не ўгаворыш на асобны збор ніякімі сіламі. А вось за астатнія 80 працэнтаў трэба змагацца, бо яны могуць памяняць сваё стаўленне, — кажа начальнік участка санітарнай ачысткі і добраўпарадкавання Анатоль Сацык. — І калі працэнт свядомых будзе расці, тады і нам будзе прасцей і хутчэй працаваць. Мы станем, умоўна кажучы, раскладваць пакеты па кучках, а не перабіраць змесціва кожнага.

Пакуль жа з кожнай тоны непатрэбных рэчаў работнікі станцыі выбіраюць прыкладна 13 працэнтаў другаснай сыравіны. Усяго ж лінія сартавання ў Кобрыне разлічана на перапрацоўку да 5 тысяч тон смецця за год.

— Асобна збіраем небяспечныя адходы: напрыклад, людзі часта выкідваюць батарэйкі не ва урны, якія стаяць у крамах, а ў агульны кантэйнер. Ёсць на станцыі спецыяльныя месцы для лямпаў, што змяшчаюць ртуць, для адпрацаваных масел... Усё гэта мы здаём на прадпрыемствы, якія могуць іх бяспечна ўтылізаваць.

Тое, што не ўдаецца скарыстаць другі раз, хаваецца пад зямлю. Але вось што дзіўна: калі на станцыю сартавання прыязджаюць чатыры самазвалы, то ў бок палігона цвёрдых бытавых адходаў выпраўляецца толькі адна машына. Куды «выпараецца» астатняе смецце, тлумачыць Анатоль Сацык:

— Самазвалы прывозяць усе бытавыя адходы на станцыю сартавання, дзе з груза выбіраецца другасная сыравіна, а астатняе смецце спрэсоўваецца. Вось і маем, што смеццявоз, які ідзе ў бок палігона, адвозіць не 2 тоны адходаў, а 6 тон. Такім чынам мы эканомім прыкладна 35 літраў «саляркі» ў дзень. Памножце гэту лічбу на колькасць працоўных дзён за год, потым — на кошт дызельнага паліва, і атрымаецца лічба, большая за 10 тысяч рублёў.

Месца, дзе ўсё знікае

На палігон цвёрдых бытавых адходаў каля вёскі Каташы выпраўляемся ў кампаніі Людмілы Харламавай, нявесткі Уладзіміра. У Кобрынскай ЖКГ дынастыі працаўнікоў не рэдкасць, але тут выпадак унікальны. Людміла выбрала прафесію кіроўцы, як свёкар і муж, і цяпер з'яўляецца ці не адзінай жанчынай у нашай краіне, якая займаецца такой працай. Прычым свой выбар зрабіла не пад уплывам абставін, а праз... покліч душы.

— Бацька, які развозіў на самазвале будаўнічыя матэрыялы, часта браў мяне да сябе на работу. Так і заўважыла, што пазіраць на дарогу з кабіны грузавіка — захапляльна.

Людміла выйшла замуж, нарадзіла дзяцей і... у дэкрэтным водпуску атрымала жаданую катэгорыю. Потым прайшла стажыроўку на працы побач з мужам, а чатыры гады назад перасела на новенькі грузавік. Напачатку рэакцыя ў тых, хто бачыць жанчыну за рулём самазвала, бывае розная, ад «ну і малайчына!» да «яна, пэўна, з галавой не сябруе!». Але людзі прывыклі з часам, а начальства наогул ставіць яе ў прыклад іншым кіроўцам.

За размовай неўпрыкмет збочваем да Каташоўскага палігона. Па плошчы ён займае прыблізна 7 гектараў і для непадрыхтаванага назіральніка выглядае, бадай, страшнавата. Бульдозер раўняе слой смецця, які потым засыпаецца 20-сантыметровым слоем зямлі і г. д. Слаёны «бутэрброд» расце сярод лесу з канца 60-х гадоў. Анатоль Сацык мяркуе, што вялікую плошчу і аб'ём захаванага смецця можна скарыстаць з выгадай. Напрыклад, распрацаваць праект па здабычы метану, што ўтвараецца на такіх палігонах.

— Пакуль жа будзем трымацца больш жыццёвых планаў, — лічыць ён. — Мы пастаянна кантактуем з Маларыцкай, Жабінкаўскай, Драгічынскай, Пружанскай жыллёва-камунальнымі гаспадаркамі. Дзелімся навінкамі, абменьваемся вопытам. У некаторых суседзяў лініі сартавання пакуль няма, але яны ўжо могуць ацаніць, наколькі эканамічна выгадна яе выкарыстанне. Наогул, нашу работу нехта можа палічыць спецыфічнай, але ж яна патрэбная, карысная.

Люд­мі­ла Хар­ла­ма­ва пра­цуе тут кі­роў­цам.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН


У тэму

Мінпрыроды спрашчае ўмовы

Першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна, у прыватнасці, адзначыла, што цяпер у іх ведамстве плануецца скараціць пералік адміністрацыйных працэдур, у першую чаргу ў галіне нетракарыстання і абыходжання з адходамі. «Мы зараз актыўна працуем з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, каб палегчыць ім працэдуру ўзгаднення інструкцый па абыходжанні з адходамі», — удакладніла пазіцыю міністэрства Ія Малкіна.

Таксама цяпер эксперты міністэрства аналізуюць, ці магчыма адмовіцца ад ліцэнзавання, якое ў нас ажыццяўляецца па двух напрамках — абыходжанне з адходамі і азонаразбуральныя рэчывы. «Неабходна прааналізаваць нашы міжнародныя абавязацельствы, у першую чаргу ў ЕАЭС, каб вызначыць, наколькі мы можам у аднабаковым парадку змяніць тыя ці іншыя працэдуры», — растлумачыла першы намеснік міністра.

Акрамя таго, спецыялісты Мінпрыроды займаюцца сёння вывучэннем тэхнічных нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць розныя напрамкі: ахову азонавага слоя, аднаўляльныя крыніцы энергіі, абыходжанне з адходамі, ахову атмасфернага паветра, ахову і выкарыстанне вод. «Мы прааналізавалі, у якіх тэхнічных нарматыўна-прававых актах ёсць абавязковыя патрабаванні, а ў якіх добраахвотныя. Зараз плануем вывучыць, наколькі неабходна з пункту гледжання выканання міжнародных абавязацельстваў выканаць абавязковыя патрабаванні. Добраахвотныя застануцца нязменнымі», — цытуе Ію Малкіну БЕЛТА.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Скарбы сярод смецця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».