Вы тут

Парады будучым журналістам


Сёння хацелася б пагаварыць пра стасункі. Дакладней, пра іх культуру. Цяпер нашы юныя і маладыя няштатныя аўтары практычна не дасылаюць у рэдакцыю звычайных лістоў у канверце. Нормай стала карыстацца электроннай поштай. Хіба толькі часам, калі творчую работу вучню найперш малодшых класаў дапамагала аформіць настаўніца са школы, мы можам атрымаць «пробу пяра» ў тым самым канверце. Ды і тое ў яго будзе ўкладзены не рукапісны тэкст, а раздрукоўка з камп'ютара і дыскета з патрэбным файлам. Як бы там ні было, але карыстанне сучаснымі сродкамі камунікацыі не адмяняе вышэйзгаданую культуру стасункаў, якая была і застаецца абавязковай пры пісьме рукой. Будучыя журналісты, памятайце, што вам давядзецца звяртацца да службовых асоб, а значыць, трэба прытрымлівацца дзелавога стылю. Таму сёння спынімся на вашых «паролях» да яго.


Некаму можа падацца, што гаворка ідзе пра прапісныя ісціны. Так яно і ёсць. Але ж усе ведаюць выраз «звычка — другая натура»? А некаторыя з іх трэба мяняць. У сеціве вы можаце перапісвацца пад рознымі нікамі, пры звароце ж у рэдакцыю (як і ў далейшым пры афіцыйных стасунках з рознымі службовымі асобамі) трэба цалкам называць сваё імя, прозвішча. Увогуле добрым тонам будзе даць некалькі радкоў інфармацыі пра сябе: у якой школе, якім класе юны ці малады няштатны аўтар вучыцца, чым захапляецца, ці мае вопыт напісання матэрыялаў у газету. Абавязкова пакідайце любы кантактны нумар тэлефона — стацыянарнага ці мабільнага.

Дарэчы, журналісцкія матэрыялы павіны быць падпісаны ў канцы імем і прозвішчам аўтара. Нярэдка ж бывае, што яго няма, ёсць толькі адрас электроннай пошты, ды і тое часта — не ўласна самога няштатніка, а агульны школьны ці асабісты настаўніка.

Разабрацца ў такіх хітраспляценнях складана, а калі ідзе паток зваротаў, працэс займае яшчэ і шмат часу.

Матэрыялы ў рэдакцыі пры падрыхтоўцы да друку апрацоўваюцца ў пэўным фармаце, таму тэксты трэба дасылаць у фармаце RTF, кожную фатаграфію — асобна прымацаваным да пісьма файлам, пра што мы ўвесь час нагадваем. Перафармаціраванне займае час. Не трэба дасылаць патэнцыяльную публікацыю, заархіваваную ў фармаце RAR ці ZІP, як школьны рэферат. Дарэчы, гэта ж датычыцца не толькі электронных пасланняў, але і памянёных вышэй пасланняў у канвертах: залішне афармляць «пробу пяра», як навуковую працу — з указаннем на тытульным лісце кіраўніка, спасылкі на раённы аддзел адукацыі.

Асобная размова пра адрасы электроннай пошты — яшчэ адзін важны «пароль» для вас. Для стасункаў з равеснікамі падыдуць любыя, прыдуманыя вамі. Калі ж атрымліваеш допісы ў рэдакцыю і чытаеш, што атрымаў пасланне ад «таццянкі» ці «юляшачкі», гэта выклікае здзіўленне. Уявіце, што вы пры падрыхтоўцы матэрыялу ў якасці журналіста мусіце звярнуцца праз электронную пошту па дапамогу да чыноўніка. Як думаеце, гэта акалічнасць надасць вам сур'ёзнасці? Але і выкарыстоўваць грувасткую абрэвіятуру таксама не варта. Незнаёмы і незразумелы адрас, ды яшчэ пры адсутнасці фотаздымка, успрымаецца як спам. Лепш у якасці адраса электроннай пошты выкарыстоўваць уласнае прозвішча. Што датычыцца фатаграфіі, яна таксама павінна быць больш-менш сур'ёзнай.

Калі мы пішам ліст ад рукі, пасланне заўсёды пачынаецца з прывітання, а заканчваецца развітальнымі словамі, так? Чамусьці пры стасунках праз электронную пошту многія нашы аўтары ігнаруюць гэты момант.

Калі табе адказалі, заведзена дзякаваць за гэта, нават калі прагучалі словы крытыкі. Зноў жа многія не лічаць патрэбным так рабіць, дэманструючы, прабачце, узровень выхаванасці. Зразумела, часу ў будучых абітурыентаў зараз бракуе, але аператыўна напісаць некалькі радкоў можна заўсёды. Часта некаторыя аўтары пасля звароту ў рэдакцыю знікаюць «у невядомым напрамку» на некалькі месяцаў, каб потым гэтак жа «раптоўна» ўзнікнуць зноў. Фамільярнасць, карані якой ідуць з прастораў сеціва, таксама недапушчальная. Запомнілі патрэбныя «паролі»?

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вашы паролі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якія меры прымаюцца, каб не дапусціць трагедый на чыгунцы?

Якія меры прымаюцца, каб не дапусціць трагедый на чыгунцы?

Карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў рэйд разам з супрацоўнікамі МУС.

Грамадства

Як не заблукаць у лесе і што рабіць, калі гэта адбылося?

Як не заблукаць у лесе і што рабіць, калі гэта адбылося?

Каб «ціхае паляванне» не стала пошукавай аперацыяй.